Цікавы чалавек – цэлы сусвет

Вельмі часта ў нашым жыцці бывае так, што мы побач жывем з чалавекам і амаль нічога аб ім не ведаем. Так адбылося і ў мяне. Пра Івана Антонавіча Крэня ведала толькі, дзе ён жыве.
У 1933 годзе ў вёсцы Ланская ў самай звычайнай сям’і нарадзілася трэцяе дзіця. Хлопчыка назвалі Іванам. Пасля ў сям’і нарадзілася яшчэ чацвёра дзетак. Рос Іван спакойным і паслухмяным хлопчыкам, але і дзіцячыя гульні таксама любіў. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў цяжкія гады, таму ён нават не хадзіў у школу і доўгі час не ўмеў чытаць і пісаць. Калі на нашу зямлю прыйшла страшная навіна аб тым, што пачалася вайна, Івану было толькі 8 год, але ён і сёння дакладна памятае той дзень, калі ўпершыню пачуў аб страшэннай пагрозе, што навісла над усімі. “Мы хоць і былі маленькімі, але разумелі, што такое вайна, — гаворыць мужчына, — бацькі ніколі не ўтойвалі ад нас, дзяцей, праўды і заўсёды гаварылі: што б ні здарылася, мы заўжды павінны памятаць, хто мы такія і адкуль”. Успамінаў пра вайну ў Івана Антонавіча хапіла б, напэўна, на цэлую кніжку.
“Я ўсё памятаю, але найбольш тое, як да нас прыходзілі партызаны, — успамінае Іван Антонавіч, — часам яны прыходзілі, каб проста аб нечым папярэдзіць, часам, каб ежы нейкай узяць альбо нейкую вопратку цёплую. Нас, малых, у той час, як яны прыходзілі, не выганялі, напэўна, давяралі нам. Тады ўвогуле нас за малых не лічылі і рыхтавалі да ўсяго. За час вайны было ўсякага і шмат. Асабліва добра памятаю, як хаваліся ў лесе. І толькі нехта адзін пасля адпраўляўся ў вёску, каб даведацца, можна вяртацца ці не”.
У 1944 годзе, калі прыйшла на тэрыторыю Беларусі Чырвоная Армія, бацьку Івана Антонавіча прызвалі ў войска. Так маці засталася адна з сямю дзецьмі. Але, дакладней кажучы, тут ужо не было дзяцей, бо хлопчыкі забываліся пра гульні і ішлі працаваць.
Бацька вярнуўся дадому жывы, але ў 1947 годзе памёр, таму дарослым Іван стаў рана.
У 18 год маладога хлопца Івана прызвалі ў армію, але ён не ўмеў чытаць і пісаць, таму амаль год навучаўся гэтаму пры ваенкамаце. А ў 19 гадоў пайшоў служыць. Служыў тры гады ў Калінінградзе. Пасля службы адразу ж вярнуўся ў родную вёску, бо сэрца цягнула туды, дзе некалі хлапчуком басанож бегаў. Вярнуўшыся дадому, ні хвіліны не сядзеў без справы, пайшоў працаваць ў мясцовы калгас. Спачатку працаваў паляводам, а пасля на ферме. У 28 гадоў ажаніўся. Сваю Полю ён ведаў не адзін год (яна таксама з Ланской).
“Вяселле ў нас было самае сапраўднае на той час, — расказвае Іван Антонавіч, — два дні, перш ў Полі, а пасля ў мяне. А вечарам перад вяселлем былі “вянкі”. Збіраліся дзяўчаты і хлопцы, і маладыя, каб апошні раз пагуляць. Тады, безумоўна, не было такога, як цяпер, але ўсё роўна было весела, і мы па-свойму былі шчаслівыя”. Праца на ферме лічылася адной з самых цяжкіх. Цэлае лета мужчыны, якія там працавалі, уручную касілі траву, нарыхтоўвалі кармы на зіму.
“Жывёлы на той час было многа, — гаворыць Іван Антонавіч, — да прыкладу, я працаваў на ферме ў Ланской, дзе было 150 быкоў, а вось у вёсцы Галёўка ўвогуле было больш за 200. Таксама было пагалоўе на ферме і ў вёсцы Заазёрная. Вось для такой вялікай колькасці мы і павінны былі нарыхтоўваць кармы. Вядома, цяжка было, але жылі, працавалі і не крыўдавалі. А галоўнае — імкнуліся зрабіць, каб было лепш жыць”. Быкоў не проста гадавалі, але яшчэ і самі вазілі на продаж. Так, Іван Антонавіч сам 4 разы суправаджаў вагоны з жывёлай ў Ленінград. На ферме ён прапрацаваў 29 год, 29 год нялёгкай што­дзённай працы.
Калі пайшоў на заслужаны адпачынак, Іван Антонавіч яшчэ нейкі час працаваў, бо прывык да працы. Ён і сёння не можа без яе, трымае невялікую гаспадарку. І, як сам прызнаецца, напэўна, ўсё ж такі больш для душы. Іван Антонавіч за сваю сумленную, самаадданую працу мае ўзнагароды, а самая дарагая з іх — гэта ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дарэчы, Іван Антонавіч вельмі сціпла ўспамінаў аб сваіх узнагародах. На мой погляд, толькі гэта многае гаворыць пра чалавека. У свае 79 год Іван Антонавіч мае траіх дзяцей і траіх унукаў, жыве ў роднай вёсцы і не шкадуе, што менавіта так склалася яго жыццё. Не шкадуе, што працаваў на зямлі, што рукі ў мазалях, што не бачыў адпачынку. Пагадзіцеся, напэўна, такія людзі, як Іван Антонавіч Крэнь, гэта і ёсць сапраўдныя дзеці сваёй зямлі. Мне здаецца, што такіх засталося няшмат. А ці ёсць сярод маладога пакалення настолькі адданыя зямлі людзі? Вельмі хочацца верыць, што ёсць.
Анастасія Максімук.
в. Ланская.
На здымку: Іван Антонавіч Крэнь.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!