Захаванне спадчыны (Маларыцкі раён)
Любоў да таго месца, дзе чалавек нарадзіўся і вырас, да роднага краю, да Бацькаўшчыны, яе гісторыі, народных традыцый і звычаяў з’яўляецца адным з самых моцных пачуццяў, якое на працягу ўсяго жыцця спадарожнічае чалавеку.
Многія ўсвядомілі, што шлях у будучыню пачынаецца з мінулага, якое нельга выкрасліць са свайго жыцця. Магчыма, таму ў апошні час назіраецца тэндэнцыя звароту людзей да гісторыі сваіх продкаў, да свайго мінулага. Краязнаўства стала адным з прыярытэтных накірункаў і ў рабоце ўстаноў культуры Маларытчыны.
–Бібліятэкі і СДК раёна некалькі гадоў назад узялі кірунак на тое, каб сабраць і захаваць усё, што пакінута нашымі продкамі ў спадчыну, – гаворыць дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра культуры Вольга Краско. – Пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй роднага краю, выхаваць пачуццё гонару за слаўнае мінулае землякоў, з павагай ставіцца да сваіх каранёў, культуры, традыцый і звычаяў – адна з асноўных задач работнікаў культуры ў краязнаўчай рабоце. Шмат напрацовак у гэтым накірунку ёсць у аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі, які ўзначальвае Галіна Кучына. Гэты аддзел з’яўляецца своеасаблівым каардынуючым і навукова-метадычным цэнтрам, які курыруе ўсю краязнаўчую работу ў раёне.
На Маларытчыне пакуль няма раённага краязнаўчага музея. Аднак багаты матэрыял народнай спадчыны цяпер захоўваецца, у этнаграфічных пакоях, якія існуюць у Лукаўскім, Ланскім і Радзежскім сельскіх дамах культуры. Куточкі этнаграфіі аформлены ў Макранскім, Ляхавецкім, Пажэжынскім і Велікарыцкім СДК, а таксама ў Доме рамёстваў аг.Олтуш, Доме фальклору в. Ужова, раённым цэнтры народнай творчасці. Па словах Вольгі Краско, цяпер ва ўстановах культуры Маларытчыны захоўваецца больш за 600 этнаграфічных экспанатаў.
Усё гэта багатая спадчына, створаная нашымі продкамі на працягу не аднага дзесяцігоддзя. Нельга губляць мінулае, якое застыла ў вышыўках, тканых вырабах, фальклорных творах, прадметах побыту… У іх наша адметная самабытнасць, пачатак нашай будучыні!
Мікалай НАВУМЧЫК.