НАДЗЕЙНЫ ПРЫЧАЛ

…Маці сваю Марыя Паўлаўна не ведае і ніколі не бачыла. Яна памерла на чацвёрты дзень пасля родаў. Малюсенькую і кволенькую дзяўчынку выходжвалі яе старэйшыя сёстры, можна сказаць, самі яшчэ дзеці: адной было 11, другой 8 гадоў.
— Яны мне ўжо дарослай прызнаваліся,  — расказвала Марыя Паўлаўна, — што хацелі,  каб я памерла, каб не мучыла іх. Але Бог даваў дзяўчынкам сілу, а мне – здароўе.
Дзяцей у сям’і было сямёра, таму бацька ў хуткім часе прывёў у хату гаспадыню. Гаспадыню, але не маці. Бо нават бязмежнай дабрыні мачаха не заменіць самага роднага чалавека, не дасць дзецям столькі цяпла і ласкі, колькі тая, што нарадзіла, і не прыгалубіць так, і не пашкадуе так.
У 13 гадоў Марыя пайшла працаваць, а ў 17 выйшла замуж. Спадабалася яна, сама прыгажуня, такому ж  прыгожаму і чарняваму Сямёну, які вельмі часта наведваўся да сваёй сястры, што жыла ва ўкраінскім сяле Гута. Яна ад родзічаў яго ведала, што Сямён – хлопец не з кепскіх, кемлівы і працавіты, таксама выхоўваўся ў сям’і, у якой было шасцёра дзяцей. Вяселле справілі. Сямёну — бацькі,  а Марыі — сёстры. І вось ужо 50 гадоў яны жывуць у пары,  дапамагаючы адзін аднаму, уступаючы адзін аднаму, давяраючы адзін аднаму, паважаючы і шануючы адзін аднаго. І работу хатнюю разам робяць, і ў лес па грыбы і ягады разам едуць,  і на агародзе разам працуюць. Выгадавалі 5 сыноў, пажанілі, маюць 9 унукаў. Усе яны вельмі дружныя паміж сабой, пра бацькоў не забываюць.
— Сын, ён таксама ў нашай вёсцы жыве, дык той штодзённа забягае, калі на работу ідзе, — расказвала Марыя Паўлаўна, — каб праведаць, як мы тут. І ўнучкі прыходзяць. «Бабуля, — кажуць, — ты нічога сама ў хаце не рабі, мы табе ўсё што трэба, зробім». Ніколі не пройдзе, каб не зайсці, і нявестка. Яна мне, як дачка, — прызнавалася Марыя Паўлаўна.
А на праваслаўныя святы, Раство Хрыстовае і Вялікдзень, па даўняй традыцыі, усе з’язджаюцца ў бацькоўскі дом. Ён для іх быў і ёсць тым пачаткам пачаткаў, на­дзейным прычалам,  дзе цябе чакаюць і табе заўсёды рады.

НА ЗДЫМКУ: у гаспадарцы Марыі Паўлаўны і Сямёна Нічыпаравіча, акрамя іншай жыўнасці, ёсць і ўласны конь. Ён — вялікая падмога для іх, бо ў грыбы і ягады ездзяць на ім, ды і па гаспадарцы ён надта выручае.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!