Гвозніцкі сельсавет: што ні вёска, то свой каларыт (Маларыцкі раён)

Гвозніцкі сельскі Савет, цэнтральнай сядзібай якога з’яўляецца аграгарадок Гвозніца, па сваіх памерах невялікі і вельмі кампактны. Ён складаецца з пяці населеных пунктаў, ку­ды, акрамя Гвозніцы, ува­ходзяць Брадзяцін, Арлянка, Багуслаўка і Язвін. Пражывае на тэрыторыі сельсавета ўсяго толькі 551 чалавек. Больш за ўсё жыхароў налічваецца ў аграгарадку — 402 вяскоўцы, 89 чалавек зарэгістраваны ў Брадзяціне, 38 — у Арлянцы, 18 — у Багуслаўцы і 4 — у Язвіне. Дарэчы, самая юная жыхарка Гвозніцкага сельсавета — Аліса Сіпчук, якая з’явілася на свет напрыканцы красавіка. А самы пажылы тут Мікалай Маркавіч Пстыга з Арлянкі, якому сёлета споўнілася 94 гады.

Клопаты старшыні

Два гады таму на паса­ду старшыні Гвозніц­кага сельскага Савета быў абраны Аляксей Дзямінскі. Аляксей Сяргеевіч, нягледзячы на новую сферу дзейнасці і свой малады ўзрост, а на той момант старшыні споўнілася толькі 33 гады, з імпэтам узяўся за справу і літаральна за некалькі месяцаў сумеў заслужыць аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў.

— Пытанняў заўсёды хапае, — гаворыць Аляксей Дзямінскі. – Летась у вёску правялі прыродны газ. Каля 10 сядзіб падключаны да блакітнага паліва. Сёння працягваем газіфікацыю аграгарадка. Жыхары, якія пражываюць па вуліцы Зяленіна, стварылі каа­ператыў. На дадзены момант уся дакументацыя знаходзіцца на ўзгадненні ў аблвыканкаме.

Дарэчы,  мінулы год для Гвозніцкага сельскага Савета быў адметным, у аграгарадок не толькі прыйшоў экалагічна чысты від паліва,  але і таксама была заасфальтавана дарога Брадзяцін-Медна, якая значна палепшыла транспартныя сувязі паміж  вёскай і абласным цэнтрам.

Клопатаў у старшыні сельскага Савета хапае – гэта добраўпарадкаванне населеных пунктаў, месцаў пахаванняў і могілак, прафілактыка п’янства, работа з праблемнымі сем’ямі, а таксама з адзінокімі старымі.

— Усе прафілактычныя мерапрыемствы право­дзім разам з адпаведнымі службамі, — расказвае Аляксей Сяргеевіч. – Варта адзначыць,  што сумесная мэтанакіраваная праца прыносіць свой плён. На тэрыторыі сель­савета толькі адна сям’я, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яна на пастаянным кантролі. Асаблівым клопатам і ўвагай стараемся ахінуць нашых бабулек і дзядуль, што засталіся адны. Такіх жыхароў налічваецца 116 чалавек.

Аляксей Сяргеевіч любіць бываць сярод вяскоўцаў, заўсёды цікавіцца іх думкамі ды праблемамі. Літаральна на днях звярнулася старэнькая бабуля да старшыні з просьбай,  каб асартымент аўталаўкі, якая два разы на тыдзень заязджае ў Багуслаўку, быў больш разнастайным. Аляксей Сяргеевіч адразу патэлефанаваў у райспажыўтаварыства і вырашыў пытанне. Але,  на жаль, не ва ўсіх пытаннях можа дапамагчы старшыня. Вось і сёлета падвяло вяскоўцаў надвор’е. І як тут не хвалявацца, не перажываць, калі ад праліўных дажджоў у многіх затапіла агароды, пад вадой апынуліся загоны з бульбай, жытам, клубніцамі ды іншымі сельгаскультурамі. У сапраўдныя азёры мес­цамі ператварыліся і палі, што належаць ААТ “Гвозніца”. Затапіла пасевы кукурузы, морквы.

