Алімпіядныя поспехі маларытчан
У студзені праводзіўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды. У інтэлектуальным спаборніцтве прыняла ўдзел і каманда Маларытчыны. Пасля абласнога рэйтынгавага адбору гонар раёна выпала абараняць 27 вучням устаноў адукацыі па 12 прадметах: хіміі, біялогіі, фізіцы, астраноміі, працы (тэхнічнай і абслуговай), гісторыі, грамадазнаўству, матэматыцы, геаграфіі, беларускай мове і літаратуры, інфарматыцы. Між іншым, трэці этап рэспубліканскай алімпіяды праводзіўся ў Брэсце, Кобрыне, Баранавічах, Пінску, а па матэматыцы – на базе Маларыцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.
Па выніках інтэлектуальнага спаборніцтва 11 вучняў устаноў адукацыі Маларытчыны (40,7% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў) узнагароджаны дыпломамі рознай вартасці.
Дыпломы першай ступені атрымалі: вучаніца 11 класа раённай гімназіі Ульяна Шпетная – па біялогіі (настаўніца Нэлі Шпетная) і вучань 10 класа раённай гімназіі Арцём Піпко – па матэматыцы (настаўнік Таццяна Дацык). Дыпломы другой ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды сёлета апынуліся ў скарбонцы дасягненняў вучня 9 класа Ланской СШ Яўгенія Крэня – па фізіцы (настаўнік Ніна Канашук), вучаніцы 9 класа раённай гімназіі Маргарыты Федарук – па біялогіі (настаўнік Нэлі Шпетная), вучня 9 класа раённай гімназіі Яўгена Бурды – па гісторыі (выступаў за 10 клас, настаўнік Ірына Сацюк), вучня 8 класа СШ № 1 Яўгена Сымоніка – па геаграфіі (да Новага года з’яўляўся вучнем СШ № 2, выступаў за 9 клас, настаўнік Юрый Сымонік).
Дыпломамі трэцяй ступені ўзнагароджаны: вучань 11 класа Збуражскага д/с-СШ Ян Чэслак – па матэматыцы (настаўнік Ала Наўрось), вучаніца 11класа Іна Алесіюк і вучань 10 класа Даніла Марук з Лукаўскай СШ – па хіміі (настаўнік Вячаслаў Пацук), вучань 11 класа раённай гімназіі Данііл Луцык – па інфарматыцы (настаўнік Ігар Гардынец), а таксама вучаніца 11 класа Олтушскай СШ Ганна Гусак – па беларускай мове і літаратуры (настаўнік Ірына Каралюк).
Цяпер ідзе фарміраванне абласной каманды для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Ульяна Шпетная і Арцём Піпко будуць у ім прымаць удзел. Магчыма, у склад зборнай каманды вобласці трапяць яшчэ і тыя вучні, якія ўзнагароджаны дыпломамі другой ступені.
Мікалай НАВУМЧЫК.