Юрый Вітрук аб тым што турбуе: «Лёгка і проста нічога не даецца….» (Маларыцкі раён)
Дэлегат на VI Усебеларускі народны сход, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната Юрый Вітрук падзяліўся сваімі меркаваннямі напярэдадні важнай палітычнай падзеі
– Для мяне прыемная нечаканасць – стаць удзельнікам гэтай значнай палітычнай падзеі, – гаворыць Юрый Іванавіч. – Магчымасць прадстаўляць наш раён на мерапрыемстве такога маштабу – вялікі гонар і адказнасць. Тое, што турбуе сёння жыхароў краіны, турбуе і мяне. Найперш, што і як неабходна зрабіць, каб паляпшалася наша жыццё? Лічу, што цяпер самае простае і галоўнае заключаецца ў наступным: каб добра жыць, трэба лепш працаваць. А для добрай працы патрэбны стабільнасць, паступальны рух наперад, канкурэнтаздольнасць, пашырэнне рынкаў збыту… Лёгка і проста нічога не даецца. Напрыклад, без згуртаванага калектыву аднадумцаў, прафесіяналаў, якія працуюць на нашым камбінаце на канчатковы вынік, прадуманай стратэгіі развіцця, узважанай маркетынгавай палітыкі вынікаў дасягнуць нельга. Значны плюс для такіх прадпрыемстваў, як наша, падтрымка дзяржавы – Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці. Без падтрымкі не было б паступальнага руху наперад і стабільнага развіцця прадпрыемства, яго мадэрнізацыі, тэхнічнага пераўзбраення. Мяркуйце самі.
У 2000 годзе Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат быў ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Гэта дало імпульс для яго далейшага развіцця. Гадавыя вытворчыя магутнасці ў 2004 го-дзе склалі: па кансервах – 8 мільёнаў умоўных слоікаў. У 2004 годзе ў адпаведнасці з прэзідэнцкай праграмай “Дзеці Беларусі” пачалася рэканструкцыя сушыльнага цэха пад цэх дзіцячага харчавання. У 2005 годзе праведзена рэканструкцыя сушыльнага цэха пад цэх дзіцячага харчавання магутнасцю 5 мільёнаў умоўных слоікаў у год. Гэта дало магчымасць замяніць устарэлае абсталяванне на прагрэсіўнае, тэхнічна і тэхналагічна новае і эфектыўнае. Новым штуршком для развіцця камбіната стала “Праграма развіцця кансервавай галіны ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” на 2006-2010 гады”. Яна прадугледжвала далейшае развіццё вытворчасці, павелічэнне выпуску кансерваў, выкарыстанне максімальна свежай мясцовай сыравіны і паўфабрыкатаў уласнай вытворчасці. У апошні час быў уведзены ў эксплуатацыю склад для пюрэ-паўфабрыкатаў і свежай сельскагаспадарчай сыравіны, пачала дзейнічаць свая модульная кацельная. Важным крокам стала тое, што пагрузачна-разгрузачныя работы былі поўнасцю механізаваны, а ручная праца зведзена да мінімуму. Выпуск кансерваў, напрыклад, у 2020 годзе павялічыўся да 14 мільёнаў умоўных слоікаў у год.
У 2015 годзе камбінат першы ў Беларусі пачаў выкарыстоўваць упакоўку тыпу “Паўч”. У канцы снежня 2020 года пачаліся работы па закупцы другой лініі па разліву пюрэ і сокаў для дзіцячага харчавання ў гібкую ўпакоўку (пакеты тыпу “Паўч”), для якой будзе характэрна высокая ступень аўтаматызацыі, дзе ручная праца зводзіцца да мінімуму. Гэта павялічыць вытворчасць прадукцыі ў 2 разы, зменшыць кошт яе выпуску.
У 2020 годзе была мадэрнізіравана трансфарматарная падстанцыя з мэтай эканоміі і больш рацыянальнага выкарыстання электраэнергіі. Акрамя таго, замест некалькіх свідравін, якія забяспечваюць камбінат вадой на працягу значнага часу, будзе зманціравана адна новая, глыбінёй больш за 200 метраў. Будуць устаноўлены новыя помпы і сістэма аўтаматызацыі з мінімальным умяшальніцтвам рабочага персаналу. Таксама была пабудавана новая вагавая пляцоўка для ўзважвання вялікагрузнага аўтамабільнага транспарту вагой больш за 60 тон. У планах – далейшае ўдасканальван-не тэхналагічнага працэсу, стварэнне новых рэцэптур і навінак.
Рэалізацыя пералічаных планаў прадугледжвае значную суму грашовых сродкаў. Лічу, што падтрымка дзяржавай такіх прадпрыемстваў, напрыклад, як наша, забяспечыць захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Чакаю, што на Усебеларускім народным сходзе агульнымі намаганнямі будзе вызначаны дакладны і, галоўнае, эфектыўны курс развіцця дзяржавы як мінімум на новую пяцігодку.
Мікалай НАВУМЧЫК.