Раённы этап «Снежнага снайпера» (Маларыцкі раён, фотарэпартаж)

На мінулым тыдні ў гарадскім парку прайшоў раённы этап рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У ім прынялі ўдзел вучні ўстаноў адукацыі раёна. На старт выйшлі каманды юных аматараў лыж і трапнай стральбы ў чатырох узроставых групах.

– Самай масавай была  малодшая група (11-12 га­доў), – расказвае адказная за арганізацыю і правядзен­не спаборніцтваў Аксана Краў­чанка. – У ёй за званне мацнейшых змагалася 35 вучняў.  У сярэдняй групе (13-14 гадоў) на старт вый­шла 30 вучняў, у  старэйшай (15-16 гадоў) – 31 вучань. На лыжню паспаборнічаць таксама стала  і 11 вучняў, узрост якіх  – 17 гадоў і больш. Удзельнікі “Снежнага снайпера” спаборнічалі ў бегу на лыжах і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча лежачы з упора. Некаторыя юныя снайперы прыехалі за перамогай у другі і нават трэці раз.

Зімовае надвор’е пераў­тва­рыла гарадскі парк у са­праўдную біятлонную арэну, што дадавала ўдзельнікам тур­ніру асаблівага азарту. Кожны чарговы спартсмен адпраўляўся на лыжню праз 15 секунд пасля старту папярэдняга. Дыстанцыя забегу вагалася ў залежнасці ад узросту школьнікаў: ад 1,8 да 3 кіламетраў. На трасе кожнага ўдзельніка чакалі два агнявыя рубяжы (па пяць выстралаў на кожным).

Барацьба за лідарства бы­ла напружанай. У выніковай тур­нірнай табліцы першыя месцы занялі мацнейшыя: ва ўзроставай групе 11-12 гадоў – гэта Хрысціна Губей і Уладзіслаў Мірчук (Мельніцкая БШ), ва ўзроставай групе 13-14 гадоў – Алена Захарчук (Мельніцкая БШ) і Максім Клімчук  (Чарнянская СШ), ва ўзроставай  групе 15-16 гадоў – Марына Далінка (Чарнянская СШ) і Станіслаў Пуцін (Мельніцкая БШ), ва ўзроставай групе 17 гадоў і старэйшыя – Таццяна  Ні­нічук (Вялікарыцкая СШ) і Вадзім Церашчук (СШ №2).

Зараз лепшыя маларыцкія снайперы абараняюць гонар раёна на абласных спа­борніцтвах, якія праходзяць у Баранавіцкім раёне

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!