— Летась пакутавалі ад спёкі, — прыгадвае старшыня. – Нават у калодзежах вада высахла, а вось сёлета заліло. У каго агароды на грудку, дык яшчэ нічога. У астатніх ураджай можа вымакнуць.

— У мяне ў агародзе ўся бульба паплыла, — скардзіцца настаяцель мясцовага храма айцец Генадзь Шапялевіч. – Давялося выклікаць выратавальнікаў, каб адпампавалі ваду. Сіноптыкі перадаюць на бліжэйшыя дні зноўку праліўныя дажджы. Застаецца спадзявацца на Усявышняга.

На малебен  — у храм Успення Прасвятой Багародзіцы

Штодня айцец Генадзь Шапялевіч у мясцовым храме служыць малебны. Моліцца святар, ад шчырай душы просіць ва Усявышняга, каб як мага хутчэй адышла ў нябыт пандэмія і хворыя паправіліся.

— Цяжкім сёлета выдаўся год, — разважае бацюшка. — Гэта кара, пасланая нам нябёсамі. Забыліся мы пра духоў­насць,  аддаючы перавагу падманлівым свецкім выгодам, лёгкай нажыве. Свет змяніўся не да добрага. Асабліва неспрыяльная сітуацыя ў краінах Заходняй Еўропы, насельніцтва якіх стала кіравацца зусім  не Боскімі законамі. У нас яшчэ ёсць час, каб спыніцца, азірнуцца і задумацца над сваімі ўчынкамі, над тым, што чакае нас заўтра.

Протаіерэй Генадзь Шапялевіч – паважаны сярод вяскоўцаў чалавек. У складаным 1991 годзе малады бацюшка разам з жонкай Святланай  прыехаў служыць у Гвозніцкі прыход.

— Маё пасвячэнне ў духоўны сан адбылося 28 красавіка 1991 года, — прыгадвае айцец Генадзь. – Сам я са звычайнай савецкай сям’і, якая жыла ў Кобрыне. Сярод сваякоў свяшчэннікаў не было, але мяне заўсёды цягнула, нібыта магнітам, у храм. Хаця з дзяцінства марыў стаць вайскоўцам. Напэўна, так было заўгодна Богу, каб пасвяціў сябе служэнню людзям і Усявышняму.

Амаль трыццаць гадоў жыве на гвозніцкай зямлі айцец Генадзь. Гэты сціплы і ціхі палескі куточак, хараством прыроды якога  і сёння захапляецца бацюшка, стаў для яго родным, а вяскоўцы, якіх ён хрысціў, а потым вянчаў – блізкімі людзьмі.

— Тут выраслі чацвёра маіх дзетак, — далей працягвае гаворку свяшчэннік. – Цяпер разам з жонкай мы з нецярпеннем чакаем сустрэчы з нашымі семярымі ўнукамі.

Яшчэ нядаўна айцец Генадзь трымаў вялікую гаспадарку. Зараз займацца доглядам жыўнасці здароўе не дазваляе. На падворку Шапялевічаў гадуецца птушка, у хлеўчуку падрастаюць падсвінкі. Матушка Святлана працуе ў мясцовым ФАПе санітаркай і ва ўсіх пачынаннях падтрымлівае айца Генадзя.

Попыт на жыллё

— Насельніцтва сельсавета старэе, і такая тэндэнцыя непазбежная і агульная, — гаворыць кіраўнік спраў Мікалай Пракапук.  Каб не быць галаслоўным, Мікалай Мікалаевіч звяртаецца да статыстыкі. — Такім чынам, на першае студзеня 2011 года на тэрыторыі Гвозніцкага сельсавета пражываў 801 чалавек, а сёння — 551.

