“Настаўнікам запасу” так і не стаў!» Вадзім Шпетны (Маларыта)

Вадзім Шпетны – асоба вядомая не толькі на Маларытчыне і Брэстчыне, але і ў рэспубліцы. Таму асаблівай патрэбы прадстаўляць Вадзіма Паўлавіча няма. Аднак нагадаем, што ён – пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2001”, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2006). У 2004 годзе Вадзім Паўлавіч завочна скончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З 11 мая 2009 г. па 11 мая 2018 г. працаваў намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама. Ён тройчы выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета ад Маларыцкай выбарчай акругі, працаваў у Пастаяннай камісіі па сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

У 1994 годзе Вадзім Шпетны з адзнакай закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці “Геаграфія. Біялогія”. Працоўную дзейнасць пачынаў ў роднай Ланской СШ. Шчыраваў настаўнікам геаграфіі, пасля – сацыяльным педагогам і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. За час працы ў Ланской СШ (з 1994 па 2009 гг.) Вадзім Шпетны правёў  мноства ўрокаў. І кожны з іх па-свойму быў цікавым, запамінальным. Настаўнік заўсёды імкнуўся матываваць вучняў да вучобы, усведамляючы, што матыў – гэта тое, што скіроўвае да набыцця ведаў. Вадзім Паўлавіч пастаянна задумваўся, як пабудаваць урок так, каб зацікавіць вучняў, зрабіць іх не пасіўнымі гледачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі навучальнага працэсу. Ён адказна падыходзіў да выбару метадаў, прыёмаў і форм работы, каб павысіць якасць адукацыі.Між іншым, вучні Вадзіма Паўлавіча з 1999 па 2006 гады шэсць разоў былі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Сваім багатым вопытам Вадзім Шпетны не раз дзяліўся на старонках прадметных часопісаў (мае больш за 20 метадычных публікацый). А  яшчэ  яго можна смела назваць навукоўцам. У 2012 годзе ў сталічным выдавецтве “Экаперспектыва” ўбачыў свет дапаможнік Вадзіма Шпетнага “Геаграфія. У ІІ частках. Частка І. Фізічная геаграфія”. Ён напісаны ў сааўтарстве з Яўгенам Мяшэчкам, кандыдатам геаграфічных навук, прафесарам кафедры геаграфіі Беларусі БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Як член клуба  “Крыштальны журавель”, ужо ў статусе настаўніка года Вадзім Шпетны пяць  разоў прымаў удзел  у семінарах-акцыях “Настаўнік года – адукацыі рэгіёна”, праводзіў майстар-класы, даваў адкрытыя ўрокі для педагогаў краіны.

Працуючы на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама, Вадзім Шпетны не забываў пра школу, не губляў сувязі з ёю. Напрыклад, у пачатку сакавіка 2013 года, калі на Маларытчыну прыязджаў клуб “Крыштальны журавель” з метадычным семінарам, ён правёў адкрыты ўрок па геаграфіі для педагогаў Маларыцкага раёна. Затым быў першы ўрок першага верасня 2015 года у 11 класе. А ў пачатку мая 2016 года Вадзім Паўлавіч правёў яшчэ адзін адкрыты ўрок для настаўнікаў і вучняў дзясятых класаў Маларыцкай раённай гімназіі.

— Вадзім Паўлавіч, чаму ўсё ж такі пакідалі школу? – цікаўлюся ў Вадзіма Шпетнага.

— Неяк прачытаў аб тым, што японцы рэкамендуюць чалавеку кожныя 5-7 гадоў мяняць сферу дзейнасці. Мне хацелася развівацца далей, паспрабаваць сябе ў іншым накірунку. На той момант свядома ішоў на меншы заробак,  чым мог бы атрымліваць настаўнікам. У мяне былі пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, я чытаў лекцыі ў Мінску і ў Брэсце. Мне плацілі нядрэнныя надбаўкі. Таму адназначна сыходзіў у іншую сферу дзейнасці не па матэрыяльных прычынах, — дзяліўся думкамі мой субяседнік.

У адным з інтэрв’ю у Вадзіма Шпетнага я спытаўся:

— Вадзім Паўлавіч, а ці не шкадуеце, што пакінулі школу, у якую столькі ўклалі, ці не сумуеце па ёй?

— Па праўдзе, пакуль няма калі… Аднак ад школы далёка не адышоў, ад яе пакуль не адарваўся, бо з настаўнікамі сустракаюся кожны дзень, вырашаю іх пытанні. Але бывае настальгія па настаўніцкім адпачынку. А часам хочацца ўвайсці ў клас як просты вясковы настаўнік, пастаяць ля карты з указкаю, крэйдаю ля дошкі і даць самы звычайны ўрок. А яшчэ – глянуць у вочы дзяцей,  адказаць на іх пытанні і проста шчыра пагаварыць пра ўсё на свеце. Я ў душы, напэўна, назаўжды застануся настаўнікам, бо з прафесіяй звязаны не адною сотняю ніцяў. І так проста яна мяне не  адпусціць. Гэта мая стыхія. Вось толькі жыццё ўнесла свае карэктывы.

