Раённая бібліятэка сярод пераможцаў абласнога конкурсу (Маларыцкі раён)

Падведзены вынікі абласнога конкурсу па стварэнні віртуальных праектаў краязнаўчай тэматыкі. Маларыцкая раённая бібліятэка ў намінацыі “Спадчына” адзначана дыпломам  III ступені. Уз­нагароду ўстанова культуры атрымала  за збор матэрыялаў, яго сістэматызацыю і стварэнне электроннага рэсурсу “Вехі памяці і славы: Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Маларытчыны”.

 Арганізатарамі творчага спаборніцтва сталі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М.Горкага. Падрыхтоўкай конкурсных матэрыялаў займаўся аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі на працягу некалькіх апошніх гадоў.

–У своеасаблівай электроннай эн­цыклапедыі прадстаўлены  матэрыял аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны і акупацыйным рэжыме  на тэрыторыі Маларытчыны, аб народнай барацьбе, злачынствах захопнікаў, вызваленні нашага краю, – гаворыць кіраўнік праекта Галіна Кучына. – У конкурснай рабоце таксама ёсць раздзелы “Ма­ларытчына няскораная”, “Нашы зем­лякі на франтах Другой сусветнай”, “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна”, “Каб памяць жыла: вайна ў сэрцах нашчадкаў”. Акрамя таго, “Вехі памяці і славы” змяшчаюць падрабязную інфармацыю  пра 20 населеных пунктаў рэгіёна (гісторыю іх узнікнення і развіцця, стан у гады вайны, успаміны пра ваенны час, спісы тых,  хто загінуў , хто вярнуўся жывым…). У віртуальным праекце  не менш цікавымі з’яўляюцца і такія раздзелы, як “Вершы паэтаў Маларытчыны пра вайну”, “Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада”, матэрыялы відэаакцыі “Маларытчане чытаюць вершы паэтаў-землякоў”, фоталетапіс “Па дарогах вайны ішлі мае землякі”.

Пазнаёміцца з віртуальным праектам цяпер можна на сайце раённай біб­ліятэкі (закладка “Маларытчына ў га­ды Вялікай Айчыннай вайны”, адрас: http://maloritalib.by).

Мікалай Навумчык

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!