Дарога жыцця і тысячы кіламетраў  вайны Пятра  Краўчанкі (Маларыцкі раён)

Пятро Пятровіч – цікавы су­­бяседнік. Адразу звяр­таеш ува­гу на яго ін­тэ­лі­гентнасць, разважлівасць,  удум­лівасць, па­мяркоўнасць. Пятро Краў­чанка ўмее падтрымаць любую размову, аргументавана і спакойна даводзіць сваё меркаванне. Ды і гаспадар добры, выдатны сем’янін. Надзейны ў яго і сямейны тыл – жонка Аксана,  дачка Таццяна і сын Аляксандр. Ёсць любімая работа… На зайздрасць іншым можна сказаць: шчаслівы ча­лавек!

– Зайздросціць не варта,  – гаворыць Пятро Пятровіч, – бо кожны чалавек з’яўляецца кавалём свайго шчасця. Нель­­га сцвярджаць, што мая жыццёвая дарога гладкая і роўная. Былі на ёй і ямы з калдобінамі, выбоіны і нават абрыў. Не адразу ўсё стала атрымлівацца так,  як хацелася. Былі і суб’ектыўныя прычыны, перад якімі чалавек бяссільны.

Пятро Краўчанка нара­дзіўся і вырас у вёсцы Чамярысы Брагінскага раёна. Неўзабаве яго бацькі паехалі на заробкі ў Казахстан. Яны хацелі сабраць там грошай, каб потым набыць у Беларусі сваё жыллё. Маленькага Пятра сталі гадаваць  бабуля Марыя і дзядуля Антон. Хлопчыку заўсёды цікава было з імі.  Бабуля і дзядуля, як муд­рыя выхавальнікі,  на ўласным прыкладзе вучылі Пятра спакон вечным законам жыцця, беражлівым адносінам да ўсяго жывога,  што знаходзіцца вакол. Прывучалі ўнука змалку і да працы. Так непрыкметна праляцела амаль сем гадоў.

–А потым бацькі мяне вы­рашылі забраць да сябе, – ка­жа Пятро Пятровіч. – Памятаю, як не­калькі дзён ехалі ў цягніку ў Карасускі раён Кастанайскай вобласці Казахскай ССР. Бацька, Пятро Рыгоравіч, там працаваў трактарыстам, маці, Наталля Антонаўна, была за­гадчыцай магазіна. Мне прый­шлося прывыкаць і да новага клімату,  і да новых умоў жыцця. Калі я закончыў дзевяць класаў, бацькі вырашылі вярнуцца на радзіму.  Хацелася ў родныя мясціны і мне. У Казахстане ў нас было нажыта многае, а ў Беларусі чакала пэўная невядомасць. З наседжаных гнёздаў заўсёды цяж­ка зрывацца. Аднак на радзіму вярталіся з радасным настроем. Пачынаць жыццё ў родных месцах давялося з чыстага ліста.

Сям’я Краўчанкаў вярнулася ў Брагін. Неўзабаве яна купіла дом у райцэнтры. Пасля заканчэння сярэдняй школы Пятро пайшоў вучыцца на курсы па падрыхтоўцы ва­дзіцеляў катэгорыі “В” і “С” пры ДТСААФ.

– А  потым была служба ў арміі, – успамінае Пятро Пятровіч. – У армію ў савецкі час хацелі практычна ўсе юна­кі. Я не быў выключэннем.  Тады сорамна было, калі ў армію служыць не пойдзеш. Мяне на тэрміновую службу прызвалі 16 лістапада 1980 года і накіравалі ў вучэбку ў Талін. Пачаліся армейскія будні з фізпадрыхтоўкай у поўным абмундзіраванні. Недзе праз шэсць месяцаў на вячэрняй праверцы нам, маладым байцам,  нечакана загадалі сабраць усе свае рэчы. “Заўтра ў паход!” – сказалі.  Больш ніякай інфармацыі не было.  Ранкам нас прывезлі на чыгуначны вакзал. Мы, як пазней высветлілася, накіраваліся ў Маскву, потым далей цягніком  нас павезлі ў Ташкент. Выпадкова я даведаўся,  што далейшае маё месца службы – Кабул. Страху не было. Трохі палохала невядомасць. Мне хацелася ваеннай рамантыкі, а ў думках, да канца таго не ўсведамляючы, хацеў нават здзейсніць нейкі гераічны подзвіг. Аднак хутка гэта ўсё развеялася як дым.

Афганская старонка жыцця Пятра Краўчанкі  зацягнулася на 18 месяцаў. Ён трапіў у аўтамабільныя войскі. У Кабуле адразу папярэдзілі, што выходзіць за тэрыторыю палка катэгарычна забараняецца: смерць магла чакаць на кожным кроку.

