На Маларытчыне ў чарговы раз адлаўлівалі альдраванду пухіраватую
На мінулым тыдні на Маларытчыне, а дакладней на так званых “Арэхаўскіх разлівах”, працавала другая па ліку навуковая экспедыцыя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вучоныя, навуковыя супрацоўнікі лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Дзмітрый Дубовік, Аркадзь Скуратовіч, Уладзімір Лябедзька і Сяргей Саўчук (наш зямляк, родам з аг.Хаціслаў) займаліся падрыхтоўкай да чарговай перасадкі альдраванды пухіраватай.
Па словах кандыдата біялагічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Сяргея Саўчука, на сённяшні дзень “Арэхаўскія разлівы” – самая вялікая і ўстойлівая папуляцыя альдраванды пухіраватай у Беларусі, дзе яна пастаянна расце і не знікае. Па самых прыблізных падліках на Маларытчыне знаходзіцца амаль дзесяць тысяч экзэмпляраў гэтай расліны. Арэхаўскае возе-ра і яго ваколіцы з’яўляюцца спрыяльнымі для існавання альдраванды пухіраватай. За гэтай раслінай на Маларытчыне навукоўцы на працягу некалькіх апошніх гадоў вядуць пастаяннае назіранне. Пры спрыяльных умовах яна ўтварае густыя зараснікі.
Напрыканцы ліпеня 2019 года на “Арэхаўскіх разлівах” навукоўцы з Мінска адлавілі амаль 500 экзэмпляраў альдраванды пухіраватай, якія запусцілі ў Пінскім раёне ў тых месцах, дзе яна расла да пачатку правядзення меліярацыйных работ. Для гэтай мэты было выбрана два вадаёмы ў пойме ракі Прыпяць па-за межамі меліярацыйнай сеткі. Эксперымент даў станоўчыя вынікі, расліна прыжылася на новай мясцовасці. Таму вырашана яго працягнуць і стварыць дадаткова яшчэ некалькі месцаў для пашырэння папуляцыі альдраванды пухіраватай. На гэты раз адлоўлены падчас экспедыцыі матэрыял (а гэта амаль 500 экзэмпляраў) будзе запушчаны ў два вадаёмы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Між іншым, альдраванда пухіраватая ў апошні час стала хутка знікаць. Цяпер у свеце, па звестках вучоных, налічваецца не больш за 50 месцаў, дзе яна яшчэ расце.
– У Беларусі раней было каля дзесяці месцаў, у якіх фіксавалася альдраванда пухіраватая, – гаворыць Сяргей Сяргеевіч. – У планах супрацоўнікаў нашага інстытута рассяліць гэтую расліну там, дзе яна расла раней, да знікнення.
– Чаму вучоныя лічаць, што “Арэхаўскія разлівы” – гэта ўнікальнае біялагічнае месца не толькі на Маларытчыне, але і на Брэстчыне? – цікаўлюся ў Сяргея Саўчука.
– Арэхаўскае возера і яго ваколіцы сапраўды незвычайнае і адметнае месца біялагічнай разнастайнасці. Акрамя альдраванды пухіраватай, тут расце, напрыклад, чырванакніжны гарлачык белы. Асаблівасць гэтай мясцовасці яшчэ і ў тым, што тут зафіксавана самая маленькая кветка ў свеце – вольфія бяскорневая. Яна, між іншым, належыць да сямейства раскавых і на тэрыторыі Беларусі сустракаецца вельмі рэдка.
Мікалай НАВУМЧЫК.