Кніга «Расліны-малюткі» з серыі «Самыя-самыя». Аўтары — з Маларытчыны

У рэспубліканскім  выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» (г. Мінск) нядаўна ўбачыла свет кніга  «Расліны-малюткі» (на рускай мове, серыя  «Самыя-самыя»). Яе аўтарамі з’яўляюцца былая настаўніца біялогіі і хіміі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Хаціслаўскай СШ Любоў Усцінаўна Саўчук і яе сын – кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Сяргеевіч Саўчук. Між іншым, гэта ўжо трэцяя кніга нашых землякоў, выдадзеная ў суаўтарстве ў згаданым выдавецтве.

Першая з іх — “Старажылы. Волаты і монстры” (на беларускай мове) — убачыла свет у 2017 годзе. У аснове кнігі — расказ пра два  вядомыя дрэвы-старажылы, якія растуць на Маларытчыне: цара-дуба і дуба-волата (в. Старое Раматова).

Другая — «Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара. Кветкі роднага краю» (на рускай мове) — выдадзена таксама ў 2017 годзе. З гэтай кнігай можна зрабіць займальнае падарожжа  ў свет раслін,  якія ўпрыгожваюць сваім красаваннем беларускія лясы і паплавы,  шырокія палі і роўнядзь вадаёмаў, даведацца шмат новага пра будову кветак, месцы іх росту і незвычайныя ўласцівасці, пазнаёміцца не толькі з на­вуковымі фактамі, але і з цікавымі легендамі і міфамі пра расліны,  а таксама зрабіць для сябе шмат батанічных адкрыццяў.

— Сяргей Сяргеевіч, аб чым ваша трэцяя кніга — «Расліны-малюткі»?

— Што мы ведаем пра тыя кветкавыя расліны, якіх ня­ўзброеным вокам практычна і не ўбачыш? Аднак яны актыўна ўплываюць на жыццё нашай планеты: могуць прынесці як вялікую карысць, так і  нанесці вялікую шкоду. Пра іх,  таямнічых невідзімак, і расказваецца ў гэтай кнізе, а фотаздымкі, зробленыя пры дапамозе мікраскопа, дазваляюць дасканала разгледзець малютак.

— Любоў Усцінаўна,  як узнік­ла ідэя напісаць кнігу «Расліны-малюткі»?

— У 2016 годзе Сяргея за­прасілі паўдзельнічаць у падрыхтоўцы пілотнага выдання «Аб надвор’і і прыродзе» для новай серыі навукова-папулярных выданняў «Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара». Кніга атрымалася цікавай і вельмі інфарматыўнай. Для працягу выдання гэтай серыі кніг выдавецтва прапанавала супрацоўніцтва. Неяк пагаварыўшы з сынам,  я падала ідэю падрыхтаваць у гэтай серыі такую кнігу, пасля чытання якой у вучняў з’явілася б жаданне вывучаць біялогію,  а ў настаўнікаў узніклі б ідэі для выбару тэматыкі навукова-даследчых работ. Мы спыніліся на раслінах,  паколькі школьны курс біялогіі пачынаецца менавіта з іх вывучэння. Шмат у чым далейшае вывучэнне біялогіі будзе залежаць ад таго,  наколькі  вучні засвояць і палюбяць батаніку. Так у нас нарадзілася ідэя напісаць кнігу «Кветкі роднага краю».

Што ж  тычыцца кніг з серыі «Самыя-самыя»,  то раней яны былі прысвечаны ў асноўным рэкордам навукова-тэхнічнага прагрэсу і ўнікальным аб’ек­там нежывой прыроды. Выдавецтва нам прапанавала расказаць  пра рэкардсменаў расліннага свету, у першую чаргу пра тых, якія ёсць у Беларусі. Над гэтым думаць доўга не прыйшлося.

Яшчэ ў 2014 годзе пад маім кіраўніцтвам была выканана навукова-даследчая праца на тэму «Векавыя дрэвы Хаціслаўскага сельсавета». Вынікі яе мяне проста ўзрушылі. Акрамя нашых старых дрэў, у літаратурным аглядзе працы былі прыве­дзены звесткі аб дрэвах-рэкардсменах Беларусі і Еўропы ў цэлым,  г.зн. базавы матэ­рыял у нас ужо быў сабраны. Варта сказаць, што векавыя дрэвы,  якія растуць у вако­ліцах аг. Хаціслаў,  усё ж  не з’яўляюцца рэкардсменамі ў Беларусі, але ў раёне такі рэкардсмен, вядома ж, ёсць. У нас адразу ўзнікла ідэя расказаць дзецям пра самае старое дрэва Беларусі — цара-дуба,  які расце ў Пажэжынскім лясніцтве. У гэтай кнізе мы імкнуліся ахапіць усе самыя яркія раслінныя рэкорды свету.

Працягнуць гэтую серыю лагічна было расповедам пра самых маленькіх рэкард­сменаў расліннага свету. Не кожны ведае, што ў Беларусі, у тым ліку і на Маларытчыне, можна сустрэць самую маленькую расліну ў свеце. Гэтай расліне, Вольфіі бяс­корневай, мы і прысвяцілі чарговую кнігу.

— Сяргей Сяргеевіч, ці ёсць у вашых выдадзеных кнігах краязнаўчы аспект?

— Пры падрыхтоўцы кніг мы імкнуліся данесці да чытача інфармацыю аб унікальных раслінах Беларусі, а таксама адначасова прарэкламаваць і Маларытчыну.

— Дзе бераце матэрыялы для кніг?

— Пры падрыхтоўцы ўжо выдадзеных кніг былі выкарыстаны шматлікія літаратурныя крыніцы, інтэрнэт-рэсурсы, а таксама ўласны матэрыял.

— Якія ў вас творчыя планы?

— Вядома,  творчыя планы на будучыню ў нас ёсць. Аднак пра іх пакуль не хацелася б гаварыць.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!