Чым жывеш вёска Добрае? ці Добрая справа Святланы Пацурай (Маларыцкі раён)

Вёска з пазітыўнай назвай Добрае знаходзіцца на адлегласці каля трыццаці кіламетраў ад Маларыты і пражывае тут усяго толькі трынаццаць чалавек. Сёння вёсачка – гэта некалькі драўляных хат, якія стаяць на адной вуліцы.  Духмяная  чэрвеньская раніца незаўважна пераходзіць у дзень. Хутка поўдзень. Парыць. На вуліцы ніводнай душы. Толькі на поплаве шчыплюць сакавітую траву дзве козачкі з казлянятамі. Над вёскай вісіць незвычайная і пранізлівая цішыня.

Адны з маладых жыхароў Добрага – гэта шматдзетная сям’я Свят­ланы і Фёдара Пацурай, якія выхоўваюць траіх дзетак. Двое ста­рэйшых хлопцаў за­кончылі Арэхаўскую сярэднюю школу і далей працягваюць вучобу ў Маларыце і Брэсце. Малодшая дачушка На­талля —  руплівая памочніца матулі па гаспадарцы, якая, дарэчы, зусім не маленькая. Апрацоўваюць Пацураі гектар зямлі, на якой вырошчваюць бульбу, зерневыя культуры, агародніну, у цяпліцы зелянеюць агуркі, пад­растаюць памідоры, у хлеўчуку рохкаюць рахманыя падсвінкі, на падворку ходзяць куры. Раней трымалі і карову, але прадалі. Як гаворыць Святлана Мікалаеўна,  шкада было развітвацца з карміцелькай, але так склаліся абставіны.

Для Марыі Сымонік Святлана Пацурай стала родным чалавекам

— У мяне муж інвалід з дзяцінства,  мае другую групу, — тлумачыць Святлана Мікалаеўна. – Па стане зда­роўя ён не можа займацца цяжкай фізічнай працай, таму шмат жывёлы не трымаем. Апрацоўваць зямлю дапамагаюць сваякі майго Фёдара.

Святлана Мікалаеўна трэці год працуе сацыяльным ра­ботнікам, абслугоўвае 6 чалавек, чацвёра з якіх жывуць у Добрым і двое – у Перавым. Па спецыяльнасці жанчына медыцынская сястра. Калі ў 1998 годзе скончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча, па размеркаванні прыехала на першае месца працы ў Олтуш.

— Сама я родам з Кобрынскага раёна, — працягвае гаворку сацыяльны работнік. – З вёскі Кастрычнік. Так склаўся лёс, што я спаткала Фёдара. У 2000-м годзе мы пабраліся шлюбам. 29 кастрычніка споўніцца дваццаць гадоў, як мы разам.

Сям’я Пацурай вельмі друж­ная, жывуць яны ў ладзе ды згодзе, заўсёды падтрымліваючы адзін аднаго.

— Фёдар ніколі не адмаўляе мне, калі па рабоце патрэбна дабрацца ў райцэнтр або ў Перавое ці Арэхава, — расказвае Святлана Мікалаеўна. – Вось і ўчора ён адвёз мяне на аўтамабілі ў Маларыту, дзе я набыла неабходныя прадукты для сваіх падапечных, купіла ў аптэцы патрэбныя лекі.

Святлана Пацурай – жанчына незвычайная,  з першых хвілін знаёмства яна лі­таральна прыцягвае да сябе. Пра сваю работу яна распавядае ціхім і спакойным голасам, у якім няма ні кропелькі раздражнення, наадварот, у кожным слове адчуваецца любоў і спагада да сваіх падапечных. Для  сацыяльнага работніка дзядулі і бабулі даўно ўжо сталі роднымі людзьмі,  да якіх яна кожны дзень спяшаецца па поклічу свайго сэрца,  а не таму, што гэта яе службовы абавязак. Аднойчы грэчаскі старац Паісей сказаў: “Чалавек адчувае радасць, калі робіць дабро”. А свае добрыя справы ў вёсцы Добрае і Перавое Святлана Мікалаеўна здзяйсняе кожны дзень. Можа, таму і выпраменьваюць яе вочы шчасце і незвычайнае святло, што сагравае душу спагадай і любоўю. Для дзядуль і бабуль яна і сапраўды сонечны праменьчык, што аздабляе іх няпростае жыццё цеплынёй.

— Ведаеце, калі толькі ўладкавалася ў сацыяльную службу, вельмі хвалявалася, думала, што нічога ў мяне не атрымаецца, — прызнаецца Святлана Мікалаеўна. – Але неяк адразу ўдалося наладзіць кантакты з усімі падапечнымі.

Святлану Мікалаеўну з яе перажывааннямі зразумець можна. Не кожны чалавек, нават калі ён і сацыяльны работнік, у стане адчуць чужы боль, прыняць старога і нямоглага чалавека ў сваё жыццё і нават стаць часткай яго лёсу. У Святланы Мікалаеўны – чулая і спагадлівая душа, вялікае і добрае сэрца.

