“Дынама-Брэст-1960” (г. Маларыта) выйграла ў “Першага рэгіёна” (в. Кавярдзякі)
Чарговую гульню 21 тура другога круга трыццатага чэмпіянату Беларусі па футболе другой лігі сезона 2020/2021 года каманда ГА ФК “Дынама-Брэст-1960” (г. Маларыта, галоўны трэнер Сяргей Грыб) выйграла з лікам 4:2. На гэты раз галы ў вароты сапернікаў забілі Раман Козел (на 32-й хвіліне), Сяргей Галоўчык (на 75-й хвіліне), Уладзіслаў Дыбін (на 83-й хвіліне) і Павел Пампуха (на 88-й хвіліне). Між іншым, галы нашы футбалісты прапусцілі на 2-й і 90-й хвілінах.
Гэты матч нашы футбалісты правялі ў суботу, 26 верасня, на гарадскім стадыёне г. Маларыта. Перамога над камандай ФК “Першы рэгіён” (в. Кавярдзякі, Брэсцкі раён) камандзе ФК “Дынама-Брэст-1960” прынесла тры ачкі. Аднак гэта не змяніла яе месца ў турнірнай табліцы ў групе “А”. Наша каманда па-ранейшаму займае чацвёртую пазіцыю з набранымі 38 ачкамі. На трэцяй пазіцыі з 39 ачкамі замацавалася каманда ФК “Маладзечна-2018”, на другой з 40 ачкамі – ФК “Стэнлес-ДЮСШ-3” (г. Пінск), на першай з 41 ачком – ФК “Маладзечна-2018”. Пятае месца ў турнірнай табліцы займае каманда ФК “Меліяратар” (г. Жыткавічы) з 29 ачкамі. У каманды ФК “Дынама-Брэст-1960” пакуль яшчэ ёсць шанц трапіць у тройку мацнейшых у групе “А”.
Па словах начальніка клуба ГА ФК “Дынама-Брэст-1960” Аляксандра Хамічука, лепшымі бамбардзірамі ў камандзе пакуль застаюцца Павел Пампуха (забіў 12 галоў), Сяргей Галоўчык (10 галоў) і Дзмітрый Федарцоў (10 галоў). Падчас праведзеных матчаў трыццатага чэмпіянату галы ў вароты сапернікаў таксама забілі, Уладзіслаў Дыбін (5), Ілья Грышчанка (4), Раман Дземідовіч (3), Раман Козел (3) і Кірыл Палхоўскі (3). Па 2 галы на рахунку Паўла Чалядка, Данііла Пракапчука, па адным – Яраслава Клімука, Сяргея Кавалюка, Максіма Смалеўскага, Барыса Конявега і Арцёма Бычкоўскага.
Планавалася, што 3 кастрычніка ФК “Дынама-Брэст-1960” правядзе матч з камандай ФК “Івацэвічы” ў Маларыце, але ўчора, 29 верасня, стала вядома, што па тэхнічных прычынах матч адменены.
Цяпер у турнірнай табліцы каманда «Івацэвічы» займае сёмае месца з 23 ачкамі. Нагадаем, што ФК “Дынама-Брэст-1960” і ФК “Івацэвічы” паміж сабой ужо праводзілі гульню 10 мая (11 тур). Яна завяршылася з лікам 5:1 на карысць нашай каманды.
Мікалай НАВУМЧЫК.