Узнагарода Сафіі Дзямчук (Маларыцкі раён)

У Мінску прайшоў ІІ адкрыты музычны конкурс “Прыступкі творчасці”, арганізаваны грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз кампазітараў”. У ім прыняла ўдзел  вучаніца  Хаціслаўскага філіяла Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў Сафія Дзямчук (настаўнік Таццяна Пішчык). Па выніках творчага спаборніцтва ў намінацыі “Інструментальная творчасць. Народныя інструменты” яна стала дыпламантам ІІ ступені. На суд журы дзяўчына прадставіла рускую народную песню “Карабейнікі” ў апрацоўцы  беларускага музыканта Алы Матавіцкай.

— Сафія з’яўляецца вучаніцай 8 класа Хаціслаўскай СШ, — гаворыць яе  настаўніца  Таццяна Рыгораўна. — Акрамя таго, Сафія ўжо сёмы год зай­маецца па класе акардэона ў Хаціслаўскім філіяле. Дзяўчына мэтанакіравана ідзе да пастаўленай мэты. Сафіі хочацца набыць музычную адукацыю і працаваць настаўнікам  у музычнай школе.

Яна ўжо не адзін раз удзельнічала ў розных музычных спаборніцтвах як сольна,  так і ў складзе ансамбля.  Першым выпрабаваннем  Сафіі стаў І раённы конкурс “Юны музыкант”, які прайшоў у сакавіку 2018 г. у Маларыце. Ён падштурхнуў дзяўчыну да ўдзелу ў іншых творчых спаборніцтвах. У 2019 годзе, напрыклад, Сафія дэманстравала сваё майстэрства падчас ХІІ абласнога музычнага конкурсу “Крынічка”, на рэспубліканскім конкурсе выканальніцкіх мастацтваў “Вясёлка талентаў” (дыпламант І ступені), адкрытым музычным конкурсе “Прыступкі творчасці” ў складзе ансамбля  “Карусель” (дыпламант ІІ ступені, іграла разам з Ганнай Лук’янчук). Акрамя таго, Сафія Дзямчук прымала ўдзел у рэспубліканскім музычным конкурсе мастацтваў “Музычны феерверк” (дыпламант ІІ ступені).

Сафія Дзямчук цяпер з’яў­ляецца ўдзельніцай трох ка­лектываў Хаціслаўскага філіяла Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў: ансамбля “Карусель”,  ансамбля “Радуга”, а таксама  ансамбля лыжачнікаў “Задорники”.

— Музыка мне дапамагае быць больш упэўненай,  супакойвае, — гаворыць Сафія. — Іграць нейкі музычны твор — гэта тое ж  самае, што чытаць кнігу. Ёсць музычныя творы,  якія мне падабаюцца. Люблю іграць іх тады, калі ўзнікае нейкі неспакой. Гукі музыкі напаўняюць станоўчымі эмоцыямі, ствараюць добры настрой.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!