Новыя спецыялісты ў Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў

На пастаяннае месца працы ў Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў прыехалі харэограф Анастасія Герасімук і настаўнік па класе “Домра” Уладзіслаў Пракапук.

— Мы чакалі чатырох маладых спецыялістаў, – гаворыць дырэктар установы Ірына Пятрухіна. – Аднак двое з іх будуць вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гэта выпускнікі нашай установы адукацыі 2016 года, сёстры Юлія і Вераніка Федарук. Дзяўчаты сёлета закончылі Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы. З першага верасня Вераніка будзе навучацца на фартэпіянным і кампазітарска-музыказнаўчым факультэце (спецыяльнасць “Спецыяльнага фартэпіяна”), а Юлія – на факультэце народных інструментаў (спецыяльнасць “Струнныя і народныя шчыпкова-ўдарныя інструменты”) Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Між іншым, за апошнія дзесяць гадоў у гэтую вышэйшую навучальную ўстанову адукацыі паступіла толькі чатыры нашы выпускнікі.
***
Анастасія Герасімук нарадзілася і вырасла ў Хаціславе. Пасля заканчэння дзевяці класаў паступіла вучыцца ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, каб набыць спецыяльнасць “Харавое мастацтва” (народны танец).
–Танцаваць я любіла з дзяцінства, – кажа Анастасія Вячаславаўна. – Каб упэўнена адчуваць сябе на сцэне, у 2008 годзе стала наведваць Хаціслаўскі філіял Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Тут вучылася на харэаграфічным аддзяленні, адначасова асвойвала акардэон. Хочацца сказаць шчыры дзякуй маім першым настаўнікам Алене Сцяпанаўне Люльковіч (Чэрнікавай) і Святлане Паўлаўне Пятручык. Менавіта дзякуючы ім, паступова авалодвала танцавальнай граматай, вучылася адчуваць рытм танца.
Пасля я стала выступаць у заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь, узорным дзіцячым клубе аматараў фальклору “Вясковая табала”. Шліфаваць тэхніку танца працягвала ў гэтым калектыве, якім кіруе Галіна Іванаўна Хомік. “Вясковая табала” і Галіна Іванаўна многае далі ў плане майго прафесійнага станаўлення і выбару жыццёвай сцежкі.
–Анастасія Герасімук “Вясковую табалу” не пакідала зусім, – гаворыць Галіна Хомік. – Падчас вучобы ў Пінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, калі калектыву даводзілася выступаць, дзяўчына таксама знаходзіла магчымасць прыехаць і выйсці разам з усімі на сцэну. Танцуе яна ў “Вясковай табале” і зараз.
–Ці лёгка навучыцца танцаваць народныя танцы? – цікаўлюся ў Анастасіі Герасімук.
–Калі хто думае, што не ўмее танцаваць народныя танцы, то памыляецца. Проста такі чалавек рэдка іх танцуе. Магчыма, часу не хапае, ці ён думае, што мода на народныя танцы прайшла, а можа, няма адпаведнага настрою? Галоўнае – жаданне і цярпенне! Любы чалавек можа навучыцца танцаваць не толькі вальс, але і польку, лявоніху, кракавяк, падыспань.
Між іншым, Анастасія Герасімук чакае хлопчыкаў і дзяўчынак 7-9 гадоў у першы клас харэаграфічнага аддзяленя дзіцячай школы мастацтваў. У памяшканні, дзе будуць праводзіцца заняткі, ужо завершаны бягучы рамонт.
***
Да сустрэчы са сваімі вучнямі ў гэтыя дні старанна рыхтуецца і выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы Уладзіслаў Пракапук. У Маларыцкай дзяржаўнай школе мастацтваў ён будзе вучыць дзяцей іграць на домры і гітары.
Уладзіслаў Сяргеевіч на першае месца працы вярнуўся ў сваю родную ўстанову адукацыі, якую ён закончыў у 2016 годзе. Па словах Уладзіслава Пракапука, навучыцца іграць на домры ён марыў яшчэ з пачатковай школы. Ажыццявіць задуманае хлопцу дапамагла настаўніца дзіцячай школы мастацтваў Наталля Валер’еўна Лошак.
– Кажуць, што домра – несур’ёзны музычны інструмент. Ці гэта так?
–Не пагаджуся з такой думкай, – кажа мой субяседнік. – Домра – старадаўні народны струнны шчыпковы музычны інструмент, спрадвеку вядомы на Русі. У сваім звычайным выглядзе ў домры прысутнічае тры струны, на якіх іграюць з дапамогай медыятара. Лічыцца, што яна з’яўляецца правобразам першай рускай балалайкі. У прынцыпе, адрозненні паміж домрай і балалайкай – толькі ў форме корпуса музычнага інструмента.
Гучанне домры сапраўды зачароўвае. Яно ў нечым нагадвае голас звонкага раўчука. Домры падуладна адлюстраваць і рамантычный настрой, і чароўную прыгажосць прыроды. Нездарма ў кінематографе, калі неабходна падкрэсліць зачараванне краявідамі роднай зямлі, мы часта чуем яе трапяткі голас.
На сваіх уроках дзяцей буду вучыць іграць на домры, чуць і слухаць яе незвычайнае гучанне, далучаць да свету чароўных гукаў.
–Уладзіслаў Сяргеевіч, якія ў нас планы на будучае?
–Іх шмат. Найперш буду імкнуцца да таго, каб выгадаваць таленавітых вучняў, перадаць ім тое, што ведаю і ўмею сам. А ў перспектыве хацелася б, канечне, набыць вышэйшую музычную адукацыю. Перакананы, што ўдасканальванню няма межаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!