У ІНТАРЭСАХ СПАЖЫЎЦОЎ

Традыцыйна райспажыў­таварыства ў сакавіку праводзіць выніковы справаздачны сход. Адбыўся ён і сёлета. З дакладам выступіла старшыня праўлення Алена Цімашэнка. У першую чаргу Алена Аляксандраўна адзначыла, што вынікі работы таварыства за 2011 год у цэлым нядрэнныя, што кааператары стараліся працаваць у інтарэсах спажыўцоў. За 2011 год было прададзена насельніцтву тавараў на 71,5 мільярда рублёў. Што датычыцца таго, якой прадукцыі большую перавагу аддаюць людзі, то тут на першым месцы беларускія тавары, таму што і кошт прымальны, і якасць добрая”.
У сваім дакладзе Алена Цімашэнка закранула рабоу ўсіх галін, прааналізавала станоўчыя і адмоўныя бакі. Калі гаварыць у цэлым, дык амаль усе намечаныя на 2011 год планы райспажыўтаварыства выканала, але, безумоўна, ёсць яшчэ шмат над чым працаваць. Старшыня праўлення таксама адзначыла магазіны, што добра працуюць. Прыемна, што сярод такіх ёсць і вясковыя магазіны. У 2011 годзе райспажыўтаварыства не адзін раз арганізоўвала шматлікія кірмашы, акцыі, выязны гандаль, што таксама прынесла немалы прыбытак. Кіраўніцтва спадзяецца, што такая форма гандлю будзе паспяховай і далей. У канцы свайго выступлення Алена Аляксандраўна падзякавала ўсім працаўнікам за іх нялёгкую працу, пажадала далейшых поспехаў, і, безумоўна, паставіла задачы на новы год. І галоўная з іх – гэта вытрымаць канкурэнцыю, фарміраваць эфектыўную палітыку гандлю, а таксама аднавіць работу ўнівермага.
На сходзе высту­пілі і іншыя работнікі райспажыў­таварыства – старшыня рэвізійнай камісіі Вадзім Улезла, старшы прадавец Арэхаўскага магазіна Людміла Заруцкая, якая адзначыла, што перавод іх магазіна на сістэму самаабслугоўвання значна палепшыў гандаль; упраўляючы Маларыцкага аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Аляксандр Тарасаў, старшы прадавец магазіна “Гарачы хлеб” Валянціна Коцелева, прадавец аўтамагазіна № 33 Ніна Наўрось. Старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Губей, які прысутнічаў на сходзе, у сваім выступленні адзначыў: “Радуе тое, што наша райспажыўтаварыства па выніках работы за мінулы год на пятым месцы ў вобласці».
Пётр Вікенцьевіч закрануў самыя набалелыя, напэўна, для людзей пытанні: работу аўталаўкі (каб тавары заўсёды былі свежыя і добрай якасці), пытанне аднаўлення работы нарыхтоўчых ларкоў, якія былі раней, а таксама пытанне збыту бульбы (у людзей шмат бульбы, а вось няма куды яе дзець) і шмат іншага.
Затым для ўдзельнікаў сходу быў дадзены канцэрт, які падрыхтавалі самі ж работнікі райспажыўтаварыства.
Анастасія Максімук.
На здымку: у час сходу.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!