Маларыцкія ручнiкi i касцюмы – для абласных “Дажынак-2020”

Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці цяпер выконвае спецыяльны заказ. Да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”, які пройдзе ў аг. Дзівін,  неабходна выткаць 16 ручнікоў, а таксама два касцюмы для вядучых урачыстасці. Выконваюць заказ загадчыца ўстановы Валянціна Струнец і майстар народных рамёстваў Святлана Луцык.

Па словах Валянціны Міка­лаеўны, падчас адкрыцця “Дажынак-2020”  вынесуць караваі хлеба з новага ўраджаю на ма­ла­рыцкіх руч­ніках. Кожны з іх будзе мець даўжыню два метры сорак сан­тыметраў.

 – Толькі 22 ліпеня мы селі за кросны, – расказвае Валянціна Мікалаеўна. – У ручніках,  якія мы тчэм у тэхніцы “наборам”, захаваны ўзоры, арнаменты і асаблівасці маларыцкага строю, яго колеравая гама. На белым полі ручніка з’явіцца арнамент, вытканы бардовымі ніткамі. Бе­лы колер – сімвал цнатлівасці, чысціні, адраджэння, праўды, бардовы – жыцця, упэўненасці ў сабе, веры ў свае сілы,  стваральнай і пазітыўнай энергіі. Пяць крыжыкаў унутры кожнага ромба на ручніку – найважнейшы хрысціянскі сімвал перамогі над грахом і злом.

Адзін касцюм для вядучых – жаночы. Ён будзе складацца са спадніцы, кашулі, фартуха і какошніка, мужчынскі – з кашулі і пояса. З вытканага палатна пашые, што неабходна,  майстар народных ра­мёстваў Святлана Барабан.

Выкананне заказа плануецца за­вяршыць у другой палове жніўня.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!