Як прайшоў другі ультрамарафон “Маларыцкая накавальня-2020”

16 жніўня ў гарадскім парку прайшоў другі ультрамарафон “Маларыцкая накавальня-2020”. Ініцыятарам яго правядзення, як і ў мінулым годзе, стаў бягун на доўгія дыстанцыі з Маларыты Павел Лысенка, арганізатарамі — спецыялізаваная дзіця-ча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна і Маларыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Памерацца сіламі прыехалі спартсмены-аматары не толькі з Маларыты, Кобрына, Брэста, але і з Наваполацка, Мінска, Гомеля, Віцебска, Ліды, Слоніма, Шчучына. На жаль, па аб’ектыўных прычынах не змаглі  прыняць удзел у спаборніцтвах бегуны з Расіі і Украіны.

Другая “Маларыцкая накавальня” вызначала мацнейшых ў двух відах: на дыстанцыі сто кі­ламетраў і два­нац­цацігадзінным бегу ва ўзроставых катэгорыях “18-40 гадоў” і “41 год і старэйшыя”. На дыстанцыі сто кі­ла­­метраў за права называцца лепшым змагалася толькі тры ўдзельнікі. На старт у два­наццацігадзінным бегу (кожнаму ўдзельніку неабходна прабегчы за гэ­ты час як можна боль­шую адлегласць) выйшла дванац­цаць муж­­­чын і адна жанчы­на. Праводзіліся спа­борніцтвы з 7:00 да 19.00. Траса была пракладзена ў гарадскім парку. Адзін круг яе  скла­даў адзін кіламетр.

У выніковым пратаколе ў дванаццацігадзінным бе­гу без перапынку лепшым стаў маларытча-нін Павел Лысенка (уз­роста­вая  катэгорыя “41 год і  старэйшыя”, клуб “Brest-Runners”). Ён пра­бег сто адзінаццаць кі­ламетраў. Між іншым, падчаc мінулагодніх спа­борніцтваў “Маларыцкай накавальні” Павел Лысенка на дыстанцыі сто кіламетраў фінішаваў другім.  Маларытчанін гэтую адлегласць  адолеў за дзевяць гадзін  дваццаць чатыры хвіліны і сорак  тры секунды.

Другое месца ў два­наццацігадзінным бе­гу “Маларыцкай на­ка­­вальні-2020” заняў Андрэй Беразоўскі (г. На­ваполацк, клуб “Аматар”) з вынікам сто тры кіламетры шэсцьсот восемдзесят пяць метраў, трэцяе – Аляксандр Лук’яненка (г.Брэст) з вынікам сто два кіламетры дзевяноста метраў. Адзіная ўдзельніца-жанчына ультрамарафона Анас­тасія Трафімчык (г.Сло­нім) за дванаццаць гадзін змагла прабегчы семдзесят два кіламетры пяцьдзясят дзевяць мет­раў.

На дыстанцыі сто кі­ламетраў першым фі­нішаваў Аляксей Дзя­дзіш­чаў (г.Брэст, клуб “Brest-Runners”). Бягун гэтую адлегласць змог адолець за адзінаццаць гадзін дваццаць шэсць хвілін.

Другое месца заняў Павел Грабавец (г.Го­мель).  Дыстанцыю сто кі­ла­метраў ён прабег за адзінаццаць гадзін пяцьдзясят хвілін дваццаць дзве секунды. Гэты спа­ртсмен спазніўся да пачатку старту на адну гадзіну па прычыне таго, што не змог у час даехаць у Маларыту. Нягледзячы на гэта, Павел Грабавец пас­пяхова пераадолеў стокіламетровую дыстанцыю. Калі б спарт­смен выйшаў на старт разам з усімі, ён быў бы лідарам забегу.

Трэці ўдзельнік сто­кіламетровай дыстанцыі – Максім Ліцвінаў (г.Ві­цебск). Ён упершыню пры­маў удзел у бегу на сто кіламетраў. Хоць спартсмен і не ўклаўся ў кантрольны час, але  працягваў забег і пасля завяршэння спаборніцтва. Максім Ліцвінаў  свае першыя сто кіламетраў усё ж такі прабег за трынаццаць гадзін дваццаць дзевяць хвілін і сорак шэсць секунд.

Узнагароды пераможцам і ўдзельнікам “Маларыцкай накавальні-2020” урачыста ўручаў дырэктар спецыялізаванай дзі­­цяча-юнацкай спар­тыўнай школы алім­пій-с­кага рэзерву Маларыц­кага раёна Генадзь Гер­манюк. Падтрымаў пра­вядзенне другога ультрамарафона “Маларыцкая накавальня-2020” Маларыцкі кан­сервавагарод­ні­на­­сушыльны кам­бі­нат. Прадпрыемства пра­­даставіла ўсім удзельнікам спа­бор­ніцтва сваю віта­мінную прадукцыю. Ар­ганізатары ультра­марафона таксама выказваюць шчырую падзяку дырэкцыі Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці за пра­дастаўленае месца адпачынку для ўдзельнікаў-спартсменаў з іншых га­радоў краіны.

Плануецца, што трэці ультрамарафон “Маларыцкая накавальня”  адбудзецца ў жніўні 2021 года.

*  *  *

У праграме “Маларыцкай накавальні-2020” таксама прайшла маладзёжная эстафета сем (удзельнікаў) па дзесяць кіламетраў. У ёй прыняло ўдзел дзве каманды – чатырнаццаць юных бегуноў. Між  іншым,  дванаццаць з іх – гэта выхаванцы маларыцкага трэнера Сяргея Астапука і два – брэсцкага трэнера Аляксея Шуцеева. Пераможцам стала каманда, за якую выступалі  Павел Лук’янчук,  Паліна Аста-пук,  Андрэй Самасюк,  Ілья Бойка,  Анастасія Госцік, Валерый Міхно і Ксенія Заматаева. Гэтая каманда паказала лепшы вынік па суме забегаў у змешанай эстафеце 7 х 10 кіламетраў. Сярод дзяўчат-удзельніц лепшы вынік у Ксеніі Заматаевай (сорак дзве хвіліны сорак пяць секунд), сярод юнакоў – у Андрэя Самасюка (трыццаць восем хвілін дзевятнаццаць секунд).

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 6
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!