Сапраўднае багацце сям’і Наталлі і Макалая Захарчукоў (Маларыцкі раён)

Шчасце – паняцце адноснае. У кожнага чалавека сваё яго разуменне і на­паўненне. Для адных – гэта каханне, матэрыяльны дастатак, дабрабыт. Для ін­шых – дасягненне якой-небудзь мэты, набыццё рэ­чы, аб якой марыў пэўны час. А для  Наталлі і  Мікалая Захарчукоў з в.Мельнікі шчас­­­­­­це найперш у дзецях. У На­­таллі Паўлаўны і Мікалая Вар­­­­фаламеевіча іх шасцёра.

– Я сапраўды шчаслівы і са­мы багаты чалавек, – гаворыць Мікалай Варфаламеевіч, – бо маю шасцярых дачок. Яны мой зямны скарб, мая надзея, мой лёс і сэнс жыцця.

– Чалавек сам каваль свайго шчасця, –  кажа Наталля Паў­­лаўна. – Шчаслівым можа быць кожны. Трэба толькі навучыцца адчуваць тое шчасце, бачыць  яго, трымаць у руках, умець даражыць ім. Яно вакол нас, на кожным кроку кожны дзень! Шчасце не было б такім поўным і гарманічным, каб не мае  дзяўчынкі.

Наталля і Мікалай Захарчукі з любоўю і захапленнем расказваюць пра сваіх дачок. А ганарыцца сапраўды ёсць чым.

Старэйшай, Іне, ужо дваццаць гадоў. Яна майстар спорту Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы. Сёлета закончыла Брэсцкае дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву і паступіла вучыцца на спартфак Брэсцкага дзяр­жаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

– Нядаўна Іна стала першай на чэмпіянаце Беларусі па цяжкай атлетыцы ў вагавой катэгорыі 87 кг сярод жанчын,  які праходзіў  на базе рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”, – гаворыць  Наталля Захарчук. – У дачкі шмат узнагарод з розных спаборніцтваў па гэтым відзе спорту.

Ганна  закончыла Кобрынскі пра­фесійны ліцэй сферы аб­слугоўвання. Цяпер працуе цы­рульнікам у прыватным са­лоне-цырульні “Шакалад” у Маларыце. Да сваёй справы ставіцца старанна і адказна,  таму і ад кліентаў атрымлівае шчырыя словы падзякі і ўдзячнасці.

Шаснаццацігадовая Марыя ў гэтым годзе, пасля заканчэння дзевяці класаў Мельніцкай БШ, паступіла вучыцца ў Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Ма­шэ­рава, выбраўшы філалагічны профіль.

– Яна хоча стаць  настаўнікам рускай мовы і літаратуры, – кажа Мікалай Захарчук. –  Між  іншым, Марыя  была трэцяй у рэйтынгу пры паступленні ў гэтую ўста­нову адукацыі.

Аляксандры чатырнаццаць га­доў. Пасля заканчэння 7 класаў Мельніцкай БШ сёлета паступіла вучыцца,  як і ста­рэйшая сястра, у Брэсцкае дзяр­жаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. Аляксандра таксама вырашыла сваё жыццё звязаць з цяжкай атлетыкай. Магчыма, і яна дасягне высокіх вынікаў у спорце.

– З намі цяпер “засталіся” дзве меншыя дачкі, – усмі­хаецца Наталля Паўлаўна. – Алена вучыцца ў сёмым класе, марыць стаць поварам-кандытарам. Дру­гакласніца  Таццяна таксама ўжо выбрала сабе жыццёвую дарогу. Яна бачыць сябе прадаўцом у вя­лікім магазіне. Дзяўчаты прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх спартыўных спа­борніцтвах, якія праводзяцца ў школе. Мо­жа,  яны  яшчэ перадумаюць  і таксама пойдуць у спорт.

Муж  і жонка Захарчукі працуюць у СУП “Хаціслаўскі”: Наталля Паўлаўна – даяркай, Мікалай Варфаламеевіч – трактарыстам. У іх, як і ва ўсіх вяс­коўцаў, ёсць дамашняя гас­­­падарка.

