“Забава” Аляксандра Барысюка (Маларыцкі раён)

Забава  – слова шматзначнае. Яно абазначае актыўную дзей­насць, у выніку ажыццяўлення якой чалавек адчувае пэўнае задавальненне. А яшчэ слоўнік тлумачыць, што гэта гульня, па­цеха, жарт. Забава можа быць рознай формы. Сюды можна аднесці, напрыклад, розныя гульні, карагоды, віктарыны, спа­борніцтвы, расказванне вясёлых гісторый. А для Аляксандра Ба­ры­сюка “Забава”  – гэта дзіцячая ўзорная эстрадная студыя, якая  існуе пры ГДК.  Цяпер “Забава” для Аляксандра Мікалаевіча – гэта справа яго жыцця.

Радня ў Аляксандра Барысюка была спеўная. Бабулю, па лініі бацькі, часта запрашалі ў вёсцы на вяселлі. Добры голас мелі і сваякі па мацярынскай лініі. Ды і старэйшы брат Анатоль (цяпер кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” ГДК) быў прыкладам. У дзяцінстве Аляксандр часта заслухоўваўся народнымі песнямі – беларускімі, украінскімі, рус­кімі. Яму і самому хацелася так спяваць, выступаць на сцэне перад гледачамі. Таму “стаць артыстам” – мара з дзяцінства.

У школьныя гады Аляксандр Барысюк разам з сябрамі арганізаваў на базе Хаціслаўскага СДК ансамбль – аматарскае аб’яднанне па інтарэсах. Вучобу ў агульнаадукацыйнай школе юнак сумяшчаў з наведваннем заняткаў у Хаціслаўскай дзіцячай музычнай школе па класе “Баян”. Пасля заканчэння Хаціслаўскай СШ была вучоба ў Гродзенскім  вучылішчы мастацтваў і размеркаванне на першае месца працы ў г.Камянец. Падчас службы ў арміі выступаў у вакальна-інструментальным ансамблі “Арсенал”.

–Я ж  заўсёды хацеў працаваць толькі ў Маларыце, – гаворыць  Аляксандр Мікалаевіч. – Мне падабаўся горад, яго людзі, маляўнічыя пейзажы… Тым больш, што там мяне  чакала  каханая Вікторыя, якая пазней і стала жонкай. Адслужыўшы ў арміі,  Аляксандр Барысюк  уладкоўваецца на працу ў ГДК г.Маларыты. Спачатку быў хормайстрам і акампаніятарам студыі “Забава”, якой кіравала Наталля Караткевіч, а ў 2004 годзе яе ўзначаліў.

Праца прыносіла нейкую нязведаную раней радасць,  стварала душэўны спакой і камфорт. У ёй Аляксандр Барысюк штодзень чэрпаў задавальненне і натхненне.

Тандэм з Наталляй Караткевіч хутка даў свой плён. У 2002 годзе “Забава” першы раз атрымала заслужанае званне “Узорная”. Гэта была значная падзея ў творчым жыцці калектыву. Яна пацвердзіла меркаванне, што “Забава” вырасла прафесійна, ужо трывала стала на ногі, мае свой непаўторны голас і слухача. Паступова пашыралася і геаграфія выступленняў ка­лектыву. “Забава” стала прымаць удзел у канцэртах і за межамі раёна. Ды і творчая скарбонка дасягненняў стала пастаянна папаўняцца новымі ўзнагародамі рознага ўзроўню. Цяпер іх ужо больш за 50. Гэта, напрыклад,  дыпломы, заваяваныя на  абласным фестывалі сучаснага мастацтва “Эстрадны Mix”, міжнародным шматжанравым фестывалі-конкурсе “Самацветы”,  рэспубліканскім фестывалі-конкурсе песні ДТСААФ “Любоў да Айчыны захоўваючы…”, абласным песенным форуме “З любоўю да песні” і інш. Акрамя таго, саліст “Забавы” Аляксей Барысюк стаў фіналістам рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца-4”. Сямейнае трыа Барысюкоў у складзе Аляксандра Мікалаевіча, сына Аляксея і дачкі Сафіі стала лаўрэатам Х рэспубліканскага фестывалю нацыянальных  культур “Суквецце культур” (г.Гродна).

– Цяпер дзіцячую ўзорную эстрадную студыю “Забава” наведвае 25 чалавек ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў, – гаворыць Аляксандр Барысюк. – Гэта вучні ўстаноў адукацыі горада. Мінулы, 2020 год, быў для нас багаты на розныя  творчыя выступленні. Аднак самым значным дасягненнем стала для калектыву чарговае (у сёмы раз) пацвярджэнне звання “Узорны”. Гэта карпатлівая і напружаная праца, якая патрабуе цярпення, уседлівасці, жадання  нечага дасягнуць.

Цяпер у рэпертуары “Забавы” – песні беларускіх, рускіх, украінскіх, а таксама замежных аўтараў. У кожнага студыйца – свой рэпертуар. Таксама шмат песень выконваецца дуэтам, у складзе трыа, ансамблем. У “Забаве” значная ўвага ўдзяляецца харэаграфічнаму афармленню нумароў. Дапамагае ў гэтым  студыйцам харэограф ГДК Кацярына Джур.

– Цяпер няпростая эпідэ­міялагічная сітуацыя, – кажа Аляксандр Мікалаевіч. – Нягледзячы на гэта, мы рыхтуемся да чарговых творчых конкурсных  спаборніцтваў і выступленняў. Думаю, што хутка мы маларытчан парадуем  новым канцэртам. Дарэчы, апошнія нашы вялікія выступленні адбыліся ў лютым на сцэне ГДК (прысвечаны Дню закаханых) і ў кастрычніку 2020 года падчас Дня горада. Так што – да сустрэчы на канцэрце!

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!