У Маларыцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаіць  больш за 7 тысяч чалавек

На ўліку ў Маларыцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаіць  больш за 7 тысяч чалавек, у тым ліку – 452 адзінокія і 2411 адзінока пражываючых пажылых грамадзян, а таксама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны,  асобы, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, інваліды, розныя катэгорыі сем’яў і  інш.

Аб тым, як працуе цэнтр, карэспандэнт райгазеты пагутарыў с дырэктарам Маларыцкага ТЦСАН Людмілай Алесік.

– Людміла Фёдараўна, якія паслугі цяпер найбольш запатрабаваны ў на­сельніцтва?

– Мы працуем у розных накірунках. Напрыклад, прадастаўляем надомныя паслугі грамадзянам,  якія маюць цяжкасці ў самаабслугоўванні. Зараз імі ахоплена 355 чалавек у 52 населеных пунктах. Непрацаздольным грамадзянам,  якія страцілі на 100% рухальную актыўнасць і здольнасць да самаабслугоўвання,  арганізавана аказанне паслугі сядзелкі. Ёй у 2020 годзе скарысталася 14 чалавек. Для сем’яў, у якіх адначасова нарадзіліся двое і больш дзяцей, і сем’яў,  якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, арганізавана аказанне паслуг няні. Карыстаецца попытам аказанне разавых сацыяльна-бытавых паслуг адзінокім пенсіянерам і інвалідам. Найбольш запатрабаваныя з іх – уборка жылых па­мяшканняў, купля і дастаўка дадому прадуктаў харчавання, гатаванне ежы, рамонт жылля. У 2020 годзе аказана 1027 платных разавых паслуг 221 гра­мадзяніну. З сакавіка 2012 года ў нас працуе “Сацыяльная швейная майстэрня” для аказання паслуг сацыяльна-ўразлівым катэгорыям грамадзян па пашыве пасцельнай бялізны і рамонце швейных вырабаў. Арганізавана работа салона “Міласэрнасць” па аказанні замежнай бязвыплатнай дапамогі. Пры гэтым салоне працуе пункт пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, якія прадастаўляюцца ў часовае карыстанне на бязвыплатнай аснове, напрыклад, мыліцы, інвалідныя каляскі, хадункі і інш. У 2020 годзе 44 чалавекі скарысталіся паслугамі пракату.

Для прадастаўлення паслугі часовага прытулку і аказання сацыяльнай, юрыдычнай, псіхалагічнай і іншай дапамогі асобам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыц­­цёвай сітуацыі, працуе “крызісны” пакой. Спецыялістамі тэрытарыяльнага цэнтра аказваецца паслуга памочніка па суправаджэнні для інвалідаў I групы з парушэннем апорна-рухальнага апарата або па зроку. Гэтую дапамогу атрымалі 5 чалавек. Таксама аказваюцца паслугі сацыяльнага патранату для сем’яў, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю (8 сем’яў), суправаджаемага пражывання для асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей,  што засталіся без апекі бацькоў (13 чалавек).

– А  чым займаюцца спецыялісты  аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту?

 – Цяпер на ўліку ў гэтым аддзяленні  знаходзіцца 84 маладыя інваліды і 95 сем’яў,  якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. На пастаяннай аснове аддзяленне наведвае 31 чалавек I  і II  групы інваліднасці і 23 чалавекі з ліку грамадзян сталага ўзросту. Для рэабілітацыі маладых ін­валідаў у аддзяленні працуюць 10 гурткоў па інтарэсах, а таксама – 3 гурткі для грамадзян сталага ўзросту. Акрамя таго,  дзейнічае клуб “Адна сям’я” для бацькоў,  якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў.

– Людміла Фёдараўна,  якія іна­вацыйныя формы сацыяльнага аб­слугоўвання на­сельніцва ёсць цяпер у тэрытарыяльным цэнтры?

– Мы не стаім на месцы. Пастаянна вывучаем запыты грамадзян  і з улікам гэтага развіваем і ўкараняем новыя формы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За апошні час у нас з’явіліся такія з іх, як, “Гасцявая сям’я” (ахоплена 23 чалавекі), “Патранатная сям’я” (29 чалавек), ёсць таксама два “Дамы сумеснага пражывання” (4 чалавекі), “Прыёмная сям’я” (6 чалавек), “Санаторый дома” (1 чалавек), арганізавана аказанне сацыяльных па­слуг адзінокім інвалідам I  групы ў форме сацыяльнага абслугоўвання ў за­мяшчальнай сям’і (4 сям’і). У сувязі з нестабільнай эпідэміялагічнай сітуацыяй з сакавіка 2020 года ў тэрытарыяльным цэнтры арганізавана работа тэлефона “гарачай лініі” па аказанні са­дзейнічання ў дастаўцы прадуктаў харчавання, прад­метаў першай неабходнасці, лекавых прэпаратаў пажылым грамадзянам і інвалідам.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!