Салістка, выдатніца і… візажыст. Яна Філановіч (Маларыцкі раён)

Яна Філановіч – вучаніца 11 класа Чарнянскай СШ.  Дзяўчына старанна вучыцца, з’яўляецца прэтэндэнткай на ўзнагароджванне залатым медалём пасля заканчэння ўстановы адукацыі. Яна марыць набыць спецыяльнасць юрыста-палітолага ў адной з вышэйшых навучальных устаноў Мінска.

– Каб туды паступіць і каб збылася мая мара, цяпер сур’ёзна “засела” за вывучэнне гісторыі, грамадазнаўства і беларускай мовы,  – гаворыць Яна. – З выбарам будучай прафесіі вызначылася нядаўна. Было многа варыянтаў, аднак перавагу пасля роздумаў і разваг аддала ўсё ж такі прафесіі юрыста-палітолага. Бацькі падтрымалі мой выбар.

Яна Філановіч, па словах дырэктара Чарнянскай СШ Жанны Рабчынскай,  чалавек творчы, ініцыятыўны, адказны, мэтанакіраваны. Яна на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца пастаяннай і незаменнай вядучай усіх школьных мерапрыемстваў, даручаную справу заўсёды выконвае не толькі ў тэрмін, але і якасна.

У вольны час, якога не так і многа, дзяўчына ўжо некалькі гадоў наведвае заняткі ў студыі “Music boom” (г.Маларыта). Тут Яна адшліфоўвае сваё выканальніцкае майстэрства пад кіраўніцтвам Вік­торыі Ляўчук. Набытыя ве­ды дзяўчына практычна за­мацоўвае ў ансамблі народнай песні “Чарняначка” (Чар­нянскі СДК). Яна з’яўляецца салісткай гэтага калектыву, спявае ў ім першым голасам.

– На рэпетыцыі  “Чарняначка” збіраецца два разы на тыдзень, – кажа Яна. – Іх імкнуся не прапускаць, таму што мы развучваем песні, рыхтуемся да  новых канцэртных выступленняў. Кожны выхад на сцэну да гледача для мяне – адказны і хвалюючы момант. Каб песня гучала прыгожа, напеўна, неабходны рэпетыцыі. Асабліва шмат часу калектыў праводзіў ра-зам, калі нядаўна рыхтаваўся да чарговага пацвярджэння звання “Народны”.

У ансамблі народнай песні “Чарняначка” Яна спявае з першага класа. Дзяўчынку туды прывяла яшчэ бабуля Ніна Антонаўна Філановіч,  якая сама ў калектыве была з моманту яго стварэння. Першыя рэпетыцыі дзяўчынцы вельмі спадабаліся. Неўзабаве яна ўжо выступала на сцэне ра-зам з ансамблем  падчас  канцэртаў.

– У маёй бабулі быў прыгожы, звонкі і запамінальны голас. Я любіла слухаць песні ў яе выкананні, асабліва – народныя,  якія краналі мілагучнас-цю і непаўторнасцю гучання. Бабулю лічыла сапраўднай і самай лепшай артысткай. У мяне была дзіцячая мара:  выступаць на сцэне і спяваць так, як бабуля.  Думаю, што яна збылася.

Менавіта бабуля прывяла Яну ў Чарнянскую музычную школу. Тут дзяўчынка з задавальненнем наведвала аддзяленні па вакале і харэаграфіі.

– Яна, ты ж  яшчэ прымаеш актыўны ўдзел у розных творчых спаборніцтвах. Раскажы, калі ласка,  пра свае дасягненні.

– Іх шмат. У творчых конкурсах найперш удзельнічаю для таго, каб праверыць свае творчыя сілы. У скарбонцы маіх дасягненняў за апошнія гады, напрыклад, дыплом ІІ ступені ІІ міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Музыкі свет”, дыплом ІІІ ступені  І міжнароднага конкурсу-фестывалю  мастацтваў “Мая мара”,  дыплом ІІІ ступені ІІІ міжнароднага конкурсу мастацтваў “Крыштальны ва­сілёк”, дыплом ІІІ ступені між­народнага шматжанравага фестывалю “Белавежская пушча”, дыплом лаўрэата ІІІ ступені міжнароднага  фестывалю “Мы разам” і інш. У тым, што ў мяне ёсць гэтыя ўзнагароды, значная заслуга і майго настаўніка па вакале Вікторыі Аляксандраўны Ляўчук. Шчыры ёй дзякуй за гэта!

– Яна,  з такімі дасягненнямі  варта было б, напэўна, паступаць вучыцца  на факультэт музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мас­тацтваў?

– Туды паступаць вучыцца ніколі не думала, не планавала. Змалку спяваю для душы. Народная песня для мяне – гэта найперш дасканалае сугучча музыкі і слова. Здаецца, што яна льецца недзе з глыбіні душы, нагадвае ціхую плынь рачулкі, якая цячэ між  прыбярэжных хмызнякоў. Гэта мне прыносіць задавальненне, супакойвае, натхняе на творчасць. Мне падабаецца сваімі песнямі дарыць радасць іншым, бо ўзамен атрымліваю яе нашмат больш. Думаю, што з песняю не развітаюся і надалей. Кім бы я ні стала, але спя­ваць буду заўсёды.

У Яны ёсць яшчэ адно захапленне. У будучым яна плануе адкрыць у вялікім  горадзе ўласную студыю прыгажосці “Чарняначка”. Між   іншым,  Яна закончыла курсы візажыстаў-стылістаў, мае адпаведны сер­тыфікат і пэўны вопыт, які неабходны для навядзення першакласнага макіяжу і візажу.

– Курсы навучылі мяне, як правільна прыпаднесці сябе, як падкрэсліць індыві­дуальнасць кожнага чалавека, перавагі і, калі ёсць, схаваць нейкія недахопы,  адлюстраваць накірункі моды, – гаворыць Яна Філановіч.–  Гэта неабходна для таго, каб стварыць непаўторны агульны стыль чалавека, яго манеру апранацца, трымацца ў грамадстве. Мне здаецца, што візаж – гэта выдатная магчымасць гарманічна трансфармаваць знешні вы­гляд чалавека.

Вось такая яна, чарняначка – Яна Філановіч. Асоба творчая,  песенная!

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 8
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!