Мікалай Мікалаевіч трыццаць гадоў працуе ў сельскім Савеце і як ніхто іншы добра ведае пра ўсе нюансы вясковага жыцця. Ён сам усё жыццё жыве ў суседняй вёсачцы Брадзяцін і адзін з нямногіх жыхароў, якія  трымаюць яшчэ на падворку карову.

— Давайце параўнаем, — гаворыць Мікалай Пракапук. – Напрыклад, дзесяць гадоў таму у сельсавеце налічвалася 182 карміцелькі, сёлета — толькі 63 каровы. Пагалоўе скарацілася ў тры разы. Старыя кароў трымаць не могуць, а маладыя не хочуць, таму што малако і іншую малочную прадукцыю без праблем можна набыць у магазіне.

Сёння ў Гвозніцкім сельсавеце назі­раец­ца іншая тэндэн­цыя: гараджане, асабліва брастаўчане,  пачалі маса­ва набываць у Брадзяціне, Гвозніцы і Багу­слаўцы старыя сядзібы. Як зазначае Аляксей Дзямінскі, калі і далей так пойдуць справы, у Брадзяціне хутка не застанецца ніводнага пустуючага дома. За апошнія два гады каля 50 чалавек набыло ў вёсцы жыллё. Нехта прыязджае сюды жыць толькі на лета, а хтосьці, як, да прыкладу, Тамара Семянюк, назаўсёды пакідае тлумны горад і абуладкоўваецца ў вёсцы. 

— Зусім нядаўна набыў участак у Багуслаўцы брастаўчанін Аляксандр Ільчэўскі, — прыводзіць прыклады старшыня сельвыканкама. – Адна сям’я, таксама з Брэста, купіла сядзібы ў Арлянцы і Гвозніцы, яшчэ адзін участак быў прададзены ў Багуслаўцы.

— Пра домік у ціхай вёсачцы, згубленай сярод лесу, марыў даўно, — расказвае Аляксандр Ільчэўскі. — Разглядалі некалькі варыянтаў. Аляксей Дзямінскі, да якога мы звярнуліся за парадай, прапанаваў спыніцца на Брадзяціне. Але нам не спадабалася, таму што лес далёка. А тут адразу за ўчасткам расце ельнік. Мясцовыя кажуць, што грыбоў і ягад у гэтых мясцінах  процьма. Нават мой сябар прыгледзеў сабе ў Багуслаўцы домік, які плануе ў хуткім часе набыць.

Чыстае, нават гаючае паветра, некранутай пры­гажосці краявіды Багуслаўкі адразу зача­равалі Аляксандра. Малады мужчына  прывёў у парадак участак у 25 сотак і нават заліў ужо падмурак,  на якім у хуткім часе з’явіцца сімпатычны драўляны домік. 

Мясцовыя старажылы

У свае 86 гадоў Васіль Іванавіч Бягеза з Багуслаўкі спраўна круціць педалі веласіпеда, а калі трэба дабрацца ў горад, сядае за руль свайго аўтамабіля. Дзядуля дасць фору нават маладому, таму што Васіль Іванавіч стараецца трымаць форму і вядзе здаровы лад жыцця.

— Аўдавеў я ў 2008 го­дзе, — кажа мужчына. — Аднойчы ў Дубічна, дзе ладзіўся летнік для веруючых, я пазнаёміўся з цудоўнай жанчынай Ларысай з Жабінкі, якая  на 18 гадоў маладзейшая за мяне. З цягам часу стварылі сям’ю. Ларыса пакінула сваю кватэру ў райцэнтры і пераехала ў Багуслаўку. Жывем душа ў душу, займаемся агародам, ходзім летам па грыбы ды ягады.

Васіль Іванавіч тутэйшы. Ён добра памятае акупацыю, як немцы некалькі разоў бамбілі ды палілі Багуслаўку, таму што вяскоўцы дапамагалі партызанам.

