Наліўся колас санечным цяплом ў ААТ «Чарняны» (Маларыцкі раён)

Жнівень прыспешвае. У гаспадарках раёна жніво ў самым разгары. Бавіць час вяскоўцам няма калі, таму што на ўліку кожная пагодлівая гадзіна. На палетках ААТ “Чарняны”  горача ў прамым і пераносным сэнсе. З раніцы, як толькі спадзе раса, і да позняга вечара  на палях са спелай збажыной працуе тэхніка. Жніво для аграрыяў – своеасаблівы экзамен, здаць які вяскоўцы павінны выключна на выдатна. Інакш нельга. І чарнянцы стараюцца, шчыруючы ад відна да цямна.

Нядрэнны сёлета ат­­рымаўся ўраджай збожжавых у ААТ “Чар­няны” – на круг амаль 50 цэнт­нераў. Пры­нам­сі, ураджайнасць больш чым на 2 цэнтнеры вышэй, чым летась.

— Гэта вынік зладжанай і своеча-со­вай працы ўсіх служб, — адзначае га­­лоўны аграном гас­падаркі Казімір Сяд­лецкі. – І зараз стаіць галоўная задача – своечасова, без страт, убраць з па­леткаў вырашча­ны ўраджай. Сёлетняя ўборачная кам­­панія няпрос-тая. Пачалася яна на два тыдні пазней за мінулагоднюю. Падвяло надвор’е. Зацяжная вясна і даволі скупы на цяпло чэрвень зра­білі сваю справу. Нямала бяды на­рабіў і ліпеньскі ўра­ган,  які пакруціў і лі­таральна палажыў збожжа на 100 гектарах, што таксама адбіваецца на тэмпах уборкі.І ка­лі ў мінулым годзе мы на гэты час прак­тычна ўжо за­канч­валі ўбіраць збож­жавыя, то сёлета жні­во толькі ў разгары.

Дарэчы,  на 7 жніў­ня з 630 гектараў,  на якіх былі пасеяны збожжавыя і  зернебабовыя культуры, аграрыі абмалацілі зер­не на 482 гекта­рах,засыпаўшы ў засекі 2347 тон хлеба, і нават вы­ка­на­лі дзяржзаказ.

Ва ўрочышчы Асе­­ліца сямейны тан­­дэм Аляксандра і Дзя­ніса Зяленіных заканчваў уборку ячменю. Вось і зжата апошняя па­лос-ка спелай ні­вы. Да кам­байна пад’яз­джае шматтон­ны “МАЗ”, якім па-май­стэрску кіруе двац­цаці­двухгадовы Андрэй Папус.

Залацістае, напоўненае сонечным цяплом і пяшчотай клапатлівых гаспадарскіх рук, зерне шчодра сыплецца з бункера ў прычэп. Андрэй чацвёрты год працуе ў гаспадарцы. Малады мужчына родам з вёскі Альхоўка, што ў Кобрынскім раёне. Пасля заканчэння Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа ўладкаваўся на працу ў ААТ “Чарняны”. Знайшоў тут свой лёс – прыгажуню На-дзею, з якой зараз выхоўвае дзвюх дачушак-шчабятушак. Маладой сям’і гаспадарка прадаставіла жыллё. А што яшчэ для шчасця трэба. Таму і не бадзяецца па свеце Андрэй у пошуках лёгкага  хлеба і мяняць вёску на горад не збіраецца.

— Навошта некуды ехаць?- кажа перадавік гаспадаркі. – Я вырас у вёсцы, змалку прывык працаваць на зямлі.

Андрэй Папус не прывык раздаваць інтэрв’ю, як і па­зіраваць перад фотакамерай. Ён любіць сваю працу і на цяжкасці не скардзіцца. Хаця ў свае 22 гады мужчына дасць фору нават самым вопытным вадзіцелям. На сёння Андрэй – адзін з лепшых вадзіцеляў,  задзейнічаных на адвозцы зерневых.

— Дык гэта не толькі мая заслуга, — гаворыць Андрэй, — але і камбайнераў у першую чаргу. Яны хутка і якасна ўбіраюць зерне, я адвожу хлеб на зерняток.

Нешматслоўныя і камбайнеры – бацька з сынам Аляксандр і Дзяніс Зяленіны. Калі для Аляксандра гэтае жніво дваццатае па ліку, то для Дзяніса – трэцяе. Пачаў дапамагаць сын бацьку, калі яшчэ вучыўся ў школе. Залацістая хлебная ніва сваім хараством як магнітам прыцягвала да сябе хлопчыка. Таму і ваганняў з выбарам прафесіі ў Дзяніса не было. Праз год ён заканчвае Пружанскі аг­рарна-тэхнічны каледж  і плануе вярнуцца на працу ў родныя Чарняны.

 На доўгую размову часу зусім няма. Прычэп магутнага МАЗа напоўніўся збажыной. Андрэй Папус накіроўвае сваю машыну на зерняток, а Аляксандра і Дзяніса Зяленіных чакае новая хлебная ніва.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  • 2
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!