У Маларыцкім раёне падтрымалі апякунскія сем’і і дзетак, што маюць праблемы са здароўем

Не першы год раённай арганізацыяй ГА «Беларускі фонд міру» ладзіцца дабрачынная акцыя, мэта якой дапамагчы падрыхтавацца да шко­лы хлопчыкам і дзяўчынкам, што выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях або маюць праблемы са здароўем і навучаюцца дома. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Людміла Бурштын пры фундатарскай падтрымцы кансервавагароднінасушыльнага камбіната падарылі дзецям канцылярскія прылады, ласункі і харчовыя наборы  ад «Топтышки». Непасрэдны ўдзел у дабрачыннай акцыі ўзялі таксама Галіна Маліч, намеснік загадчыка Ма­ларыцкай ЦРА №14, і індывідуальны прад­­прымальнік Вольга Турбіна.

Вельмі цёпла гасцей сустракалі ў доме сямейнага тыпу Валянціны і Пятра Лямачка. Зараз тут выхоўваюцца 9 хлопчыкаў і дзяўчынак, прычым васьмёра з іх — школьнікі. Таму падарункі, якім вельмі абрадаваліся дзеці, былі вельмі дарэчы. З  пажаданнямі вучыцца толькі на выдатна, радаваць сваіх бацькоў, быць заўсёды стараннымі і працавітымі  звярнуўся да выхаванцаў Алег Якубчык.

— Як бацька траіх дзяцей добра ведаю, наколькі клапотна і хвалююча збіраць дзяцей у школу, — гаворыць Алег Пятровіч. — А ў вас іх, шаноўныя Валянціна Сямёнаўна і Пётр Іванавіч,  васьмёра. Памятаю, як тры гады таму адкрывалі гэты дом сямейнага тыпу. За гэты час у вас стварылася вялікая і дружная сям’я, у якой дзеці знаходзяць любоў і пяшчоту. Таму ад шчырага сэрца зычу вам здароўя, цяпла і ўтульнасці ў вашым гасцінным доме.

Здароўя сям’і зычыла і Га­ліна Маліч, якая перадала ад РУП «Фармацыя» пакунак з антысептыкамі, маскамі і канцылярыяй. Адмысловы чаравік-вазу з прыгожымі квет­камі ўручыла гаспадарам дома Вольга Турбіна, якая ад расчуленасці не змагла стрымаць слёз.

Высакародную і ў той жа мо­мант не вельмі лёгкую ношу ўзялі на сябе Валянціна і Пётр Лямачкі, у любові выхоўваючы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з дзяцінства зведалі, што такое гора. І вялікая радасць для бацькоў-выхавальнікаў, калі дзеці вяртаюцца назад у свае сем’і. І такіх прыкладаў нямала, калі бацька і маці за­думваюцца над сваімі па­водзінамі, перастаюць весці асацыяльны лад жыцця, нарэшце ўсвядоміўшы,  што дзеці — галоўная іх каштоўнасць. За тры гады,  што існуе дом сямейнага тыпу, у яго сценах пабывала 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёння тут выхоўваецца 9 дзяцей. Самай малодшанькай, Жэнечцы, — праз некалькі месяцаў споўніцца чатыры годзікі. Старэйшаму, Кірылу, ужо 16. Падлетак вучыцца ў Маларыцкім сельскагаспадарчым ліцэі. Нядаўна ў сям’ю на выхаванне перадалі яшчэ траіх дзетак, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта дзве сяст­рычкі і брацік,  якія пакуль адаптуюцца ў новых умовах.

— Спадабаліся падарункі? — пы­таюся ў дзевяцігадовага Дзяніскі, які жыве ў сям’і ўжо другі год.

— Вельмі. Нам столькі ўсяго прывезлі. Гэта здорава, — з захапленнем гаворыць хлопчык.

Дзяніска з радасцю пайшоў у трэці клас. Ён захапляецца матэматыкай,  дапамагае матулі прыбірацца па хаце, асабліва любіць працаваць з пыласосам. А ў вольны час,  калі зроблены ўсе хатнія заданні і вывучаны ўрокі, з  сябрамі гуляе ў футбол.

Пра ўсіх сваіх выхаванцаў і Валянціна Сямёнаўна, і Пётр Іванавіч расказваюць з пяш­чотай і любоўю. Гэтыя ма­ленькія сонейкі, у кожнага з якіх свой характар, якія могуць быць як паслухмянымі, так і свавольнікамі, для бацькоў-выхавальнікаў як родныя дзеці. За будучыню кожнага хлопчыка і дзяўчынкі яны перажываюць усім сэрцам,  апякаючы іх, як маленькіх птушанят, сваёй цеплынёй і пяшчотай.

З падарункамі завіталі ў гэты дзень удзельнікі дабрачыннай акцыі і ў сям’ю Вольгі Сверба, якая пражывае ў аграгарадку Арэхава. 8-класнік Данііл з нецярпеннем чакаў гасцей. Хлопчык крыху хваляваўся, таксама,  як і яго малодшы брацік Яраслаў. Мама Вольга расказвае, што бяда ў іх дом прыйшла зусім нечакана. Даніла рос здаровым хлапчуком, вельмі цікаўным і таварыскім. Як і усе дзеці,  хадзіў у школу.

— Захварэў Данілка ў другім класе, — прыгадвае маці. — Мы праходзілі медкамісію, як ўрачы дыягнаставалі хваробу тазабедраных суставаў. Лечымся ўжо шэсць гадоў. Данька доўгі час ходзіць на мыліцах, навучаецца дома і вельмі сумуе па школе, аднакласніках.  Дзякуй урачам, зараз ідзём на папраўку. Пакрысе будзем адмаўляцца ад мыліц. Сыночак быў такім рухавым. Ён так хоча з равеснікамі пагуляць у футбол, паганяць мяч.

З пажаданнямі як мага хутчэйшага выздараўлення і добрых адзнак у школе Алег Якубчык уручыў школьніку падарункі. Да цёплых, пра­нікнёных слоў старшыні раён­нага Савета дэпутатаў  далучылася і Людміла Бурштын.

Няхай збудуцца ўсе твае самыя патаемныя мары, Данііл, як і мары астатніх хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх падчас дабрачыннай акцыі наведалі прадстаўнікі грамадскага аб’яд­нання «Беларускі фонд міру».

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!