Вынаходнікі з Арэхава (Маларыцкі раён)
У Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці адкрылася выстава тэхнічнай творчасці. На ёй прадстаўлены работы навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах “Юны тэхнік” і “Тэхнічная творчасць”.
Многія работы здзіўляюць сваёй арыгінальнасцю, нечаканасцю задумкі і творчым падыходам да выканання. Уражвае, напрыклад, набор “Мэбля механіка”, які зроблены навучэнцамі Андрэем Карнелюком і Арцёмам Ярмалюком (ідэя Андрэя Сацюка) у асноўным з адпрацаваных запасных частак для трактароў і аўтамабіляў. Захапленне выклікае і станок наждачны, кармарэзка і іншыя работы.
Прадставілі сваю сумесную работу на выставу і навучэнцы 79-й групы Іван Хоміч і Арцём Ярмалюк.
–Пад кіраўніцтвам Юрыя Рыгоравіча Ківачука на працягу месяца мы рэалізоўвалі свой праект – рыхтавалі станок для рэзкі металу і керамаграніту, – гаворыць Іван Хоміч. – Спачатку ўзнікла ідэя, якая пасля абдумвання перарасла ў чарцёж, набыла канкрэтныя абрысы. Пасля дэталёвага прадумвання ўсіх этапаў работы пачалася самая адказная яго частка – ажыццяўленне задуманага.
–Мы зыходзілі з таго, што наша вынаходніцтва павінна быць практычным і запатрабаваным – мець канкрэтнае выкарыстанне ў паўсядзённым жыцці, –кажа Арцём Ярмалюк. – Бываюць жа сітуацыі, калі неабходна адрэзаць метал ці керамаграніт пад вуглом 45 ці 90 градусаў. Не раз і нам падчас заняткаў у аб’яднанні па інтарэсах неабходна было “прыгожа” і правільна адрэзаць метал. Так узнікла ідэя сканструяваць адпаведны рэжучы станок. Мы з Іванам паспрабавалі, у нас атрымалася.
–У аснове вырабу – звараная каркасная рама з профільнай трубы, – расказвае Юрый Рыгоравіч. – Аднак самая галоўная яго дэталь – карэтка з падшыпнікамі, у якой замацаваны рэжучы інструмент разам з напраўляючай робіць паступальна-вярчальныя рухі. Для Івана і Арцёма, думаю, працэс вынаходства, рацыяналізатарская дзейнасць і тэхнічная творчасць ужо сталі часткай жыцця. Цяпер юнакі часта затрымліваюцца ў майстэрні, каб хутчэй рэалізаваць задуманае, сканструяваць новыя свае вынаходніцтвы.
Між іншым, Іван Хоміч і Арцём Ярмалюк – не проста аднагрупнікі. Яны – сапраўдныя сябры і аднадумцы. Юнакі разам – з дзіцячага сада. Пасля заканчэння адзінаццаці класаў Арэхаўскай СШ яны вырашылі паступаць вучыцца ў Маларыцкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, каб набыць спецыяльнасці “Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С” і “Электразваршчык ручной зваркі”.
– Я вырас у аграгарадку, – гаворыць Арцём Ярмалюк. – Таму ведаю, што работа на зямлі здаўна была ў пашане. Гэта пачэсная справа. Працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якія дасягнулі лепшых вынікаў, штогод уганароўваюць на раённых, абласных і рэспубліканскіх «Дажынках».
–З набытымі спецыяльнасцямі, перакананы, мы не згубімся ў сучасных рыначных умовах, – разважае Іван Хоміч. – Яны цяпер запатрабаваны. Пасля заканчэння ўстановы адукацыі дзяржава нам прадаставіць гарантаванае першае працоўнае месца. А гэта надзейны старт для самастойнага жыцця, ажыццяўлення запланаванага. Думаю, што мы зможам заняць годнае месца ў грамадстве.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкага прафліцэя Аксаны Мірчук, лепшыя з прадстаўленых работ журы ўстановы адукацыі адбярэ для ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Мікалай НАВУМЧЫК.