Вольга Краско з 3 жніўня ўзначаліла Маларыцкі раённы цэнтр культуры
У Маларыцкага раённага цэнтра культуры — новы дырэктар. З трэцяга жніўня дзяржаўную ўстанову культуры ўзначаліла Вольга Краско.
Вольга Васільеўна нарадзілася і вырасла ў Маларыце, вучылася ў СШ №3 райцэнтра. У 2011 годзе скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна (набыла спецыяльнасць настаўніка біялогіі), а ў 2013 — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва (рэжысёр святаў і відовішчаў).
Сваю працоўную дзейнасць Вольга Васільеўна пачынала выхавальнікам у я/с №2 Маларыты, была мастацкім кіраўніком, а затым на працягу амаль пяці гадоў — дырэктарам Збуражскага СДК. З верасня 2011 года да назначэння на новую пасаду працавала настаўнікам тэатральнага аддзялення Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Тут найбольш поўна і ярка раскрыўся талент Вольгі Краско як прафесіянала і спецыяліста высокага класа. Яе вучні ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі за ўдзел у розных спаборніцтвах абласнога (тры ўзнагароды), рэспубліканскага (пяць) і міжнароднага ўзроўняў (сорак дзве). Створаны Вольгай Васільеўнай аматарскі дзіцячы калектыў “Вясёлка” не адзін год радаваў гледачоў сваімі цікавымі пастаноўкамі.
Акрамя таго, Вольга Краско з 2017 года з’яўляецца старшынёй Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Таму многія аспекты функцыянавання ўстаноў культуры, праблемныя пытанні, над вырашэннем якіх неабходна працаваць, добра ведае.
— Адну з асноўных задач на новай пасадзе бачу ў актывізацыі дзейнасці работнікаў культуры раёна, — гаворыць Вольга Краско. — Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае: і кадры, і матэрыяльная база, і магчымасці. Задумак, канечне, шмат. Буду спрабаваць паступова іх рэалізоўваць. Разумею, што дырэктарскі партфель не з лёгкіх, але пераадольваць пэўныя цяжкасці мне не прывыкаць. Пры жаданні можна справіцца з любой пастаўленай задачай.
Між іншым, у склад Маларыцкага раённага цэнтра культуры цяпер уваходзіць ГДК, раённы цэнтр народнай творчасці, аўтаклуб, дванаццаць сельскіх дамоў культуры, а таксама – два сельскія клубы, два дамы фальклору, Дом рамёстваў. Асноўнымі задачамі Маларыцкага раённага цэнтра культуры з’яўляецца зберажэнне і развіццё нацыянальнай культуры, традыцыйных форм культурнай дзейнасці і адпачынку, аматарскай мастацкай творчасці, раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў, носьбітаў аўтэнтычнага фальклору. Установа займаецца арганізацыяй і правядзеннем розных фестываляў, аглядаў, конкурсаў, выстаў, канцэртаў, спектакляў, масавых тэатралізаваных святаў і прадстаўленняў, народных гулянняў, абрадаў…
Мікалай НАВУМЧЫК.