Вытворчасць кітайскай вакцыны супраць каранавіруса могуць лакалізаваць у Беларусі

Вытворчасць кітайскай вакцыны супраць каранавіруса могуць лакалізаваць у Беларусі, паведаміў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас урачыстай сустрэчы самалёта з Пекіна з гуманітарным грузам.

Самалёт з Пекіна са 100 тыс. доз вакцыны ад каранавіруса прызямліўся сёння ў Мінску. Паводле слоў міністра, «гэта вельмі важны для нас момант і толькі першы этап ва ўзаемадзеянні з кітайскімі калегамі па пастаўцы вакцын і магчымай лакалізацыі».

Дзмітрый Піневіч заўважыў, што «вакцына вельмі добрая, яна інактывавана». Па механізме дзеяння яна адрозніваецца ад расійскай, якая цяпер закупляецца і плануецца да вытворчасці ў Беларусі. «Наша стратэгія — мець пул вакцынавых прэпаратаў, якія дадуць магчымасць у поўнай меры адказаць на эпідэмічныя выклікі, якія ёсць у рэспубліцы», — дадаў ён.

Кітайскі бок прадаставіў вакцыну бязвыплатна ў мэтах прадаўжэння дамоўленасцей Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, дасягнутых падчас тэлефоннай размовы 26 студзеня 2021 года. Міністр таксама адзначыў важную ролю ўрадаў і пасольстваў дзвюх краін.

«Беларусь першай з краін паставіла гуманітарны груз, калі пандэмія закранула Кітай. Калі эпідэмічная сітуацыя пачала развівацца ў Беларусі, мы адчулі значную падтрымку нашых кітайскіх сяброў. З 20 найбуйнейшых гарадоў, правінцый, аўтаномных акруг да нас у краіну паступала дапамога ў выглядзе вырабаў медыцынскага прызначэння, ахоўных касцюмаў, тэст-сістэм», — адзначыў Дзмітрый Піневіч. Такое супрацоўніцтва ён назваў «адной з яркіх старонак, якія пацвярджаюць стратэгічныя ўзаемаадносіны паміж дзвюма нашымі дзяржавамі».

Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн заўважыў: гуманітарная дапамога прадастаўляецца ў знак сяброўскіх пачуццяў да беларускага ўрада і народа. «Спадзяёмся, што кітайская вакцына, эфектыўнасць і бяспека якой пацверджаны многімі краінамі свету, можа адыграць актыўную ролю ў барацьбе беларускіх людзей з эпідэміяй», — сказаў ён.

Сумеснае процістаянне пандэміі стала яркім момантам супрацоўніцтва Кітая і Беларусі, дадаў пасол.

Цяперашняя дапамога Кітая беларускаму боку — крок па рэалізацыі важнай заявы старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Се Сяаюн нагадаў: Кітай вырашыў прадаставіць міжнароднаму механізму COVAX пад эгідай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) 10 млн доз вакцын ад каранавіруса.

Цяпер Кітай экспартуе вакцыну ад COVID-19 у 22 краіны і яшчэ больш за 40 краін знаходзяцца ў чарзе, каб яе купіць.

Вакцына вытворчасці «Сінафарм» з’яўляецца першай адобранай у Кітаі для выхаду на рынак Дзяржаўным фармацэўтычным упраўленнем КНР і ўжо актыўна прымяняецца ўнутры краіны. Паводле ацэнак кітайскага боку, вакцына ад каранавіруса COVID-19, распрацаваная кампаніяй «Сінафарм», пры выпрабаваннях паказала 79,34 працэнта эфектыўнасці.

belta.by

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!