А ў нас… медбрат. А ў вас?

Справядліва кажуць: не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Яшчэ 5 гадоў таму назад выпускнік Пінскага медыцынскага каледжа Павел Ківачук нават у думках не дапускаў таго, што ён будзе працаваць медбратам у нашым дзіцячым садзе. Проста па шчаслівай выпадковасці яму прапанавалі папрацаваць у нас часова. Але за гэтыя гады прыкіпеў душой да сваёй працы, дзяцей.
Як гараць вочы малых, калі ў групу заходзіць медбрат! І для кожнага з іх у яго свой падыход. У Паўла хапае часу на ўсё: і ў мяч з дзецьмі на спартыўнай пляцоўцы паганяць, і расказаць пра карысць вітамінаў, пра здаровае харчаванне, і проста ўзяць дзіця на рукі і пагаварыць з ім. З нядаўняга часу ён працуе ў нас яшчэ і кіраўніком фізічнага выхавання. Можа ён паўдзельнічаць у розных святах, аздараўленчых мерапрыемствах. Ён у нас і Дзед Мароз, і Бармалей, і Мыйдадзір. У яго не было ні кропелькі сумнення ў тым, што здароўе кожнага дзіцяці – галоўнае ў яго працы. Таму ён у пастаянным пошуку новых форм і метадаў, якія садзейнічаюць умацаванню здароўя дзяцей, зніжэнню захворвання, забеспячэнню больш высокага ўзроўню фізічнага развіцця. З гэтай мэтай падтрымліваецца пастаянная сувязь з урачом мясцовай амбулаторыі, адследж­ваюцца звесткі пра здароўе кожнага дзіцяці. Сумесна з выхавальнікамі і бацькамі прагназуецца магчымае паляпшэнне здароўя кожнага выхаванца сада на канец года. Бачная станоўчая дынаміка зніжэння колькасці і працягласці захворванняў. Індэкс здароўя вырас з 40 да 50 працэнтаў.
Павел Ківачук вядзе вялікую прафілактычную работу сярод педагогаў і бацькоў праз кансультацыі і медыцынскі куток зда­роўя. У рамках акцыі “Здаровы я – здаровая краіна” ў садзе распрацавана спецыяльная праграма. За 4 гады работы ў нашай установе ён распрацаваў сваю форму маніторынгу стану здароўя дзяцей, іх фізічнага развіцця і рухальнай актыўнасці. Спецыяліст адследжвае кожнае дзіця з моманту паступлення яго ў сад і да выпуску ў школу.
А як цікава і адказна арганізуе медбрат работу па харчаванні дзяцей. Ён распрацаваў 10-дзённае сезоннае меню. Ажыццяўляе пастаянны кантроль за тэхналогіяй прыгатавання ежы, санітарным станам харчблока, тэрмінамі захоўвання прадуктаў, праводзіць штодзённую С-вітамінізацыю ежы. Аналіз выканання натуральных нормаў харчавання паказвае, што па асноўных прадуктах яны выконваюцца на 50 – 120%.
Спецыяліст павышае свой адукацыйны ўзровень – завочна вучыцца на 4-ым курсе біялагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага педуніверсітэта імя А. С. Пушкіна.
Акрамя асноўнай работы, Павел Ківачук займаецца і грамадскай. Тры гады ён узначальвае прафсаюзную арганізацыю нашай установы.
А яшчэ мы з гордасцю можам сказаць: Павел – наш чалавек яшчэ і таму, што ён выпускнік нашага дзіцячага сада. Мабыць, многае добрае, што ёсць у ім, было закладзена менавіта калектывам нашай установы.
Любоў САЎЧУК, загадчыца Хаціслаўскага ясляў-сада.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!