Камфорт ад Валковічаў

1. Візітная картка
Ну як можна не захапляцца чалавекам, які, назапасіўшы ўласны капітал, разумна ўкладвае яго ў нейкую справу, карысць ад якой – не толькі самому сабе, але і іншым; мае залатыя рукі, ініцыятыўны, не стамляецца ствараць вакол сябе прыгожае?! А ў дадатак да гэтага – вельмі таленавіты: яму пад сілу і ажыццяўленне цікавых інжынерных задум, і сакрэты работнікаў амаль усіх будаўнічых спецыяльнасцей, ды і не толькі іх.
Ну, як не захапляцца чалавекам, які добра ведае нацыянальныя і культурныя традыцыі, гатовы падзяліцца сваімі ведамі гісторыі роднага краю, яго народных звычаяў і традыцый, які добра знаёмы з прыродным патэнцыялам сваёй краіны?!
А ведаеце, хто гэты чалавек? Сяргей Міхайлавіч Валковіч, брэстаўчанін, былы ваеннаслужачы, якога цяпер можна назваць жыхаром в. Гусак і з якім нам хочацца сёння вас пазнаёміць.

2. Жаданне – палова поспеху
І ён, Сяргей Валковіч, пачынаў з жадання. Яму, карэннаму гараджаніну, даўно хацелася мець свой уласны дом дзе-небудзь у спакойнай ціхай вёсачцы каля рэчкі. А тут і добры выпадак выпаў. Бабуля завяшчала зяцю Сяргея Міхайлавіча невялікі драўляны дом у в. Гусак. Разам аформілі ўсе дакументы і выношвалі ідэю пабудаваць побач свой, сучасны, таксама драўляны.
Заказаў праект у Германіі, які, між іншым, аказаўся ў ліку самых дасканалых праектаў па цеплазберажэнні, купіў стары з брусу дом у Замшанах, дакупіў лес і распачаў работы.
— Я сам быў і галоўным інжынерам, і прарабам, і падсобным рабочым, — расказвае Сяргей Міхайлавіч. – 3 гады мы гэты дом будавалі і ў жніўні мінулага ў яго ўсяліліся. А затым прыйшла ідэя стварыць тут такі куточак, куды і іншыя маглі б прыехаць, каб адпачыць ад гарадскога шуму і мітусні. Прырода тут і так чароўная, заставалася тое-сёе дабудаваць: лазню, альтанку, спальныя пакоі для адпачываючых і г.д.

3. На розны густ і кашалек
Як вядома, аграэкатурызм – гэта часовае знаходжанне грамадзян РБ, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах з мэтай атрымання паслуг, што аказваюцца суб’ектам аграэкатурызму для адпачынку, аздараўлення, азнаямлення з прыродным патэнцыялам рэспублікі, нацыянальнымі і культурнымі традыцыямі без заняткаў працай, прадпрымальніцкай, іншай дзейнасцю.
Што можа прапанаваць сваім гасцям Сяргей Валковіч? Па-першае, гасцей могуць прыняць адразу чалавек да 30, з начлегам – 15. Варыянтаў шмат, на розны густ, як кажуць, і кашалёк. Па-другое, іх могуць камфортна размясціць у гасцявым доме, дзе ёсць сучасныя з густам абсталяваныя пакоі, кухня-сталоўка, банкетная зала, хатні кінатэатр. Па-трэцяе, турысты могуць прыгатаваць стравы самастойна, а могуць скарыстацца паслугамі гаспадыні ці зрабіць заказ. Як пераканаліся гаспадары, вялікі попыт у адпачываючых, асабліва замежных грамадзян, на беларускую кухню, малочныя прадукты, што гаспадары набываюць у мясцовых жыхароў. Галіна Міхайлаўна Валковіч гатова выканаць любы заказ. Прынцып у яе просты: усё павінна быць свежанькім, ніякага захоўвання ў халадзільніку. Цэны абгаворваюцца індывідуальна. Дарэчы, на іх турысты яшчэ не скардзіліся.