Прарочымі сталі яго словы. Так склаліся абставіны, што праз  дзевяць гадоў Вадзім Шпетны, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, усё ж такі вярнуўся ў школу. Спачатку адзін навучальны год ён працаваў у СШ №2 г. Маларыты,  а з 1 верасня 2019 – у Маларыцкай раённай гімназіі, дзе выкладае геаграфію.

— Як сустрэла вас школа? – не магу не пацікавіцца ў Вадзіма Паўлавіча.

— Другі раз, калі можна так сказаць, у прафесію ўвайшоў лёгка і без асаблівага хвалявання. За плячыма быў вопыт, стаж работы, настаўніцкая сям’я… Склалася ўражанне, што ў клас вярнуўся пасля чарговага летняга адпачынку. Адзінае, што стала іншым, дык гэта колькасць вучняў у класе. У Ланской СШ, дзе працаваў раней, у класах рэдка было больш за 15 вучняў, а ў раённай гімназіі – па 20-25, а то і больш.

— За дзевяць гадоў школа, напэўна, змянілася?

— Я б сказаў, што змянілася не школа, а адносіны да школы з боку грамадства, бацькоў, вучняў. На жаль, у некаторых выпадках гэта прыводзіць да негатыўных наступстваў. Лічу,  што ў цэнтры адукацыйнага працэсу павінен стаяць настаўнік, а не “папера”. Безумоўна, ён павінен быць добра падрыхтаваным, валодаць неабходнымі кампетэнцыямі, вы­сокімі маральнымі якасцямі, мець матэрыяльныя стымулы працы. У сваёй большасці настаўнікі — вельмі адказныя людзі, а залішняя рэгламентаванасць адукацыйнага працэсу прыносіць больш шкоды, чым карысці, не садзейнічае раскрыццю патэнцыялу педагогаў. Лічу памылковым крокам адмену ўступных экзаменаў пры паступленні ў гімназіі, не адпавядаюць сваёй мэце (як успрымалі іх мы!) школьныя экзамены ў сучасным выглядзе. Ёсць яшчэ многа праблемных момантаў.

На маю думку, неабходна больш прыслухоўвацца да меркаванняў практыкаў, тых, хто непасрэдна кіруе ўстановамі адукацыі, вырашае надзённыя пытанні, вядзе метадычную работу, працуе ў класах.

— На вашу думку, хто можа з дакладнасцю вызначыць прафесіяналізм педагога?

— Педагог павінен мець бясспрэчны аўтарытэт у вучня. Прафесіяналізм настаўніка могуць вызначыць толькі тыя, для каго ён штодзённа працуе. Найперш – гэта вучні. Яны з’яўляюцца своеасаб­лівым каталізатарам  прафесіяналіз­му любога педагога. Па-другое – настаўнікі,  мае калегі, якія кожны дзень уваходзяць у клас і імкнуцца цікава і даступна выкладаць свой прадмет. Лічу, што прафесiяналiзм педагога – галоўная перадумова якасцi адукацыi.

— Вадзім Паўлавіч, ці збірае­цеся вярнуцца да актыў­най дзейнасці ў клубе “Крыштальны журавель”?

— Першыя крокі ў гэтым накірунку ўжо зроблены. У мінулым годзе, напрыклад, прымаў удзел у рэгіянальным этапе Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных іна­вацый, які праходзіць на базе Іванаўскага раёна, дзя­­ліўся вопытам работы на рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства, які праходзіў у Ака­дэміі паслядыпломнай аду­кацыі,  праводзіў майстар-клас у Драгічынскім раёне і інш.   

— А  які,  на ваш погляд,  павінен быць вучэбны дапаможнік, напрыклад, па геаграфіі для сучасных вучняў?

— Я думаю, што ў кожнага настаўніка ёсць свае погляды на тое, якім павінен быць сучасны вучэбны дапаможнік. Лічу, што самая галоўная яго якасць — даступнасць. Ён павінен быць зразумелым і цікавым у першую чаргу вучням, выклікаць у іх жаданне пагартаць старонкі, пачытаць тэкст, выканаць заданні, якія прапануюцца. Нездарма ён называецца “падручнік” — гэта кніга, якая павінна быць заўсёды побач, “пад рукой”, якая дапаможа знайсці адказы на розныя пытанні па прадмеце, які вывучаецца. Напісаць такі вучэбны дапаможнік складана, бо для гэтага патрэбны вопыт работы непасрэдна ў класе,  жаданне,  матэрыяльныя выдаткі, грунтоўная эксперыментальная праверка і інш.

— Вадзім Паўлавіч, якое ваша жыццёвае крэда?

— Асабісты прыклад і пастаяннае самаўдасканаленне.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 18
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!