Пляжны футбол у Маларыце: феерыя эмоцый і добры адпачынак (фота, вынікі)

На пляжнай спартыўнай пляцоўцы ў гарадскім парку Маларыты 25 ліпеня  прайшоў чэмпіянат раёна па пляжным футболе сярод мужчынскіх каманд 2020 года. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства выступіла галоўны спецыяліст райвыканама Ганна Карацінская пры падтрымцы раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна.
За права называцца лепшай і кубак спаборніцтва змагалася дзесяць каманд прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Маларыты, а таксама каманды з в.Мельнікі і аг.Хаціслаў. Гульні чэмпіянату раёна праходзілі па кругавой сістэме ў дзвюх падгрупах пры падтрымцы шматлікіх балельшчыкаў. За час правядзення мерапрыемства было сыграна 25 матчаў.
У групе “А” ў тройку лідараў увайшлі каманды “Юнацтва” (І месца),  “БРСМ” (ІІ месца) і “Цэнтральная раённая бальніца”, у групе “В” –  “СДЮСШАР” (І месца),  “Кансервавагароднінасушыльны камбінат” (ІІ месца),  “Хаціслаў” (ІІІ месца). Усе прысутныя з нецярпеннем чакалі фіналу спаборніцтва. 
Па словах галоўнага сакратара спаборніцтва Таццяны Міхайлоўскай, у матчы за першае-другое месцы каманда “Юнацтва”, за якую ігралі Дзяніс Сапожнік (капітан), Яўген Назарук, Іван Галавей, Кірыл Галоўчык, Вадзім Барысевіч, Аляксей Лялько, Кірыл Касьянка, Радзівон Кавальчук, Арцём Саўчук, Максім Гаральчук, Уладзіслаў Гадун, Антон Саўчук і Андрэй Андрэеў, сустракалася з “СДЮСШАР”, выйграла ў яе і стала пераможцам спаборніцтва. Трэцяе месца ў турнірнай табліцы заняла каманда “Кансервавагароднінасушыльны камбінат”, якая ў рашаючай гульні выйграла ў каманды “БРСМ”.
На пятай пазіцыі замацавалася каманда “Хаціслаў”, якая абыграла “Цэнтральную раённую бальніцу”. У барацьбе за сёмае-восьмае месцы каманда “Мельнікі” выйграла ў “Пагранічнікаў”. Замыкае турнірную табліцу каманда “Гаргаз”, якая ўступіла “Прафліцэю”.
–Акрамя таго, – гаворыць галоўны суддзя Барыс Улезла, –  арнізатарамі чэмпіянату раёна па пляжным футболе сярод мужчынскіх каманд 2020 года былі вызначаны: лепшы бамбардзір (ім стаў Аляксандр Галавач з каманды  “Кансервавагароднінасушыльны камбінат”),  лепшы ігрок (Дзяніс Ляўковіч, “СДЮСШАР”) і лепшы варатар (Віктар Віславус, “Кансервавагароднінасушыльны камбінат”. Яны таксама атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Поделиться:
  • 2
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!