– Штодзённага догляду патрабуюць карова, свінні, парасяты, куры, трусы, –  гаворыць Наталля Захарчук. – Дзеці без прымусу дапамагаюць па гаспадарцы. У іх ёсць пэўнае кола абавязкаў. Іна, Ганна, Марыя і Аляксандра таксама не сядзяць склаўшы рукі,  калі прыязджаюць дадому…

Вечарам, калі выпадае ўсім разам сабрацца за сталом,  аб­мяркоўваем  зробленае,  раім­ся, дзелімся планамі на будучае.  Бачыць усмешку на тварах дзяцей – гэта і ёсць шчасце. У такія моманты забываецца ўсё адмоўнае.

*  *  *

Наталля нарадзілася і вырасла ў в.Сушытніца. Яшчэ ў класе восьмым вырашыла, што стане ткачыхай. Таму вучыцца падалася ў Брэсцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча лёгкай пра­мысловасці. На выхадныя дні прыязджала дадому. Неяк вырашыла наведаць у в. Тур (Ратнаўскі раён Украіны) сваю бабулю і цётку,  якіх даўнавата не бачыла. Так атрымалася,  што там давялося застацца нанач. Дзеля цікавасці вырашыла схадзіць на дыскатэку ў мясцовы клуб. Там Наталлю на танец запрасіў мясцовы хлопец. Яны пазнаёміліся, разгаварыліся. Хлопец адразу спадабаўся дзяў­чыне. У яе сэрцы нечакана за­паліўся агеньчык кахання. Не быў абыякавым да Наталлі і Мі­­калай.

– Я з нецярпеннем стала ча­каць чарговых выхадных, каб уба­чыцца з Мікалаем, – кажа Наталля Захарчук. –  Сустракаліся нядоўга. Хутка,  згуляўшы вяселле, сталі мужам і жонкай. Сямейнае гняздо вырашылі віць у Беларусі. На працу ўладкаваліся ў мясцовы калгас “Запаветы Леніна”. Нам,  маладой сям’і,  гаспадарка адразу выдзеліла дом. І гэта было неймавернае шчасце!

З першага дня сумеснага жыц­ця маладая сям’я  вырашыла, што ў іх доме назаўсёды паселяцца шчырасць,  сардэчнасць,  цеплыня,  узаемапаразуменне,  павага адзін да аднаго. Усё гэта маладая сям’я вырашыла стварыць разам,  дбаючы не толькі аб матэрыяльным дабрабыце,  але і аб душэўнай гармоніі, суладнасці.

* * *

– Усе нашы дочкі не падобны адна на адну, у кожнай свае звычкі і характары, – гаворыць Мікалай Варфаламеевіч. – Яны сапраўды розныя, нягледзячы на тое, што імкнемся выхоўваць іх аднолькава. Праўда, набор агульначалавечых якасцей у іх адзін і той жа. Толькі вось праяўляюцца яны ў кожнай па-рознаму. Адна – больш мяккая і падатлівая, другая – больш калючая і баявая, трэцяя – ціхая і спакойная…

У доме Захарчукоў заўсёды адчуваецца патрэба адзін у адным і бязмежная любоў.  Старэйшыя клапоцяцца пра мен­шых,  дапамагаюць ім,  падказваюць, раяць. Наталля Паўлаўна і Мікалай Вар­фаламеевіч імк­нуцца,  каб іх дзеці выраслі са­праўднымі людзь­мі.

–Неабходна з самага маленства старанна далучаць дзяцей да працы, вучыць дабрыні, спагадзе на ўласным прыкладзе, – пераканана Наталля Захарчук. – Нездарма народная мудрасць гаворыць: што пасееш у дзяцінстве, тое потым пажнеш у дарослым жыцці. Усе жыццёвыя прынцыпы закладваюцца ў  раннім узросце ад бацькоў. Яны павінны ва ўсім быць прыкладам для дзяцей, узорам. Сям’я – пачатак усіх пачаткаў.

Наш сямейны “стаж”, – працягвае мая субяседніца,  – наліч­вае ўжо 20 гадоў.  За гэты час зразумелі, што для таго, каб у сям’і панавала шчасце,  неабходна вельмі шмат працаваць над сабой. Трэба ўмець размаўляць адзін з адным, слу­хаць і чуць другога,  ісці на кампрамісы.

               Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!