— Як сёння памятаю той страшны дзень 22 чэрвеня 1941 года, — узгадвае Васіль Бягеза. — Не­дзе далёка чуліся глухія раскацістыя выбухі. Му­жыкі сядзелі на лаўцы. Ніхто дакладна не ведаў, што адбываецца. Раптам над вёскай праляцеў савецкі самалёт,  на хвасце якога вісеў фашысцкі бамбардзіроўшчык. За­страчыў кулямёт, і наш самалёт спікіраваў у блі­жэйшы лес. Трое пілотаў тады засталіся ў жывых. У мясцовых пастухоў лётчыкі цікавіліся, якой дарогай можна дабрацца да Ковеля. Болей пра іх лёс нічога не было чуваць. Ці трапілі яны да сваіх, а можа апынуліся ў фашысцкім палоне,  невядома.

Васіль Бягеза расказвае,  што падчас акупацыі асаблівага страху не адчуваў, таму што быў яшчэ зусім дзіцём і не ўсведамляў,  што адбываецца навокал. Але ён добра запомніў, як лютавалі карнікі восенню 1942 года.

— У адзін з восеньскіх дзён,  — прыгадвае дзядуля, — партызаны застрэлілі ў вёсцы нямецкага афіцэра. Праз нейкі час Багуслаўку акружылі гестапаўцы, якія прыехалі з Дамачава. Карнікі загадалі солтысу скласці спіс тых сямей, хто звязаны з партызанамі.

Тады было расстраляна 10 сямей, у многіх з якіх былі непаўналетнія дзеці.

Памятае пра падзеі вайны і 86-гадовая Ганна Трафімаўна Хатынюк, якая нарадзілася яшчэ пры панскай Польшчы ў суседняй вёсцы Хмялёўка.

— Не дай Бог вам перажыць тое,  што выпала на маю долю, — ледзьве стрымліваючы слёзы, кажа бабуля. — Ведаеце, чаму мяне Ганнай назвалі? Нарадзіла мяне маці на ганку ў брудзе ды холадзе. Як я, вытрымаўшы столькі пакут, не толькі вы­жыла, а нават дажыла да сваіх гадоў, сама не ведаю.

Не спіцца толькі ветэрану

На тэрыторыі Гвозніцкага сельсавета пражывае толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Піліп Несцеравіч Дзібук з вёскі Брадзяцін, якому споўнілася 93 гады. Да Піліпа Несцеравіча з боку мясцовай улады павага асаблівая. Аляксей Дзямінскі заўсёды цікавіцца самаадчуваннем ветэрана і па магчымасці стараецца наведаць былога салдата. Вось і зараз,  знайшоўшы вольную хвіліну,  старшыня завітаў да ветэрана. Піліп Несцеравіч ра­зам з жонкай Надзеяй Мікалаеўнай адпачывалі на верандзе, дзе не так адчувалася летняя спёка. За старымі бацькамі, якія ледзьве ходзяць, даглядае сын.

— Няма здароўя, — кажа Піліп Несцеравіч, — на  вуліцу выходжу з цяжкасцю. Ды і раненне, асколак ад якога так і застаўся у руцэ, дае аб сабе ведаць. Руку так і круціць, асабліва, калі змяняецца надвор’е.

Піліп Несцеравіч быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі 22 снежня 1944 года. Ваяваў на 2-м Украінскім фронце. 22 красавіка 1945 года ў Аўстрыі атрымаў раненне. Пасля шпіталя служыў у Чэхаславакіі, Украіне і толькі ў 1951 годзе дэмабілізаваўся.

Лілеі бабулі Ганны

Неаднойчы аб працавітасці ды шчырасці вяскоўцаў, якія падтрымліваюць свае падворкі ў парадку,  гаварыў падчас нашай размовы старшыня Гвозніцкага сельскага Савета Аляксей Дзямінскі. Незвычайнай прыгажосцю выдзяляецца сядзіба Ганны Трацюк з Брадзяціна.

