Пячатка Чарнобыля ў лёсах

Паніка і неразуменне ў поўнай ступені таго, што адбылося, — вось як характарызуюць першыя моманты страшэннай трагедыі тыя, хто жыў зусім недалёка ад эпіцэнтра, ад Чарнобыля. Кожны раз, калі чую слова Чарнобыль, у мяне ўнутры быццам бы нешта пераварочваецца. Не раз глядзела стужкі, як мастацкія, так і дакументальныя пра Чарнобыль, не раз чытала кніжкі, у якіх змяшчаліся жудасныя ўспаміны няшчасных лю­дзей, якім давялося прайсці праз тое пекла, і кожны раз задумвалася, чаму такое здарылася? Але адказу так і не знаходзіла. З таго часу, як над нашай зямлёй павісла чорнае чарнобыльскае воблака, прайшло 26 год. Але гэты немалы адрэзак часу не змог выкрасліць трагедыі ні з нашага жыцця, ні з нашай памяці. Амаль усюды жывуць людзі, якія сталі ахвярамі Чарнобыля. Аварыя на ЧАЭС прымусіла пакінуць іх свой родны куточак. Ёсць перасяленцы і ў нашым раёне. Дамаўляючыся аб сустрэчы з сям’ёй Дзмітрыя і Наталлі Каваленкаў з вёскі Олтуш, спачатку не зразумела, чаму Наталля Філімонаўна не адразу згадзілася. А пасля, шчыра прызнацца, сорамна стала, калі пачула яе словы: “Проста душу развярэджваць не хочацца”.
Маладая сям’я Каваленкаў пераехала жыць у Маларыцкі раён у 1990 го­дзе. Разам з імі пераехалі і іх бацькі. Спачатку сям’я жыла ў вёсцы Дворышча, у зусім няўтульным маленькім пакойчыку, а пасля набылі дом і перабраліся ў вёску Олтуш. Жанчына, настаўніца беларускай мовы і літаратуры па спецыяльнасці, пайшла працаваць у дзіцячы садок, але ўвесь час марыла працаваць менавіта па спецыяльнасці, і апошнія тры гады Наталля Філімонаўна — у школе. Яе муж, Дзмітрый, быў заняты ў лясной гаспадарцы, зараз працуе ў камунальнай. Калі слухаеш Наталлю Філімонаўну, адразу становіцца зразумелым, што нічога не забыта, што са смуткам і болем успамінаецца той час.
— Ведаеце, мне вельмі балюча ўспамінаць і гаварыць аб тым, што было. Так, прайшло нямала часу, але не прайшоў боль. Спачатку, калі здарылася трагедыя, мы пераехалі ў Мазырскі раён з суседняга раёна. Нам ніхто асабліва нічога не растлумачваў, мы чулі, што гаварылі на вуліцы, і ўсё. У СМІ гэта ўвогуле ніяк не было адлюстравана. Мы не ведалі ўсёй праўды ды, напэўна, і зараз яе не ведаем. Адразу не думалі, што будзем пераязджаць некуды, але ўрачы гаварылі, што гэта патрэбна зрабіць. Выязджалі ў асноўным маладыя людзі, старэйшыя не хацелі пакідаць родную зямлю, на якой нарадзіліся, выраслі, пражылі жыццё. Мне таксама вельмі было складана вырашыць перасяліцца, але ўвесь час я гаварыла сабе, што гэта ўсё дзеля дачкі, дзеля мужа, дзеля нашага здароўя. Сяброўка мая перасялілася ў Кобрын, а нам расказалі пра Олтуш, вось так і апынуліся тут. Многія, хто паехаў, потым не прыжываліся і вярнуліся на радзіму. Дарэчы, і мая сяброўка пакінула Кобрын і вярнулася дамоў. Не, я не хачу сказаць, што нам тут дрэнна. Як-ніяк, а прывыклі ўжо, людзі тут добрыя, ветлівыя. Дачка наша ўвогуле жыве тут з 4 год, таму, напэўна, ёй тут больш радзіма, але вучылася яна ў Мазыры, ды і зараз часта ездзіць у госці да сваякоў. У нас там шмат сваякоў засталося. Увесь гэты час, што жывем на новым месцы, мне заўсёды хацелася вярнуцца дамоў, я вельмі сумую. Я, нібы адарваны лісток, хоць, здаецца, і часу нямала прайшло, а ўсё роўна сніцца дом і цягне туды. Напэўна, гэта ніколі не пройдзе. Муж не так часта аб гэтым гаворыць, ён жа мужчына, таму, мажліва, і тоіць гэта недзе ў сабе, не паказвае. Першы час, калі пераехалі, я часта плакала, але кожны раз гаварыла сабе, што так патрэбна. Раней часта ездзілі ў госці, зараз ўжо больш рэдка, але кожны раз, калі прыязджаю туды, хочацца застацца і каб нічога не было.
Калі праз некаторы час прыехалі на радзіму, пайшлі на могілкі, і я пабачыла, колькі там за кароткі адрэзак часу з’явілася новых магіл, дзе пахаваны зусім яшчэ маладыя мужчыны. Вось тады і зразумела: правільна зрабілі, што паехалі. Ведаеце, часам заплюшчваю вочы і бачу адзін і той жа жудасны малюнак. Памятаю, як некуды на павозках ехалі людзі, у іх было абавязковае перасяленне. Гэта страшна, нібы вайна. Дарога, а па ёй калона з павозак з людзьмі, іх рэчамі. Яны былі вымушаны ўсё пакінуць і бегчы, ратавацца, а ад чаго і куды, не ведалі. Я ніколі гэта не забуду, таму што гэта нельга забыць, яно баліць у маім сэрцы (расказваючы, Наталля Філімонаўна плакала, — аўтар.). У мяне, безумоўна, ёсць тут добрыя знаёмыя, але такіх сяброў, як былі там, няма. Гэта і зразумела, таму што сяброў заводзяць ў маладосці, а мая маладосць прайшла там, на маёй любімай радзіме. Здаецца, мы адна краіна, але ўсё ж ёсць адрозненні паміж людзьмі. У нас не толькі мова, дыялект адрозніваюцца, але і традыцыі крыху іншыя. Напрыклад, на нашай радзіме заведзена ля кожнага дома садзіць дрэвы, а тут такога няма. Мы з мужам заўсёды стараліся і стараемся ўкараніць на новым месцы нешта адтуль, з нашай радзімы. Любім садзіць дрэвы, а я дык увогуле захапляюся кветкамі. Калі прыходзіць вясна, я, як і ўсё, нібы крыху ажываю, бо пачынаецца праца на вуліцы, а гэта не так дае мне сумаваць. Напэўна, няма такога дня, каб не ўспаміналася родная зямля. Тое, што здарылася 26 красавіка 1986 года, вельмі страшна, і не дай Бог такому больш паўтарыцца.
Шчыра сказаць, не ведаю, што яшчэ можна дадаць да слоў Наталлі Філімонаўны, але цяпер добра разумею, што галоўнае ў жыцці. Спадзяюся, вы таксама.
Анастасія Максімук.
в. Олтуш.
На здымку: Наталля Каваленка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!