Маларыцкія майстры выткалі ручнікі да абласных Дажынак
Напрыканцы мінулага тыдня дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец і майстар народных рамёстваў Святлана Луцык завяршылі работу пад выкананнем спецыяльнага заказу. Жанчыны на працягу амаль паўтара месяцаў да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”, які пройдзе 12 верасня ў аг. Дзівін (Кобрынскі раён), выткалі шаснаццаць ручнікоў, а таксама два касцюмы для вядучых святочнай урачыстасці. Падчас адкрыцця “Дажынак-2020” дзяўчаты вынесуць караваі хлеба з новага ўраджаю менавіта на маларыцкіх ручніках. Кожны з іх мае даўжыню два метры сорак сантыметраў.
Касцюмы вытканы ў тэхніцы “кажушком”, усе ручнікі — “наборам”. У іх захаваны ўзоры, арнаменты і асаблівасці маларыцкага строю, а таксама яго колеравая гама (бардовая).
Тканыя ручнікі маларыцкіх майстроў атрымаліся надзвычай прыгожымі. А інакш і быць не магло, таму што Валянціна Мікалаеўна і Святлана Сцяпанаўна ўклалі ў вырабы таямніцу сваёй душы, заткаўшы ў іх часцінку сябе і напоўніўшы глыбінным зместам “белую дарогу жыцця” палатна.
Маларыцкія ткачыхі, каб выканаць заказ у вызначаны тэрмін, заставаліся ткаць пасля заканчэння рабочага дня, сядалі за кросны і ў выхадныя дні.
— За ткацкім станком не вельмі і паспяшаешся, — гаворыць Валянціна Мікалаеўна. — Праца ткачыхі доўгая і карпатлівая, патрабуе цярпення, уважлівасці, засяроджанасці, уседлівасці і, вядома ж, творчага запалу.
Між іншым, усе вытканыя ручнікі маюць аднолькавы ўзор. Маларыцкі арнамент — гэта своеасаблівая кніга народнай мудрасці, у якой зашыфраваны ўзор душы нашых продкаў. У кожным вытканым сантыметры тканіны, у кожным шыўку ўзору заключаны глыбокі сэнс. У арнаменце як бы сканцэнтраваны просьбы, мары, надзеі нашых продкаў, іх добрыя пажаданні родным і блізкім, адчуванні шчасця… Вытканыя ручнікі – гэта своеасаблівыя абярэгі чалавека. Тым, хто іх выкарыстоўвае, спадарожнічае дабрабыт і шчасце.
Мікалай НАВУМЧЫК.