– На баявыя заданні я не ха­дзіў,  – успамінае Пятро Краў­чанка. – У нашы абавязкі ўва­ходзіла перавозка грузаў для будаўніцтва па маршруце Кабул – Тэрмез (самы паўднёвы горад Узбекістана). Яго адлегласць складае прыкладна 480 кіламетраў. Па гэтым маршруце  (у калоне было больш чым сто аўтамабіляў) туды і назад мы праязджалі некалькі разоў на месяц. Спераду і ззаду калону абавязкова прыкрывалі зенітчыкі, часта было суправаджэнне і з паветра. Небяспека чакала на кожным кроку, асабліва на перавале Саланг, які звязваў паўночную і цэнтральную часткі Афганістана. Практычна ўсё забеспячэнне войск адбывалася праз яго аўтамабільным транспартам.

Пятро Краўчанка ўспамінае Саланг. Вышыня 3800 метраў над узроўнем мора. Тунэль даўжынёй недзе з 2,7 кіламетра,  шырынёй 6 метраў, вышынёй 4,7 метра. Дзве дарогі спускаюцца з Саланга: на поўнач – да савецкай мяжы і на поўдзень – да Кабула. А з гор часта прабіраліся маджахеды. Яны разумелі: падарваць тунэль – перакрыць кісларод ўсёй 40-й арміі. Гэтую дарогу называлі “дарогай жыцця”.

Саланг быў адным з тых месцаў у Афганістане,  дзе за­гінула шмат савецкіх салдат. Усе, хто ехаў па той дарозе, ба­чылі на ўзбочынах падбітыя танкі,  БТРы,  грузавікі… Душманы не спынялі спробаў пе­ракрыць гэтую дарогу на працягу ўсёй вайны. У гарах, з іх незлічонымі пячорамі і падземнымі хадамі, яны рабілі засады, нечакана з’яўляліся і бясследна знікалі ў падзямеллях.

У Пятра Краўчанкі не раз  над галавой свісталі кулі. Быў з ім і такі выпадак.

Падчас чарговага руху па маршруце Кабул – Тэрмез калона спынілася. Пятро залез пад машыну, каб паглядзець, што там, як яму здалося, пастуквае. Нечакана нешта гучна празвінела. На Пятра раптам палілося гаручае. Гэта  куля прабіла бак. Яна прайшла за сантыметраў дзесяць ад яго галавы.

На перавале Саланг цяжка было дыхаць. За адзін дзень па горнай дарозе спускаешся амаль да падножжа гор і падымаешся на вышыню да трох з паловай кіламетраў:  не кожны альпініст вытрымае такія перагрузкі. Летам ўнізе такая спякота, што вада ў радыятары рухавіка закіпала. На перавале надвор’е змяняецца рэзка,  асабліва зімой. Часам за паўгадзіны выпадала да метра снегу.

Бацькі спачатку не веда­лі, што Пятро служыць у Афга­ністане. Яны па-ра­нейшаму пісалі пісьмы ў Та­лін. Не атры­маўшы некалькі ад­казаў на іх,  сталі хвалявацца. І толькі калі пісьмо прыйшло з Афганістана, бацькі трошкі супакоіліся. У пісьмах з Кабула Пятро пісаў, што ўсё добра. Нічога дрэннага паведаміць не мог: цэнзура дасканала перачыт­вала ўсе пісьмы, якія накіроўваліся ў СССР. Ужо дэ­м­абілізаваўшыся,  Пятро неяк  пераглядаў свае пісьмы з Афганістана, якія захоўвала маці. Ён заўважыў,  што некаторыя месцы ў пісьмах былі выразаны ці  замаляваны так,  што немагчыма было прачытаць.

– Пятро Пятровіч, а што вам дапамагала служыць у няпростых умовах у Афганістане?

– Надзея, што са мною бу­дзе ўсё добра. Сагравалі пісьмы родных,  падтрымлівалі землякі-аднаслужыўцы. З адным з іх, Васем,  мы разам прызываліся з Брагіна,  потым служылі ў адным палку. Васіль быў поварам ў афіцэрскай сталовай. Бывала, што вечарамі ён запрашаў мяне ў сталовую  і накрываў “багаты” стол. Я ніколі не выкраслю га­ды вайсковай службы ў Афга­ністане. Яны загартавалі характар, навучылі разбірацца ў людзях і заўсёды разлічваць найперш на свае сілы.

16 мая 1982 года тэрмін службы ў Афганістане ў Пятра Краўчанкі закончыўся. Перад ад’ездам на радзіму яму выдалі 460 рублёў. Жывы і здаровы Пятро Краўчанка вярнуўся ў родны Брагін. Пачалося мірнае і спакойнае жыццё. Юнак уладкаваўся на працу вадзіцелем у мясцовую сельгастэхніку, сустрэў сваё каханне. Здавалася, што ўсё  наладзілася. Аднак аварыя на Чарнобыльскай АЭС нечакана парушыла ўсталяваны і звыклы  ўклад жыцця. Маладой сям’і давялося стаць вымушанымі перасяленцамі. Так сям’я Пятра і Аксаны Краўчанка апынулася ў Маларыце. І зноў Пятру Пятровічу давялося ўсё пачынаць з нуля на новым месцы…

Вайна ў лёсе кожнага з воі­наў-інтэрнацыяналістаў па­кінула свой адбітак, глы­бокі след. Афганістан па-ра­нейшаму баліць і ў сэрцы Пятра Краўчанкі. Гэты пякучы  боль нічым не суняць.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!