З друкаваным словам  па жыцці. Святлана Лемяшэўская (Маларыцкі раён)

Святлана Лемяшэўская біблія­тэ­карам Гвозніцкай сельскай біблія­тэкі працуе толькі трэці год. Да гэтага яна 18 гадоў была страхавым агентам Прадстаўніцтва  Белдзяржстраху па Маларыцкім раёне. – Ранейшая работа пада­ба­лася, – гаворыць Свялана Ула­дзіміраўна. – Аднак жыццёвыя абставіны склаліся так, што яе давялося змяніць. Зрэшты, бібліятэкарам сябе адчувала заўжды. Спецыфіку гэтай пра­фесіі засвоіла з маленства. У біб­ліятэцы, можна сказаць, вырасла: мая мама, Таццяна Уснарская, 46 гадоў працавала бібліятэкарам у Гвозніцкай сельскай бібліятэцы. 

Святлана Лемяшэўская (злева) сярод чытачоў

Сярод кніг – з дзяцінства

Матуля Святланы Ула­дзі­міраўны вельмі ж хацела, каб і дачка, калі вырасце, так­са­ма пайшла па яе слядах. І для Святланы Лемяшэўскай біб­ліятэка стала своеасаблівым магічным месцам.

– У ёй я вырасла,  – кажа жан­­чына. – Маці, калі мяне забірала вечарам з садка, вяла з сабою на працу, таму што бібліятэка тады працавала да 21:00. Што ж  мне заставалася рабіць сярод кніг? Спачатку імі забаўлялася, перакладвала з месца на месца, будавала домікі, проста гартала  дзі­ця­чыя кніжкі, разглядала малюн-кі. Пазней прыцягвалі ўвагу выс­тавы, якія часта афар­мляла ў бібліятэцы мама. Мне падабалася адчуваць сябе часцінкай дзіўнага кніжнага царства, бо магла дакрануцца да хрусткіх папяровых ста­ронак, пастаяць сярод паліц з кнігамі, напоўненых дзіўным пахам.

Падчас вучобы ў пачатковых класах пасля заканчэння ўрокаў таксама бегла штодзень да маці ў бібліятэку і была там да закрыцця. Бацька не раз казаў, што працуем мы ўдзвюх. Калі падрасла і навучылася чы­таць, з задавальненнем  раз­глядала маляўнічыя кнігі і ча­сопісы. Яны заўсёды пры­цягвалі мяне. За кнігамі і ча­сопісамі магла сядзець га­дзі­намі. У старэйшых класах была адным з самых актыўных чытачоў. Усе новыя мастацкія кнігі, якія паступалі ў бібліятэку, імкнулася чытаць першай. Та­кая звычка засталася і да гэтага часу.

Святлана Лемяшэўская хутка авалодала ўсімі сакрэтамі бібліятэчнай справы. Маці, Таццяна Уснарская, здаецца, навучыла дачку ўсяму, пера­даўшы свой багаты вопыт. Ка­лі трэба было адлучыцца па спра­вах, то Таццяна Паўлаўна не турбавалася. Яна ведала, што Святлана яе падменіць і ўсё зробіць, як трэба.

Між  іншым, у бібліятэцы Свят­лана Уладзіміраўна суст­рэла і свайго будучага мужа Сяргея Ан­дрэевіча. Ён прыехаў пра­цаваць будаўніком у мяс­цо­вы калгас. У адзін з вы­хадных дзён хлопец прыйшоў у сельскую бібліятэку. Свят­лана тады так­­сама была там. Дзяўчыне ад­разу спадабаўся малады чалавек. Аднак пры першай сустрэчы размова чамусьці не завязалася. У бібліятэку Сяргей Лемяшэўскі прыйшоў і на наступны дзень, і так ён стаў хадзіць амаль кожны вечар. Пазней Сяргей Андрэевіч прызнаўся, што тыя кнігі ён зусім не чытаў. У бібліятэку хло­пец прыходзіў,  каб убачыць дзяўчыну Святлану. У рэшце рэшт любоўны раман маладых людзей закончыўся шчаслівым шлюбам.

Праца з людзьмі

Цяпер у Гвозніцкай сельс­кай бібліятэцы 260 чы­тачоў рознага ўзросту. У кож­нага з іх свае чытацкія густы, схіль­насці. Мужчыны, на­прыклад, аддаюць перавагу дэтэктывам, гістарычным тво­рам і творам пра вайну, бяруць кнігі па садаводстве,  жанчыны з за­да­вальненнем чытаюць “лю­боўныя” раманы, цікавяцца літаратурай пра агарод і ру­кадзелле, падлеткі любяць фантастыку і прыгодніцкія тво­ры. 

– Сапраўднае багац­це – кніж­­ны фонд,  які наліч­вае 6700 эк­зэмпляраў кніг, – гаворыць Святлана Ле­мя­шэўская. – Таму можна выбраць пачытаць тое, што па­дабаецца больш за ўсё. Да паслуг чытачоў таксама і перыядычныя выданні. Тыя мастацкія творы, якіх няма, можна заказаць у раённай бібліятэцы. Там для гэтых мэт спецыяльна створаны ка­мерцыйны і абменны фонды.

Сучасны бібліятэкар – збі­ральнік,  захавальнік і правад-нік чалавечай думкі. Жыццё ця­пер прымушае яго быць завадатарам, арганізатарам, своеасаблівым няспынным ру­хавіком для таго, каб людзі ішлі ў бібліятэку.

