«Самае важнае — адказнасць за жыццё чалавека, давер пацыентаў і павага калег» Віктар Сезік (Маларыцкі раён)

З фельчарам на першым пасту аддзялення хуткай  медыцынскай дапамогі Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Віктарам Сезікам  дамовіліся сустрэцца ранкам, адразу пасля заступлення на дзяжурства. Быў перакананы, што гэта такі час, калі павінна быць менш за ўсё выклікаў. Аднак не пакідала сумненне ў тым, што мы зможам пагаварыць, бо ва ўмовах пандэміі “хуткая” павінна працаваць у больш напружаным рэжыме. Аднак  Віктар Ігаравіч  сказаў, што  “хуткая” заўсёды працуе ад­нолькава, у любой сітуацыі: дапамогу хворым нельга адкласці ці перанесці.

Віктар Сезік закончыў раённую гімназію, а пасля  Слонімскі медыцынскі каледж. У 2019 годзе атрымаў спецыяльнасці фель­­чара-акушэра і памочніка  ўрача па ам­булаторнай рабоце. На першае месца працы ён быў накіраваны ў Маларыцкую цэнтральную раённую бальніцу.

– Я паступаў вучыцца па мэтавым накіраванні, – гаворыць Віктар Сезік. – Таму загадзя ведаў, дзе буду працаваць. Калектыў нашага аддзялення дружны, згуртаваны, адказны… Веды, атрыманыя ва ўстанове адукацыі, мне патрэбна было, бе­зумоўна, замацаваць практычнымі навыкамі. Таму на дапамогу мне, маладому спецыялісту, прыйшлі старэйшыя калегі. Яны, пры не­абходнасці, падказвалі, раілі, дзя­ліліся сваім вопытам работы. Ніхто не адмовіў. Хочацца сказаць шчыры дзякуй усім, з кім цяпер працую, асабліва – майму настаўніку Жанне Мікалаеўне Бягеза.

Калегі Віктара Сезіка падкрэслілі, што ў яго камунікабельны характар, добрае, спагадлівае  і чулае сэр­ца, умелыя рукі, паважлівыя і шчы­рыя адносіны да кожнага хво­рага. Акрамя згаданых якасцей, маладому спецыялісту ўласцівы яш­чэ адказнасць і пастаяннае са­маўдасканальванне, уменне ад­чуць чужы боль як свой.

– Віктар Ігаравіч, чаму свой лёс вырашылі звязаць з медыцынай?

– У доме  маіх бацькоў Ірыны Аляксееўны і Ігара Рыгоравіча была багатая бібліятэка, – кажа мой су­бяседнік. – Я з задавальненнем чытаў кнігі, у якіх расказвалася пра герояў, якія здзяйснялі свае подзвігі ў імя кагосьці. Пад іх уплывам  мне таксама хацелася адчуваць сябе карысным і патрэбным людзям. Такім жаданнем я і кіраваўся, калі выбіраў будучую прафесію. Гэтая мара ўзнікла яшчэ недзе ў класе восьмым. Бацькі майму выбару зусім не перашкаджалі. Яны хацелі толькі аднаго:  каб мой выбар быў усвядомленым і праз некалькі гадоў я аб ім не пашкадаваў.

Прыкладам адданасці прафесіі для мяне сталі мае бабулі – Валянціна Іванаўна Шышук, якая шмат гадоў працавала галоўнай медыцынскай сястрой Маларыцкай ЦРБ, і Надзея Андрэеўна Сезік, якая працавала памочнікам урача-эпідэміёлага Ма­ларыцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Многім яны запомніліся па рабоце шчырымі, сумленнымі, ураўнаважанымі, тактоўнымі, ад­казнымі. У нейкай ступені на выбар  жыццёвага шляху паўплывала і тое, што мая старэйшая сястра Ганна закончыла Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт і стала працаваць псі­хіятрам у Брэсцкім абласным псі­ханеўралагічным дыс­пансеры.

…Віктар Сезік адзначае, што пасля працоўнай змены, бывае, з’яўляецца стомленасць. Асабліва калі змена была нялёгкай, давялося абслугоўваць выклікі, каб аказаць экстранную медыцынскую дапамогу тым, хто аказаўся ў кры­тычнай сі­туацыі. І часам яе кошт – вы­ра­таванае чалавечае жыццё.

– За  адну змену брыгада выезжае некалькі разоў на выклікі, – гаворыць Віктар Іга­равіч. – На сённяшні дзень у пацыентаў пераважаюць сардэчна-сасудзістыя захворванні. Калі ж па папярэдне атрыманых звестках у пацыента высокая тэмпература (падазрэнне на каронавірус), то да яго брыгада “хуткай” выязджае ў сродках інды­відуальнай абароны, аглядае яго, вызначае прычыну недамагання, аказвае першую да­памогу і прымае рашэнне аб шпі­талізацыі.

– Што, на ваш погляд, самае важнае ў фельчарскай справе?

– Найперш –  адказнасць за жыццё чалавека, давер пацыентаў і павага калег. Пэўная трывога і неспакой не адразу адпускаюць нават пасля змены. Думкі пра хворых, сапраўды, ёсць: аналізую, ці правільна зрабіў у той ці іншай сітуацыі.

Перад кожным выклікам, заўважае Віктар Ігаравіч, ён адчувае нейкае хваляванне, спрабуе спрагназаваць сітуацыю. Калі фельчар прыязджае да пацыента, то ні хвалявання, ні роздумаў  на прыняцце рашэнняў не застаецца. Бываюць сітуацыі, што лік ідзе на секунды, таму неабходна правільна паставіць папярэдні дыяг­наз,  распазнаць захворванне тады, калі сітуацыю яшчэ можна вы­пра­віць. Фельчар брыгады хуткай ме­дыцынскай дапамогі не мае права на памылку. Таму павінны быць толькі дакладныя, узважаныя і прадуманыя дзеянні, накіраваныя на максімальна хуткую дапамогу.

На жаль, нашу размову перарваў тэлефонны званок. Ні хвіліны не ма­рудзячы, Віктар Сезік накі­роў­ваецца на чарговы выклік. Раз­вітваючыся, ён па-філасофску заў­­­важыў, што ад якаснага ме­ды­цынскага абслугоўвання на­сель­ніцтва, прафілактычнай работы за­­лежыць наша здароўе, а значыць і эканамічны дабрабыт, а ў выніку якасць жыцця. А Маларыцкая  цэнт­ральная раённая бальніца дае ма­ладому спецыялісту  магчымасць сцвердзіцца ў прафесіі. Тут створаны ўсе неабходныя для гэтага ўмовы.

Вось такі ён, малады фельчар “хуткай” Віктар Сезік!    

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!