У ліку пераможцаў рэспубліканскай інтэрнет-алімпіяды Ульяна Шпетная (Маларыцкі раён)
Сталі вядомы вынікі VІ біялагічнай інтэрнэт-алімпіяды, арганізатарам якой стаў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У лік пераможцаў сярод адзінаццацікласнікаў увайшла і вучаніца 11 “А” класа раённай гімназіі Ульяна Шпетная (настаўнік Нелі Шпетная). Па выніках інтэлектуальнага спаборніцтва яна ўзнагароджана дыпломам II ступені.
– Доступ да заданняў алімпіяды адкрываўся ў дзень яе правядзення, у 15:00, – гаворыць Ульяна Шпетная. – Час яе выканання быў абмежаваны і складаў 180 хвілін. Прапаноўвалася 80 заданняў па розных тэмах: малекулярнай і клетачнай біялогіі, мікрабіялогіі, заалогіі і батаніцы, эталогіі, біяхіміі, фізіялогіі, эвалюцыі, экалогіі, генетыцы… Заданні па кожнай тэме ўключалі пытанні трох узроўняў складанасці: узроўню цэнтралізаванага тэсціравання, другога, трэцяга і заключнага этапаў прадметнай алімпіяды па біялогіі.
Дыплом II ступені – гэта не першая ўзнагарода Ульяны Шпетнай. У скарбонцы яе дасягненняў ёсць шмат дыпломаў, грамат, атрыманых на розных інтэлектуальных спаборніцтвах па біялогіі. Напрыклад, у маі гэтага года дзяўчына ўзнагароджана дыпломам I ступені па выніках анлайн-алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”, якую праводзіў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Летась па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі яна ўзнагароджана дыпломам I ступені і павінна была прадстаўляць Брэстчыну на заключным этапе інтэлектуальнага выпрабавання. Аднак, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, алімпіяда праводзілася толькі для вучняў адзінаццатых класаў. Па выніках абласнога злёту юных эколагаў 2019 года Ульяна таксама была ўзнагароджана дыпломам I ступені.
Цяпер дзяўчына рыхтуецца да ўдзелу ў чарговых інтэлектуальных спаборніцтвах. Дарэчы, Ульяна, як мінулагодні пераможца трэцяга этапу прадметнай алімпіяды па біялогіі, сёлета будзе ўключана ў склад каманды ад Маларытчыны, мінуючы другі этап і рэйтынгавую сістэму адбору.
Мікалай НАВУМЧЫК.