Святлана Уладзіміраўна жы­ве штодзённымі клопатамі аб тым, каб зацікавіць друкаваным словам як мага больш вяскоў­цаў, папоўніць колькасць чы­тачоў. Таму ў яе шмат розных планаў і задумак. Святлана Лемяшэўская актыўна су­працоўнічае з Гвозніцкім сельс­­кім Саветам (старшыня Аляксей Дзямінскі), Гвозніцкім д/с-СШ (дырэктар Марыя Афанасенка), настаяцелем царквы Успення Прасвятой Багародзіцы протаіерэем Ге­надзем Шапялевічам. Між ін­шым, у Гвозніцкай сельскай бібліятэцы кожны месяц пра­­водзіцца па 5-6 масавых ме­­рапрыемстваў з удзелам мясцовых жыхароў і вучняў школы. Напрыклад, апошняе з іх – “Душа народа – у родным слове” – было прымеркавана да Дня беларускай пісь­мен­насці.  Святлана Уладзіміраўна для вучняў мясцовай школы падрыхтуе то “Кошык літа­ра­турных прысмакаў” і за­хапляльнае падарожжа па ста­ронках любімых кніг, то літаратурны турнір і ак­цыю добрага настрою, то ін­­­фармацыйны дайджэст і электронную прэзентацыю. Таму вучні з радасцю і за­да­вальненнем бягуць пасля ўрокаў у сельскую бібліятэку. Яны ведаюць: там іх сён­ня чакае нешта новае і нез­вы­чайнае.

Цяпер бібліятэка ў Гвоз­ніцы – адно з найбольш на­вед­ваемых месцаў, якое ка­рыстаецца папулярнасцю як у дзяцей, так і ў дарослых. І ў гэтым заслуга Святланы Лемяшэўскай.

Цэнтр зносін

Самым старэйшым чытачом бібліятэкі цяпер з’яўляецца былая настаўніца, 90-гадовая Тамара Ярмалюк. Не можа жанчына без кніг пражыць, таму рэгулярна наведваецца ў бібліятэку. Актыўнымі чыта­чамі з’яўляюцца таксама 83-га­довая Яўгенія Карнялюк,  67-га­довая Вера Капанька і інш.

Для многіх вяскоўцаў  цяпер бібліятэка – гэта цэнтр зносін, як глыток свежага паветра.

– Мы на заслужаным ад­па­­чынку, вольнага часу ў нас шмат, таму ў бібліятэку наведваемся часта, – кажа Яўгенія Карнялюк. – І не толькі  для таго, каб узяць нешта пачытаць. Сюды мы прыходзім, каб разам за кубачкам кавы пагаварыць, абмеркаваць на­балелыя пытанні, падзяліцца сваімі няўдачамі і радасцю, парадавацца поспехам ад­навяскоўцаў.  Святлана Ле­мя­шэўская пры бібліятэцы для нас, пенсіянераў, стварыла своеасаблівыя жаночыя па­ся­дзелкі. Многія на іх прыходзяць з задавальненнем. Тут ад­пачываеш душой, адчуваеш сябе патрэбнай. А гэта так важ­на для тых,  хто ўжо даўно на заслужаным адпачынку.

– Я таксама  часта бываю ў нашай бібліятэцы, – га­во­рыць Вера Капанька. – Сюды хочацца прыходзіць. Лю­дзі цягнуцца да Святланы Ула­дзіміраўны. Да кожнага свайго наведвальніка яна ўмее знайсці падыход, умее выслухаць і пачуць. Уражвае яе ветлівасць, шчырасць, так­тоўнасць,  адкрытасць. Лічу, што Гвозніцы вельмі па­шан­цавала з бібліятэкарам. Так­сама прываблівае інтэр’ер бібліятэкі,  які стварае ўра­жанне ўтульнага і цёплага дома.

Шмат добрых слоў пра Свят­лану Лямяшэўскую вы­ка­заў таксама  і старшыня сель­скага Савета Аляксей Дзямінскі:

– Мы сапраўды цесна і плён­на супрацоўнічаем: ра­зам праводзім розныя мера­прыемствы. Многія з іх іні­цыі­руе, арганізуе і праводзіць сама Святлана Уладзіміраўна. Яна – улюбёны ў сваю пра­фесію чалавек, адказная і творчая натура.

– Гвозніцкая сельская біб­ліятэка знаходзіцца ў па­стаянным творчым пошуку но­вых форм работы з чытачамі, якія дапамагаюць захаваць у сэрцы часцінку любові да род­нага краю, навучыць з па­вагай адносіцца да сваіх вытокаў, – гаворыць  загадчы-ца бібліятэчнага маркетынгу раён­­най бібліятэкі Галіна Ку­чына. – Там, дзе працуюць творча, з фантазіяй, жывінкай, бібліятэкі ніколі не пустуюць. Прыклад гэтаму  – Гвозніцкая сельская бібліятэка.

У Святланы Лемяшэўскай шмат задумак.

– Гвозніцкі сельскі Савет – тэрыторыя, багатая на фаль­клорную спадчыну. На жаль, многае ўжо страчана, бо яе носьбіты пакідаюць гэты свет. Але яшчэ засталіся тыя, хто можа расказаць мясцовыя легенды, паданні, казкі, можа прас­пяваць песні… Хочацца іх як мага больш сабраць, ап­рацаваць і за­ха­ваць для будучых пакаленняў, – адзна­чае бібліятэкар. — Таму ця­пер распачала работу па збо­ры мясцовага фальклору. Яш­чэ ў планах – напісаць поў­ную гісторыю аграгарадка Гвоз­ніца. Краязнаўства – за­хапляльная праца, але патрабуе вялікай аддачы, часу і сіл.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!