Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама

Эканоміка: дынаміка станоўчая
Вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Маларытчыны за І квартал 2012 года была ўдзелена асноўная ўвага. Пра вынікі развіцця эканомікі па розных напрамках расказалі ў сваіх выступленнях намеснікі старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка, Вячаслаў Федзюковіч, Віктар Сарока і Вадзім Шпетны. Перад тым, як пачаць размову, кіраўнік раёна Казімір Лапіч адзначыў, у прыватнасці, што за справаздачны перыяд у развіцці эканомікі дасягнута станоўчая дынаміка. Асабліва парадавалі прамысловыя вытворцы – аб’ём вытворчасці сваёй прадукцыі яны павялічылі амаль у тры разы, зрабіўшы добры зачын. Па выніках І квартала ў раёне няма стратных прадпрыемстваў, за выключэннем “КварцМелПрама”. Аднак сёлета гэта пакуль яшчэ планава стратнае прадпрыемства.
Сёння час такі, што трэба гаварыць не столькі пра аб’ёмы вытворчасці, а пра эфектыўнасць гаспадарання. Важна не толькі атрымаць прадукцыю, а больш важна выгадна яе прадаць. Добра склаліся, пра што адзначалі дакладчыкі, паказчыкі рэнтабельнасці продажу і ў цэлым у раёне (8,4% пры гадавым заданні +2%), і ў арганізацыях сельскай гаспадаркі (11,6% пры прагнозе 4%); і рознічнага тавараабароту (129,5% пры прагнозе 104,5%), і па экспарту паслуг (180% пры заданні 119%). Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 109,9% пры прагнозе 103,5%. Станоўчая дынаміка і па іншых паказчыках. Аднак акцэнт дакладчыкі рабілі не на тым, што сёння не выклікае сумненняў, а на тым, дзе нітачка не зусім трывалая. Напрыклад, з вялікай нацяжкай давялося выканаць прагнозы па вытворчасці і рэалізацыі мяса. Ніжэй гадавых прагнозаў і заданняў склаліся паказчыкі на інвестыцыях у асноўны капітал па ўсіх прадпрыемствах раёна, па экспарту тавараў, рэнтабельнасці продажу на прадпрыемствах прамысловасці.
Казімір Лапіч ставіў перад кіраўнікамі задачу: за агульным не ўпусціць асобнае. Па вытворчасці малака не справіліся з даве­дзеным прагнозам СВК “Рыта”, “Ланская”, “Хаціслаўскі”. Некаторыя гаспадаркі знізілі ў І квартале прадуктыўнасць кароў і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе. Звярталася ўвага і на таварнасць малака. Сёння ставіцца задача давесці ўзровень яго не менш чым да 90%. Такі рубеж дасягнуты толькі ў СВК “Гвозніца”, “Макраны”, “Чарняны”, ВСФ “Савушкіна”. Таму працаваць у гэтым напрамку астатнім гаспадаркам трэба яшчэ нямала.
На пасяджэнні асаблівая ўвага была нада­дзена будаўнічай галіне, дзе скарачэнне аб’ёмаў будаўніцтва адбілася на загрузцы галоўнай арганізацыі – ПМК-20 і абвастрыла кадравую праблему. Начальнік ПМК-20 Валерый Масюк расказаў, якія меры прадпрымаюцца, каб людзі былі заняты работай. Цяпер маларыцкія будаўнікі, акрамя аб’ектаў раёна, працуюць у Брэсце і Віцебскай вобласці.
У прынятым рашэнні па гэтым пытанні звернута ўвага кіраўнікоў на неабходнасць прыняцця неадкладных мер па апераджальнаму росту прадукцыйнасці працы над заработнай платай, рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў і бізнес-планаў развіцця арганізацый на 2012 год.

Уваходзім у лета
У раёне ў летні канікулярны перыяд плануецца аздаравіць у лагерах з кругласутачным знаходжаннем 500 дзяцей. Астатнія 700 будуць адпачываць ва ўстановах з дзённым знаходжаннем. Пра гэта паведаміла на пасяджэнні начальнік РАА Таццяна Лаўрэенка. Для кругласутачнага знаходжання будуць задзейнічаны лагер “Лукаўскі”, станцыя дзіцячага і юнацкага турызму ў в. Олтуш, Лукаўская і Макранская школы, 3 дашкольныя ўстановы. На падрыхтоўку іх будзе накіравана частка сродкаў, заробленых на раённым суботніку, які прайшоў 21 красавіка. Кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе, як плануецца, каля паўтара мільёна рублёў, з якіх бацькі будуць аплачваць толькі 10%. Перад аддзелам адукацыі пастаўлена задача да 20 мая падрыхтаваць лагеры да аздараўленчага сезона ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі нормамі, патрабаваннямі тэхнікі бяспекі, абследаваць месцы купання і адпачынку ля вады.

За дапамогай — у райвыканкам
Людміла Габрыльчук, загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян райвыканкама, расказала пра вынікі работы ў І квартале.
60 пісьмовых зва­ротаў на асабістым і выязных прыёмах паступіла ў райвыканкам. Гэта менш, чым летась. Знізілася колькасць скаргаў. З чым найбольш звярталіся грамадзяне да раённай улады? 20% ад агульнай колькасці – звароты па пытаннях жыллёвай гаспадаркі, 18% — камунальнай, 15% — сельскай. Як задавальняюцца звароты? Праблемнымі, з-за недахопу фінансаў, адзначала Людміла Уладзіміраўна, застаюцца пытанні добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, дзе праводзіўся капрамонт дамоў, змянення раскладу руху аўтобусаў, павелічэння колькасці рэйсаў у сувязі са спыненнем аўтаперавозак прыватнікамі, асабліва на макранскім і хаціслаўскім напрамках. Людміла Уладзіміраўна расказала, якая праводзілася работа па растлумачэнню заканадаўства па зваротах грамадзян. Парушэнні гэтага заканадаўства яшчэ не выкаранены, яны носяць распаўсюджаны характар. Асноўныя прычыны іх – нізкі ўзровень прававой адукаванасці як кіраўнікоў, так і выканаўцаў, а таксама недастатковы ведамасны кантроль за гэтай работай. Адзначалася таксама, што пры вырашэнні зваротаў часцей парушаліся патрабаванні аб паўнаце і ўсебаковасці разгляду скаргаў і заяў, заяўнікам адпраўлялі нематываваныя фармальныя адказы, парушаліся ўстаноўленыя тэрміны іх разгляду.
Работа па якаснаму разгляду зваротаў грама­дзян павінна быць наладжана такім чынам, каб кожная заява, за якой стаіць чалавек, разглядалася аб’ектыўна і канчаткова ў тым органе, да кампетэнцыі якога адносіцца вырашэнне пытання. Да гэтага абавязвае рашэнне райвыканкама.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.