— Святлану мы называем не інакш, як наша дачушка, — гаворыць Іван Бягеза, у якога за плячыма 86 гадоў няпростага жыцця. – Уласныя дзеці даўно пакінулі бацькоўскае жытло, разляцеліся па свеце. Зараз у іх сваё жыццё, свае клопаты, хаця і пра нас, бацькоў, не забываюць, наведваюцца. Святлана для нас таксама стала роднай. Бачымся штодзень. Яе хата праз дарогу стаіць.

У свае 86 гадоў Іван Бягеза займаецца пчоламі

— Сапраўды, яна для нас, як наша дзіцятка, — уступае ў размову жонка Івана Аляксеевіча Лідзія Рыгораўна. – Сёння з самай раніцы Святланка завіхаецца ў нашай хаце. Прыбрала ў пакоях, падмяла, вытрусіла ходнікі. Зварыла абед і пліту памыла. 24 чэрвеня мне споўніцца  90 гадоў ужо. Ногі амаль не ходзяць. Іван Аляксеевіч крыху дужэйшы. Па двары яшчэ спраўна тупае, свой пчальнік трымае. А Святлана Мікалаеўна для нас, старых ды нямоглых, як сапраўдны зямны анёл-ахоўнік. На днях дзядулі стала вельмі дрэнна, дык яна хуткую дапамогу выклікала і ўвесь час не адыходзіла ад Івана Аляксеевіча. Яна не з тых людзей, якія адпрацавалі свой працоўны час і больш ведаць нікога не хочуць. Святлана і позна ўвечары зазірне, пацікавіцца, як самаадчуванне, пасядзіць, пагаворыць. А што нам, пажылым лю­дзям, яшчэ патрэбна, акрамя добрага слова і пад­трымкі блізкага чалавека.

 

Іван Аляксеевіч і Лі­дзія Рыгораўна пра­жы­лі доўгае жыццё, напоўненае радасцямі і нягодамі. Прайшлася па сцяжынцы іх лёсу страшная вайна, спаўна яны зведалі, што такое голад і страх смерці, і да сённяшніх дзён успрымаюць жыццё, як найвышэйшы дар. Таму і ставіцца да сваіх падапечных Святлана Пацурай з асаблівай пяшчотай.

— У Перавым у мяне ёсць яшчэ адна сямейная пара, — расказвае пра сваю работу жанчына. – Гэта Якаў Мацвеевіч і Марыя Трафімаўна Бягеза,  якім таксама мінула за семдзесят гадоў. Да іх я паеду заўтра. Сёння ў планах наведацца да Марыі Сымонік і Кацярыны Бягеза. Жанчынам па 79 гадоў і яны таксама маюць патрэбу ў доглядзе.

Некалькі гадоў таму  ў Святланы Мікалаеўны здарылася вялікая бяда: памерла маці. Каб бацька не заставаўся ў самоце, дачушка забрала яго да сябе. Так шэсць гадоў таму ў Добрым з’явіўся яшчэ адзін жыхар – Мікалай Сяргеевіч Казлоўскі.

Такіх сімпатычных трусоў гадуе Мікалай Казлоўскі

— Бацька жыве ў хаце, якая некалі належыла родзічам майго мужа, — распавядае Святлана Мікалаеўна. – Нягледзячы на свой узрост, а яму каля 80-ці гадоў, разводзіць трусоў, гадуе казлянят і дапамагае нам па гаспадарцы. Без працы сядзець не можа, хоць мы і сварымся на яго, перажываем за свайго дзядулю. Канечне, нам усім спакойна на душы, калі ён побач з намі.

— З распаўсюджваннем каро­навіруса нешта змянілася ў вашай працы? – цікаўлюся ў Святланы Пацурай.

— Прынцыпова – не. Як працавалі, так і працуем, — адказвае сацыяльны работнік. – Абавязкова карыстаемся дэз­сродкамі,  пастаянна мыем рукі, носім маскі, пальчаткі. – Спачатку адчувалася нейкая нервознасць сярод пажылых, якія больш хваляваліся за сваіх дзяцей ды ўнукаў. Стараюся растлумачыць сваім бабулям і дзядулям,  што галоўнае – гэта прафілактыка і ніякіх стрэсавых сітуацый. Ва ўсіх падапечных таксама ёсць у наяўнасці павязкі,  дэзсродкі. Хаця многія з іх нікуды не выходзяць. Прадукты і лекі як дастаўляла ім раней, так дастаўляю і зараз. Трэба толькі беражліва адносіцца адзін да аднаго і не паленавацца, а лішні раз патэлефанаваць ці зазірнуць да чалавека і пацікавіцца, як ён маецца.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 19
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!