У яе агародчыку, ля хаты і плота — сапраўдная кветкавая рапсодыя.  Не адарваць вачэй ад барвова-ружовых кустоў руж. Роўнымі радочкамі ў шарэнгу выстраіліся высакародныя гладыёлусы. Іх час, каб паказаць усю сваю велічную прыгажосць, яшчэ не надышоў. А  вось лілеі красуюць на ўсю моц. Сонечна-жоўтыя, далікатна-бела­снежныя, аранжава-пунсовыя пялёсткі настолькі аздабляюць падворак працавітай гаспадыні, што ён становіцца падобным на маленькі казачны рай. І проста дзіву даешся, як такую прыгажосць змагла стварыць Ганна Іванаўна, якой споўнілася 86 гадоў, і як удаецца ёй падтрымліваць кветнік, агародчык у ідэальным парадку.

— Люблю кветкі, — сціпла адзначае жанчына, якая ўсё сваё жыццё адпрацавала ў мясцовым калгасе. – Асабліва захапляюся лілеямі, ды і рамонкі падабаюцца. Кветкі, якія я з асаблівай асалодай  вырошчваю, пастаянна купляе і дорыць мне сын. Уранку выйду на падворак і наталіцца не магу духмяным кветкавым водарам.

Вясковы стараста і педагог

Дзевяць гадоў таму на агульным сходзе жыхары вёсак Брадзяцін і Арлянка выбралі старастай Мікалая Ляўчука і не памыліліся. Мікалай Васільевіч нарадзіўся і вырас у Брадзяціне. Вяскоўцы паважаюць свайго старасту і пры­слухоўваюцца да яго парад. Мікалай Васільевіч жыве вёскай,   яе клопатамі ды праблемамі. У яго ўтульным доме для людзей заўсёды адчынены дзверы,  для кожнага чалавека ён знойдзе час, каб выслухаць, дапамагчы або даць слушную параду. Ні многа, ні мала, а цэлых 50 гадоў аддаў Мікалай Васільевіч сістэме адукацыі Маларыцкага раёна. У свой час закончыў Брэсцкі педінстытут імя А.С. Пушкіна па спецыяль­насці “настаўнік біялогіі”. Выкладаў фізічную культуру ў Брадзяцінскай 8-гадовай школе,  настаўнічаў у Гвозніцкай школе. У 1989 годзе Мікалай Васільевіч быў назначаны на пасаду дырэктара, на якой адпрацаваў 21 год.

Варта адзначыць, што Мікалай Васільевіч ра­зам з жонкай Надзеяй Сцяпанаўнай, таксама біёлагам, — пачынальнікі сямейнай дынастыі педагогаў, агульны стаж настаўніцтва якой складае 112 гадоў. Работу ў школе Мікалай Ляўчук заўсёды спалучаў з грамадскай дзейнасцю. Ён неаднойчы выбіраўся дэпутатам сельскага Савета, быў намеснікам старшыні сельвыканкама і нават адзін год выконваў абавязкі старшыні мясцовай ўлады. Калі і ўзнікаюць якія-небудзь пытанні, то вяскоўцы найперш звяртаюцца да свайго старасты.

— Нядаўна добраўпарадкавалі мясцовыя могілкі, — расказвае Мікалай Ляўчук. – Спілавалі тры дубы, якія былі ў аварыйным стане. Клапаціліся пра парадак у вёсцы. Людзі заўсёды падтрымліваюць усе пачынанні.

За апошні час вёска Брадзяцін змянілася, папрыгажэла.  На некалі закінутых участках вырастаюць  сады,  набываюць новы сучасны выгляд сядзібы або на месцы старых дамоў будуюцца кампактныя ўтульныя катэджы. Жыццё ў вёсцы працягваецца. І нібыта ў пацвярджэнне гэтых слоў  на адной з буслянак,  узмахнуўшы крыламі, на ўсю вуліцу заклекатаў бусел.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!