Цудоўная пяцёрка і брыгадзір

Свае будаўнічыя брыгады створаны і працуюць сёння ў 10 гаспадарках раёна. Ёсць яна і ў СВК “Арэхава”. А з’явілася 4 гады таму назад, калі ў гаспадарцы ўзяліся за рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Тады падлічылі ўжо, што выконваць сваімі сіламі будаўнічыя работы хоць і складана, але больш танна ў фінансавым плане. Тым больш, што знайшліся спецыялісты, якія выказалі жаданне працаваць у будаўнічай брыга­дзе. Такіх аказалася 6 чалавек. Узначаліў брыгаду інжынер-будаўнік Вячаслаў Тарасюк. Сам ён закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, але някепска разбіраецца і ў будаўніцтве, мае цудоўныя арганізатарскія здольнасці, вельмі адказны і добрасумленны.
Пасуе яму і Іван Кавальчук, таксама не навічок у будаўнічай справе. Раней Іван працаваў брыгадзірам у Кіеўскім “Маналіце”, адной са сталічных будаўнічых арганізацый Украіны, дзе набыў багаты вопыт будаўніка.
Можна смела спадзявацца і на такіх работнікаў, як Леанід Луцык, Віктар Галянчук і Уладзімір Галянчук, Віктар Саўлук. Някепска зарэкамендаваў сябе і малады Уладзімір Грышын, які ў дзень нашай сустрэчы з будаўнікамі быў на экзаменацыйнай сесіі. Усе яны – майстры сваёй справы, калі трэба, могуць замяніць адзін аднаго, бо кожны валодае не толькі сваёй, але і сумежнымі будаўнічымі спецыяльнасцямі. А гэта і муляр, і бетоншчык, і тынкоўшчык, і аддзелачнік, і стропальшчык.
Цяпер брыгада на чале з Іванам Кавальчуком працуе на рэканструкцыі малочнатаварнай фермы на 400 кароў у в. Дрочава. Работы вядуцца актыўнымі тэмпамі і якасна, у чым мелі магчымасць пераканацца і мы. А для гэтага ёсць свае стымулы.
– Мы забяспечаны будаўнічымі матэрыяламі, – расказваў Іван Кавальчук, – тым больш, што некаторыя з іх, як да прыкладу, цэгла і інш. выкарыстоўваюцца ранейшыя, бо моцныя; мы разумеем, якой важнасці аб’ект і што яго да канца года трэба здаць у эксплуатацыю, матэрыяльна не пакрыўджаны.
Між іншым, з 5 чалавек, якія працуюць у брыгадзе Івана Кавальчука, двое прыезджых. Сам Іван і Віктар Саўлук. Каб замацаваць іх у гаспадарцы, кіраўніцтва СВК выдзеліла аднаму і другому добраўпарадкаваныя жылыя дамы, куды нядаўна пераехалі жыць і іх сем’і.
Ёсць і яшчэ адна немалаважная дэталь. Рабочым не трэба думаць, што ўзяць з сабою на абед, бо кормяць іх у сталоўцы, якая працуе на комплексе ў в. Дрочава. Абеды недарагія, даплачваць работнікам брыгады давядзецца ўсяго толькі 30%.
Між іншым, улічваючы вялікія аб’ёмы будаўнічых работ, кіраўніцтва гаспадаркі палічыла неабходным павялічыць будаўнічую брыгаду, і цяпер да 6 чалавек дабавілася яшчэ столькі ж. У гаспадарку прыйшлі працаваць былыя работнікі будаўнічых арганізацый Маларыты, якія паспелі пераканацца ўжо, што ў СВК яны не будуць пакрыўджаны нічым.
Рэканструкцыя Арэхаўскай малочнатаварнай фермы з будаўніцтвам нават даільнай залы, рэканструкцыя часткі памяшканняў на Дрочаўскім комплексе – гэта тыя аб’екты, дзе працавалі будаўнікі СВК. За работу на гэтых аб’ектах ім пастаўлена высокая адзнака, а значыць, падстаў не давяраць няма.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: члены брыгады Івана КАВАЛЬЧУКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ”  9.06.2012 г.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий