Раскорм” заваёўвае рынкі Расіі (Маларыцкі раён)
Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Раскорм” было заснавана ў лістападзе 2004 года ААТ “Савушкін прадукт” (г.Брэст). “Раскорм” – піянер на тэрыторыі Беларусі ў вытворчасці заменніка цэльнага сухога малака для сельскагаспадарчай жывёлы.
– Гэты год яшчэ працягваецца, але ўжо можна гаварыць, што для нас ён стаў удалым: “Раскорм” значна павялічыў аб’ёмы вытворчасці. — расказвае дырэктар прадпрыемства Вольга Галоўчык. — За змену на новым абсталяванні вырабляецца ў сярэднім ад 20 да 40 тон высакаякаснай прадукцыі. Агульны аб’ём заменнікаў малака ўсіх відаў цяпер складае 800-900 тон у месяц. Увесь прадукт, што выпускаецца, рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі і Расіі. У Мінску “Раскорм” мае свой офіс, які таксама займаецца арганізацыяй продажу прадукцыі.
З 2019 года, па словах Вольгі Галоўчык, прадпрыемства супрацоўнічае з адным з вядомых холдынгаў і вытворцаў свініны на расійскім рынку — кампаніяй “Мироторг”. Гэта сведчыць аб высокай якасці прадукцыі, якую выпускае “Раскорм”. Між іншым, кантроль за якасцю кармоў ажыццяўляецца згодна з кармавымі рэгламентамі і ветэрынарнымі патрабаваннямі Рэспублікі Беларусь. Прадукцыя, якая выпускаецца на прадпрыемстве, мае адпаведныя сертыфікаты якасці.
– Пастаўкі “Раскормам” вядуцца бесперапынна на 5 камбікормавых пляцовак Белгародскай вобласці, — працягвае Вольга Уладзіміраўна. – У месяц адгружаецца да 500 тон заменніка малака “Аграмікс”. Заваяваць давер такога патрабавальнага пакупніка было не проста! Мы таксама цяпер супрацоўнічаем і з некалькімі трэйдарамі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. У іх свае асаблівыя патрабаванні да паставак і якасці, якія “Раскорм” таксама вытрымлівае. Са жніўня 2020 года мы пачалі працаваць у Пскоўскай вобласці. Першыя пробныя 20 тон нашага заменніка малака там атрымалі станоўчыя водгукі. Цяпер вядуцца перамовы з пакупнікамі ў Калінінградзе. У планах адкрыць наша прадстаўніцтва яшчэ і ў Краснадары.
– Вольга Уладзіміраўна, колькі цяпер вашай прадукцыі рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі?
– На беларускі рынак мы пастаўляем прыкладна каля 200 тон заменнікаў малака штомесяц. Акрамя паставак нашай прадукцыі спажыўцам сыравіннай зоны ААТ “Савушкін прадукт”, “Раскорм” супрацоўнічае з буйнымі свінакомплексамі Брэсцкай і Мінскай абласцей. Акрамя таго, з верасня гэтага года мы пачалі рэалізацыю заменнікаў малака “Аграмікс” у гандлёвую сетку. У рознічным гандлі прадстаўлены толькі самыя яго запатрабаваныя віды. Наша прадпрыемства працуе і па індывідуальных заяўках.
– Вольга Уладзіміраўна, ТАА “Раскорм” цяпер не толькі выпускае і рэалізуе прадукцыю для сельскагаспадарчай жывёлы. Прадпрыемства пашырыла накірункі сваёй дзейнасці. Ці не так?
– Так. Гэта патрабаванне часу. “Раскорм” цяпер таксама аказвае паслугі па дастаўцы тавараў, займаецца грузаперавозкамі, прадастаўляе тавары для ферм: мыючыя і дэзінфіцыруючыя сродкі, сродкі для вызначэння якасці малака і апрацоўкі вымя, фільтруючыя элементы і інш…
Асноўнае багацце прадпрыемства – людзі, якія на ім працуюць. Баланс вопыту і энергіі робіць “Раскорм” цяпер прафесіянальна моцным, накіраваным на адну мэту – дасягнуць стабільнасці ў рабоце.
Напрыклад, за якасцю сыравіны і гатовай прадукцыі вось ужо 16 гадоў сочыць тэхнік-тэхнолаг Ала Хатынюк. Увесь вытворчы працэс ўсе гэтыя гады “кантралюе” загадчыца вытворчасці Кацярына Лямачка. Складаннем і выкананнем усіх графікаў паставак, дакладным і якасным афармленнем дакументаў, адгрузкамі займаецца намеснік дырэктара Андрэй Коцел. Не менш старанна і адказна працуюць і іншыя супрацоўнікі ТАА “Раскорм”.
Мікалай НАВУМЧЫК.