Сяброўкі, агу!

альбо Некалькі слоў пра тых, у каго добрыя сэрцайкі
Любоў да бліжняга, дабрыня, цярплівасць, уважлівасць, упэўненасць у сабе, спагада, суперажыванне. Гэтыя якасці ўласцівыя Ксеніі Кулічык, Яне Хамяк, Каці Чырук, Ксеніі Хевук з атрада міласэрнасці “Добрыя сэрцайкі” СШ №2. Іх добрыя справы ведаюць многія дзеці, якія наведваюць Маларыцкі раённы дзяржаўны Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Нядаўна прайшла сустрэча дзяцей з атрада міласэрнасці з дзяўчынкай, якая вучыцца дома і наведвае карэкцыйныя заняткі ў Цэнтры, – Алёнай Коцелевай. Мэта гэтага мерапрыемства – стварыць эмацыянальны настрой на сумесную работу, атмасферу ўзаемнага даверу і падтрымкі, якая фарміруе ў дзіцяці ўпэўненасць у сабе. А яшчэ – даць дзяўчынцы магчымасць пазносіцца з равеснікамі.
На гэтай сустрэчы дзеці рабілі разам са сваімі педагогамі — настаўніцай пачатковых класаў Т.М. Яцура і кіраўніком атрада міласэрнасці, сястрой міласэрнасці Маларыцкай Свята-Мікалаеўскай царквы Н.А.Германюк — мяккія цацкі. Удзельнічалі ў гэтым працэсе і дзеці, і дарослыя. Сумесная творчасць падказала і тэмы для агульнай размовы. Нехта паказаў майстар-клас па вырабу цацак, а нехта зрабіў свае першыя швы.
Колькі радасці, здзіўлення можна было ўбачыць у вачах дзяцей! Больш за іншых была задаволена наша Алёнка. Ад радасці яе было проста не пазнаць. Дзяўчынка паехала дамоў з падарункамі: двума вясёлымі зайцамі, прыгожай шкатулкай, зробленай рукамі вучняў СШ № 2 і падушачкай-ігольніцай у выглядзе сэрцайка, якая сімвалізуе “добрыя сэрцайкі” дзяцей з атрада міласэрнасці. Але самае незабыўнае – дзяўчынка сустрэла сябровак, аб знаёмстве з якімі яна так марыла. Як мала трэба для шчасця!? Проста мець сяброў, якія цябе падтрымліваюць, разумеюць і цэняць толькі за тое, што ты ёсць.
Іна БУЛАТАВА, педагог-псіхолаг.
НА ЗДЫМКУ: Алена Коцелева з новымі сябрамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!