У Маларыцкай раённай бальніцы праводзілі ўрачоў на заслужаны адпачынак

У Маларыцкай  цэнтральнай раённай бальніцы прайшло адначасова радаснае і сумнае мерапрыемства. Тут ва ўрачыстай ат­масферы на заслужаны адпачынак праводзілі вопытных і паважаных урачоў. Дакладней, яны ўжо былі да гэтага на пен­сіі, але працягвалі пра­­цаваць. Напрыклад, Ва­лянціна Мікалаеўна Гры­шалёва на заслужаным адпачынку  шчыравала яшчэ 19 гадоў, Марыя Іванаўна Жук – 18 гадоў, Наталля Уладзіміраўна Шчаглова – 16 гадоў, Воль­га Рыгораўна Кава­леўская – 15 гадоў, Віталій Пла­тонавіч Федарук – 12 га­доў, Марыя Іванаўна Селівонік – 7 гадоў.

Са шчырымі, цёплымі і кра­нальнымі словамі падзякі да ве­тэранаў медыцынскай працы звярнуўся галоўны ўрач Маларыцкай ЦРБ Пётр Селі­вонік.– Выхад на заслужаны адпачынак, – сказаў Пётр Міхайлавіч, – заўсёды асаблівая падзея ў жыцці кожнага чалавека,  момант, калі пройдзены пэўны адрэзак жыццёвага шля­ху і настаў час падвесці вынікі, сабраць плады сваёй прафесійнай дзейнасці. На жаль, некаторыя рэчы не залежаць ад нас. Мне вельмі шкада, што нашы калегі, якія з’яў­ляюцца прыкладам пра­фесіяналізму, адданасці сваёй справе, павінны пайсці на заслужаны адпачынак і больш не будуць працаваць у сістэме аховы здароўя.

Кожны з шасці ўрачоў, якіх праводзілі на заслужаны адпачынак, заслугоўвае  таго, каб сказаць некалькі слоў пра іх прафесійную дзейнасць.

Урач-хірург Віталій Федарук у Маларыцкай ЦРБ адпрацаваў 40 гадоў. У Віталія Платонавіча стаж у сістэме аховы здароўя – 52 гады. Трыццаць тры гады ён быў загадчыкам хірургічнага аддзялення.

Ва ўрача-акушэра-гінеколага Марыі Жук стаж працы ў Маларыцкай ЦРБ налічвае 38 гадоў. Наогул, Марыя Іванаўна сістэме аховы здароўя аддала  45 гадоў свайго жыцця. Яна ўзначальвала Маларыцкі радзільны дом, працава­ла раённым акушэрам-гінеколагам, загадчыкам жаночай кан­суль­тацыі.

Урач-валеолаг Вольга Ка­ва­леўская ў сістэме аховы зда­роўя шчыравала 49 га­доў, з іх 17 – у Маларыцкай ЦРБ. Вольга Рыгораўна бы­ла эпідэміёлагам раённай са­нітарна-эпідэміялагічнай стан­цыі, галоўным урачом  раённага цэнтра гігіены і эпі­дэміялогіі, урачом-лабарантам.

Сорак восем гадоў свайго жыцця аддала медыцыне ўрач ультрагукавой дыягностыкі На­талля Шчаглова. З іх 44 гады   Наталля Уладзіміраўна працавала ў Маларыцкай ЦРБ. Тут  за час працы яна была загадчыцай акушэрскага аддзялення, урачом-акушэрам-гінеколагам раддома.

Стаж працы ва ўрача-рэнт­генолага рэнтгенаўскага кабі­нета Валянціны Грышалёвай складае 47 гадоў. У Маларыцкай ЦРБ Валянціна Мікалаеўна 46 гадоў шчыравала ўрачом-рэнтгенолагам (загадчыцай) рэнтгенаўскага кабінета.

Трыццаць дзевяць гадоў пры­свяціла медыцыне ўрач-тэрапеўт участковы паліклінікі Марыя Селівонік. Марыя Іванаўна ў Маларыцкай ЦРБ адпрацавала 30 гадоў на адной і той жа пасадзе.

Пётр Селівонік і старшыня праф­саюзнай арганізацыі Ма­ла­рыцкай ЦРБ Іван Кіцель за шматгадовую і плённую працу ў сістэме аховы здароўя ўручылі  Валянціне Грышалёвай, Марыі Жук,  На­таллі Шчагловай,  Вользе Ка­валеўскай,  Віталію Федаруку, Марыі Селівонік падарункі. Павіншавалі іх таксама і калегі. Пад апладысменты старшы ін­спектар па кадрах Маларыцкай ЦРБ Таццяна Цёмкіна ўручыла ўрачам, якія завяршаюць сваю прафесійную дзейнасць,  працоўныя кніжкі.

–Я памятаю многае і многіх,  – сказала Марыя Іванаўна Жук, звяртаючыся да калег. – Усе 45 гадоў  Маларыцкая ЦРБ была для мяне школай жыцця. Яна запаўняла  будні.  Вячэрнія званкі не заўсёды давалі магчымасць пакінуць убаку рабочыя моманты. Нават падчас адпачынку не раз даводзілася “ляцець” на працу, каб выратаваць жыццё дзяцей і жанчын. Іншы раз гэта стварала пэўныя нязручнасці. Але цяпер разумею,  што мне будзе не хапаць такога ранейшага  жыцця. Акрамя працы, былі яшчэ і душэўныя зносіны з калегамі,  і сумесны адпачынак, і клопат адміністрацыі…Дзякуй усім, хто быў побач са мною ўсе гэтыя гады,  хто дапамагаў  адчуваць сябе неабходнай і паспяховай.

            Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 45
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!