Жыхары вёскі Ляхаўцы звярнуліся з хвалюючымі пытаннямі да кіраўніка раёна (Маларыцкі раён)

Сустрэча жыхароў вёскі Ляхаўцы з кіраўніком раёна Міхаілам Бацэнкам адбылася на мінулым тыдні. На сходзе, які быў праведзены 17 лютага ў сельскім Доме культуры, узнімаліся разнастайныя пытанні як агульнаграмадскага ўзроўню, так і непасрэдна ўмоў жыцця ў Ляхаўцах.

Найперш прайшло абмеркаванне далейшага будаўніцтва водаправода, якое будзе вес­ціся сёлета. Па інвестыцыйнай праграме Брэсцкай вобласці на гэта выдзелена 150 тысяч рублёў. У сваю чаргу сабралі пэўныя сродкі і жыхары вёскі, бо рэалізацыя праекта прадугледжана на долевым удзеле. Міхаіл Бацэнка адзначыў, што ўсё зроблена, каб  пабудаваць водаправод максімальна танна. “Гэта не той праект, дзе ка­мунальнікі могуць зарабіць, — сказаў кіраўнік раёна. — Грошы, як выдзеленыя дзяржавай, так і сабраныя людзьмі, прапаную захоўваць на асобным банкаўскім рахунку, што дазволіць прадстаўнікам кааператыва адсочваць затраты на будаўніцтва. У яго працэсе будзе бачна, колькі пойдзе на гэта грошай, што застанецца – усё вернецца людзям…”. З чым прадстаўнікі членаў кааператыва і пагадзіліся.

Таксама на сходзе было ўзнята пытанне і расчысткі дарог у вёсцы. У прыватнасці, былі нараканні на тое, што вуліцу Партызанскую не чысцяць. Кіраўнік ДРБУ №179 Юрый Алексяюк прымаў удзел у сходзе і ўзяў пытанне на кантроль. У сваю чаргу Міхаіл Бацэнка  звярнуў увагу на тое, што такіх моцных снегападаў даўно не было, і як дарожнікі, так і камунальнікі працавалі ў напружаным рэжыме. Зразумела, што ў першую чаргу надавалася ўвага дарогам, па якіх найбольш інтэнсіўны рух, дзе знаходзяцца сацыяльныя аб’екты і ад якіх залежыць жыццезабеспячэнне грамадзян.

Хвалюе вяскоўцаў і работа стаматалагічнага кабінета, які ёсць у ФАПе. Ён працуе толькі адзін раз на тыдзень, што з улікам попыту недастаткова. Таксама былі ўзняты пытанні закупу малака і вулічнага асвятлення.

Міхаіл Леанідавіч запэўніў, што пытанне па рабоце ста­маталагічнага кабінета будзе вывучана. Што датычыцца за­купу малака, то неабходна вы­светліць, колькі вяскоўцы гатовы здаваць прадукцыі, каб прадметна размаўляць з прадпрымальнікам з Кобрына, які і займаецца закупам малака ў нашым раёне. Тым больш, што ёсць станоўчы вопыт работы. Ак­рамя гэтага,  кіраўніком раёна дадзена даручэнне пра­весці інвентарызацыю ву­лічнага асвятлення па вёсцы, і яно павінна працаваць у ад­паведнасці з сацыяльнымі стандартамі.

Падрыхтаваў Аляксей Грушэвіч.   

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!