Адкуль узяўся лагатып “Таптышка”? (Маларыцкі раён)

“Фішка” Маларыцкага кансерва­ва­гарод­ні­на­су­шыль­нага кам­біната – кансервы на ас­нове  садавіны для дзя­цей ранняга ўзросту без кансервантаў, фарбавальнікаў, загушчальнікаў і ГМА.

– Аднак каб іх ахвотна куплялі, цяпер недастаткова адной якас­ці прадукцыі, хоць гэта мы лі­­чым адзін з самых галоўных кры­тэрыяў, – гаворыць дырэктар прад­прыемства Юрый Вітрук. – Каб быць канкурэнтаздольным на рынку, каб прадаць хутка свой тавар, неабходна найперш яго рас­пазнавальнасць і запамінанне па­купніком. Гэта з’яўляецца пра­мым фактарам уплыву на аб’ём продажу. Вельмі добра, што спажывец ус­памінае брэнд, калі  бачыць ла­га­тып і ў яго ўзнікаюць пэўныя ста­ноўчыя асацыяцыі. Выява брэн­да па­вінна лёгка запамінацца, быць яркай і арыгінальнай. Ду­маю, што гэтым крытэрыям і адпавядае наша гандлёвая марка “Таптышка”.

– Пра свой брэнд мы заду­ма­ліся напачатку 2000-ых га­доў, – гаворыць былы ды­рэк­тар камбіната Таццяна Ка­мян­чук. – Час патрабаваў, каб у прад­прыемства была свая гандлёвая марка. Гэта давала нам пэўныя перавагі. За дапамогай мы звяр­нуліся ў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Неўзабаве  нам пра­па­навалі некалькі магчымых ва­рыянтаў (узораў) гандлёвай мар­кі. На прад­прыемстве было на­ладжана іх аб­меркаванне. Боль­­шасць вы­ка­за­лася за вя­сё­лага мядзведзіка, напэўна, пры­гад­ваючы Вінні-Пуха з ад­най­меннага мультфільма. І толькі пасля гэтага дырэктар за­вода Іван Камянецкі зацвердзіў бу­дучы брэнд. Пер­шы, чорна-бе­лы варыянт у выглядзе галавы ме­дзведзяняці, якое ўсміхаецца, у авале, з надпісам уверсе “Тап­тышка”, быў зарэгістраваны ў дзяр­жаўным рэестры таварных знакаў  і знакаў абслугоўвання Дзяржаўна­га камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь 2 верасня 2003 года.

– Таццяна Уладзіміраўна, чаму быў выбраны варыянт напісання “Таптышка”? Ці няма ў слове  ар­фаграфічнай памылкі?

– Таптыгін – народна-паэ­тыч­­­­ная і жартаўлівая назва мя­дзведзя ў казках, якая звязана з паходкаю звера, з асаблівым ту­патам пры яго перамяшчэнні. Адсюль і паходзіць памяншальна-ласкальнае слова Таптыжка. Мы ж у назву брэнда ўклалі зусім іншы сэнс. Пры яго выбары зы­хо­дзілі з таго, што імя нашага медзведзяняці Таптышкі звязана не са словам «тупаць», а са словам «таптаць». У пе­раносным значэнні яно абаз­­­начае «есці многа, са сма­кам і з апетытам». На камбінаце бы­ло пры­нята рашэнне  пагадзіцца менавіта з такім напісаннем сло­ва. Ця­пер у Беларусі менавіта “Тап­тышка” асацыіруецца з дзі­­­ця­чым харчаваннем, якое вы­пускае Маларыцкі кансер­вава­га­роднінасушыльны кам­бі­нат.

– 4 лістапада 2015 года таварны знак прадпрыемства “Таптышка” быў перарэгістраваны ў На­цыянальным цэнтры інтэ­лек­туальнай уласнасці. Ён змяніў свой выгляд. Чаму? – гэтае пы­­танне задаю начальніку вы­твор­ча-выпрабавальнай лаба­ра­торыі кам­біната Кацярыне Паз­дзяйкінай.

– Сапраўды, у 2015 годзе наш таварны знак набыў сён­няш­ні выгляд – сімпатычнага медзведзяняці, якое, схіліўшы галаву ўлева, усміхаецца. Змя­­­ненне выявы брэнда пра­дык­тавана патрабаваннямі часу для таго, каб павысіць ува­гу, прыцягнуць да нашай прадукцыі як даўніх, так і новых пакупнікоў. Такі стан спраў быў прадыктава-ны актыўнай маркетынгавай  стра­тэгіяй – рэбрэндынгам.  Ад гэтага мы не маглі за­стацца ўбаку.

Кансервавагаро­дніна­су­шыль­ны камбінат не стаіць на месцы. Па словах старшыні райвы­кан­кама Міхаіла Бацэнкі, цяпер пра­працоўваецца пытанне  пас­таў­кі на прадпрыемства яшчэ адной лініі з выкарыстаннем упа­коўкі з камбінаваных ма­тэрыялаў тыпу “Паўч”. Гэта не менш чым у два разы павя­лі­чыць аб’ём пра­­дукцыі, якая вы­пускаецца. Дарэчы, пер­шая та­кая лінія тут была ўста­лявана ў 2015 годзе.

Прадпрыемства па­­­ступова па­шы­рае  рынкі збыту. Цяпер на чарзе – Гру­зія. Між іншым, таварны знак “Тап­тышкі” цяпер зарэгістраваны ў Між­­­народным Бюро Сусветнай ар­­­ганізацыі ін­тэ­лектуальнай улас­насці Між­народнай сістэмы та­варных зна­­каў (г.Жэнева) у Расіі, Ка­захстане, Кір­гізстане, Польшчы і Кі­таі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий