Песні з-пад берагоў Рыты

Вусная народная творчасць Маларытчыны – невычэрпная крыніца ведаў. Яе жанры надзвычай разнастайныя, але найбольшай папулярнасцю карыстаюцца песні. Спрадвеку яны і музыка былі неад’емнаю часткаю грамадскага і сямейнага побыту сялян. Песень існавала многа. Яны былі розныя па зместу, тэматыцы, праблемах, якія ўздымаюць. Многія з песень дайшлі да нашых дзён. Іх носьбіты ў пераважнай большасці – вясковыя жанчыны рознага ўзросту. Песні, захаваныя імі, з’яўляюцца асновай гістарычнай памяці народа. Іх называюць яшчэ душой народа. Вось гэтую душу народа і паспрабавала зберагчы і сістэматызаваць Людміла Ярмашук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2.
Людміла Ярмашук ужо працяглы час разам са сваімі вучнямі збірае фальклор Маларытчыны, у першую чаргу – песні. Вынік іх карпатлівай працы – нядаўна выдадзены невялічкі зборнік і DVD-дыск. У зборнік увайшло 30 народных песень і некалькі прыпевак, на дыску запісана 2 відэаінтэрв’ю (з Таццянай Холад з в.Арэхава (1930 год нараджэння) і Кацярынай Бягеза з в. Отчын (1942 г.н.)), а таксама 18 песень на вясельную тэматыку.
-Песні з вучнямі Вольгай Захарчук, Ганнай Кавальчук, Ліліяй Аўдзіюк, Таццянай Дварак, Інай Чаранкевіч, Дар’яй Жаранавай і Аленай Каламіец, — гаворыць Людміла Ярмашук, — мы запісвалі ў некалькіх вёсках раёна. У Хаціславе — ад Ларысы Жучок (1935 г.н), у Замшанах – ад Ганны Волчык (1933 г.н.) і Надзеі Драганчук (1960 г.н.), у Арэхаве – ад Таццяны Холад (1930 г.н.), у Отчыне — ад Кацярыны Бягезы (1942 г.н.), у Яміцы – ад Соф’і Барысюк (1938 г.н.). Гэтыя жанчыны – знаўцы народных песень на любую тэматыку. Ды і галасы ў іх звонкія, непаўторныя. Прадстаўленыя на дыску творы – сапраўдныя песенныя шэдэўры з-пад берагоў Рыты.
— Людміла Канстанцінаўна, а чаму вы ўзяліся за вясельныя песні? Ёсць жа многа іншых абрадавых і паза­абрадавых песень.
— У вяселлі ёсць шмат таго нязведанага, крыху патаемнага, што прываблівае кожную дзяўчыну, жанчыну. Гэты абрад — у першую чаргу прыгожая песня, якая кранае душу. А вясельныя песні Маларытчыны — найбольш цікавы, развіты і поўны цыкл сямейна-абрадавага фальклору. Яны складаюць адзіны вясельны комплекс – абрадавы, музычны, харэаграфічны і драматычны. Асноўная ўласцівасць гэтых песень – натуральная сувязь з усімі этапамі вяселля, пачынаючы з заручын і заканчваючы пярэзвамі. Па-за вяселлем яны не выконваюцца. Характар гучання вясельных песень шматпланавы, аднак мы вызначылі тры асноўныя тыпы іх вобразна-эмацыянальнай сферы: рытуальна-урачысты, лірычна-драматычны і гарэзліва-жартоўны. У іх прысутнічае імкненне паэтычна ўславiць, узвысіць i iдэалiзаваць галоўных дзеючых асоб шлюбнай урачыстасцi.
— А чаму вы сталі збіраць народныя песні?
— Мы збіраем не толькі іх. Ёсць ужо запісана многа народных нагавораў і прыгавораў. Ды і іншыя жанры мы не абыходзім увагай. Ідэя сабраць багатую духоўную спадчыну нашага рэгіёна ў мяне ўзнікла даўно, дакладней – у час вучобы ў ВНУ. Але гэтая праца складаная, патрабуе шмат часу. Матэрыялы, якія атрыманы, яшчэ неабходна і апрацаваць. Мне хацелася хоць нешта захаваць для будучых пакаленняў з таго, што на сённяшні дзень яшчэ існуе і ёсць ад каго запісаць. Праз некалькі гадоў такой магчымасці ўжо не будзе.
Людміла Ярмашук, энтузіяст па натуры, на дасягнутым не спыняецца. У яе многа яшчэ розных задумак і планаў, якія думае ажыццявіць у будучым.
Людміла Канстанцінаўна лічыць, што сёння нельга жыць без веры, без ведання свайго мінулага, нельга існаваць у духоўнай пустэчы. У нашай спадчыне – нашы карані, светапогляд, вытокі сённяшняга дня. Сабраныя і апублікаваныя тэксты песень – жамчужыны народнай творчасці Маларыцкага краю. Наша зямля зберагла і адкрыла фальклорную скарбніцу, каб той, хто дакранецца да яе, стаў духоўна чысцейшым і багацейшым.
Р.S. Пачытаць або па­слухаць сабраныя Людмілай Ярмашук і яе вучнямі “Песні з-пад берагоў Рыты” можна ў раённай бібліятэцы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Людміла Ярмашук з маладымі даследчыкамі Вольгай Захарчук і Ганнай Кавальчук і вясельнымі песнямі ў гукавым і друкаваным варыянтах.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!