4. Для аматарау спакойнага адпачынку
Аматарам спакойнага адпачынку спадабаюцца прыгожыя прыродныя куточкі; а гэта і невялікая рачушка Рыта, што працякае побач і дзе можна палавіць рыбку; мноства зялёных насаджэнняў, дзе звычайна любяць пасяліцца птушкі, якія гатовы падарыць кожнаму аматару прыроды свае любімыя і непаўторныя мелодыі, што не могуць не кранаць душу; гэта і кветнікі, і сад, і дубовая алея.
А калі ў некага з’явіцца жаданне больш даведацца пра птушку – сімвала Беларусі, — бусла, паназіраць, чым жыве яна і як размяркоўвае свой працоўны дзень, хадзіць далёка не трэба. Гаспадар па ўласнай ініцыятыве запрасіў да сябе ў двор і буслоў, змайстраваўшы ім буслянку. І яны, пераканаўшыся ў яго гасціннасці, прапісаліся тут назаўжды. Рэдка дзе можна ўбачыць і такі калодзеж, што змайстраваў Сяргей Міхайлавіч. Калодзеж адно, а вада ў ім – другое. Яна – кварцава-крэмневая. Менавіта таму многія з гасцей у якасці падарунку просяць наліць лішні бутэль ці два чысцюткай і смачнай вады.

5. Мясцовы этнаграфічны музей
Вы ніколі не былі ў этнаграфічным музеі? Навярстаеце ўпушчанае таксама тут, на сядзібе Валковічаў. Сяргей Міхайлавіч не паляніўся і сабраў у вяскоўцаў рэдкія экспанаты, якімі нашы бабулі і прабабулі карысталіся ў сваім побыце, а цяпер проста недзе ляжалі і перашкаджалі. Пералік іх вельмі вялікі, ад сярпоў да цвікоў, а таксама зброі, што выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях. Неабходна заўважыць, што своеасаблівы этнаграфічны музей Сяргей Валковіч стварыў… на столі павеці перад уваходам у лазню. Хочаш — не хочаш, а, не заўважыўшы, не пройдзеш, бо надта ўжо зацікаўліваюць і афармленне, і экспанаты “музея”. І пра кожны экспанат гаспадар можа расказваць бясконца і цікава.

6. Лазня – проста клас
А лазня – проста клас! Руская, з венікам. Праўда, тут ёсць і пакоі для адпачынку, аж на 20 чалавек. А яшчэ – камін, тэлевізар. Добры настрой і бадзёрасць вам абавязкова нададуць такія атрыбуты, як ільняны ручнік, што пасцелены на паліцы ў парылцы, зрэзы ядлоўцу, якім абуладкаваны сцены і пах якога ну проста чаруе.
Словам, аказаўшыся на сельскай сядзібе Сяргея Валковіча, госці не адчуюць ніякага дыскамфорту, бо ўмовы тут і для пражывання, і для адпачынку, як кажуць, цывілізаваныя.

7. Карысныя прагулкі
Ні аб чым не пашкадуюць і аматары рыбнай лоўлі. Бо атрымліваць задавальненне ад любімага захаплення яны могуць не толькі на рэчцы Рыта, што побач з сядзібай, але і на возеры Лукаўскім, на рыбгасе, што не вельмі далёка ад вёскі.
Мы ўжо гаварылі, што да любой справы Сяргей Валковіч падыходзіць творча і не стамляецца прыдумваць для адпачываючых новыя віды забаў. Цяпер, да прыкладу, аматары язды на конях могуць скарыстацца такой магчымасцю, а заадно і яшчэ лепш пазнаёміцца з тутэйшымі мясцінамі. Можна праехаць і на веласіпедах – такая прагулка дасць не менш карысці.

8. Шалаш для дваіх
Выношвае Сяргей Міхайлавіч і шмат новых задум. Для тых, хто любіць адзіноту, а, мабыць, для жаніха і нявесты, пачаў будаваць шалаш побач з рэчкай. Выкарыстоўваць будзе прыродны матэрыял. Пакуль жа рыхтуе яго.
Ну і, як вядома, наведаўшы сядзібу, пакрыўджанымі не застануцца і аматары шашлыкоў. Гаспадар прадумаў усё да драбніц. Тут цэлая шашлычная паляна, гатовая для арганізацыі пікніка, з прыгатаваннем страў на вогнішчы, ёсць мангал, барбекю.
Сяргей Міхайлавіч і тут будаваў усё па ўласным праекце, а таму ажыццёўленая ідэя атрымалася цікавай і арыгінальнай. Як і альтанка з дахам з чароту; арэлі, для якіх была выкарыстана драўляная лаўка.
У гасціннасці Сяргея і Галіны Валковічаў пераканаліся ўжо многія, у тым ліку і іншаземцы. Толькі словы ўдзячнасці яны гаварылі на развітанне і абяцалі прыехаць яшчэ.
Мы ж, завяршаючы экскурсію па аграсядзібе Валковічаў, прызнаемся, што сапраўды былі ў захапленні ад убачанага, ад гасціннасці гаспадароў, ад іх нястомнага жадання дарыць людзям добры настрой.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Гусак.
НА ЗДЫМКАХ: райскія куточкі на сядзібе Сяргея ВАЛКОВІЧА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!