НЕАД’ЕМНЫ АТРЫБУТ ДЗЯЦІНСТВА

Мы прывыклі гаварыць: “Дзеці – наша будучыня”. Але ў першую чаргу дзеці – наша сучаснае. І ад дарослых залежыць тое, якімі яны вырастуць. Каб навучыцца жыць і паспяхова дзейнічаць, маленькаму чалавеку неабходна ўявіць для сябе шматмерны сусвет, у якім ён будзе самавызначацца, шукаць сваё месца і пракладваць свой шлях у жыцці. Галоўным памочнікам у пазнанні наваколля з’яўляецца чытанне. Дзіцячая кніга – гэта неад’емны атрыбут дзяцінства. Дзеці, у адрозненне ад дарослых, не могуць адкласці чытанне на “потым”. Калі ў пэўным узросце ў кола чытання не ўвайшлі пэўныя кнігі, то яны, хутчэй за ўсё, пройдуць міма. Чытачы дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту – катэгорыя асаблівая. У гэтым узросце дзеці здольны ўяўляць свет у даступных ім фантазіях і формах. Задача дарослых – навучыць дзяцей чытаць, дапамагчы ім знайсці свой шлях да кнігі. І першым крокам на гэтым шляху можа стаць супрацоўніцтва бібліятэкі, сям’і і школы. Кожны з названых інстытутаў мае сваю спецыфіку. Сям’я перадае традыцыі чытання і адносін да кнігі. Школа забяспечвае фундамент усіх навыкаў чытання. Бібліятэка адчыняе кніжную прастору для выбару і самавыяўлення чытача. Кніжны рэпертуар для малодшых чытачоў у дзіцячай бібліятэцы багаты і разнастайны. Ён складаецца з мастацкіх твораў “залатой” дзіцячай класікі, твораў сучасных айчынных і замежных аўтараў. Вялікім попытам карыстаецца літаратура пазнавальнага зместу, якая прадстаўлена серыямі: “Апавяданні дзеда Прыродаведа”, “Скарбы роднай зямлі”, “Скарбы Радзімы”, “Зямля мая”, “Пазнай свет”, “Суперкніжкі для хлопчыкаў”. Рэгулярна папаўняецца новымі выданнямі аддзел праваслаўнай літаратуры для дзяцей.
З пачатку года ў дзіцячую бібліятэку запісалася 55 дашкольнікаў. Самым юным з іх усяго 2-3 гады. Пастаяннымі наведвальнікамі з’яўляюцца Павел Паўлюк, Улад Калісты, Жэня Сымонік, Максім Шаўчук, Даша Барысюк, Андрэй і Дамініка Ніканчукі.
Наладжана калектыўнае наведванне бібліятэкі вучнямі пачатковых класаў. Самымі актыўнымі з’яўляюцца класы 1 “А”, 1 “Б” і 1 “В” СШ № 1 (настаўнікі Ларыса Мікалаеўна Пляханава, Анастасія Святаславаўна Хатынюк і выхавальніца Таццяна Васільеўна Карабейка), групы падоўжанага дня 2-4 класаў раённай гімназіі (выхавальніцы Алена Міхайлаўна Самусенка, Вольга Анатольеўна Грышылёва, Святлана Міхайлаўна Краўцова), 3 “Б” клас СШ № 2 (настаўнік Таццяна Васільеўна Давыдоўская і выхавальніца Лілія Расціславаўна Аўдзяюк). Дарэчы, 3 “Б” клас СШ № 2 па выніках наведванняў бібліятэкі ў 2011 годзе ўнесены ў “Кнігу рэкордаў дзіцячай бібліятэкі”.
У бібліятэцы рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы, якія прымеркаваны да Году кнігі. У лютым-сакавіку для вучняў 2-7 класаў першай гарадской школы і раённай гімназіі быў арганізаваны цыкл тэматычных сустрэч “Роднай мовы гук чароўны” і цыкл літаратурных гадзін “Няхай заўсёды будзе кніга”. У час вясенніх канікулаў прайшоў Тыдзень дзіцячай кнігі, які прапанаваў дзецям шмат цікавых мерапрыемстваў.
Нагадваем, што ў бібліятэцы праходзіць акцыя “Чытаем па-беларуску. Далучайся і ты!”. У красавіку для вучняў пачатковых класаў праходзяць урокі аўдыяпраслухоўвання беларускіх народных казак і агляды беларускіх твораў. Аб’яўляецца таксама конкурс малюнкаў “І кожны радок малюнкам хоча стаць” (узрост удзельнікаў на абмяжоўваецца). Вынікі гэтага конкурсу будуць падведзены ў верасні.
Таццяна КРЫСІНА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.
НА ЗДЫМКУ: дзеці пазнаюць свет з дапамогай кнігі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!