Дабрадушная Алеся

…Арэхава засынае. Па вуліцах імчаць рэдкія аўтамабілі, якія святлом фар выхопліваюць кроны дрэў. Стомлены вечар Алесі Мішковай, а перарабіць давялося нямала – есці згатаваць, дзяцей накарміць, адпрасаваць бялізну і сукенкі ў сад і школу, спаць пакласці – дапасуе сёння яе настрою. Дзень быў напружаным на ФАПе – выклікі, прыёмы, працэдуры, водпуск лякарстваў і г.д. Ды ці бываюць яны лёгкімі ў медыка, які неабыякавы да чужога болю? Участак, што абслугоўвае Арэхаўскі фельчарска-акушэрскі пункт і дзе вось ужо амаль 10 гадоў працуе фельчарам Алеся Мішкова, уключае 6 вёсак – няхай сабе і не густанаселеных, але ўсё ж туды трэба дабрацца, падчас і хутка, калі нехта чакае тваёй дапамогі. Каля 1200 жыхароў на ўчастку. Фельчару трэба ведаць кожнага. Не толькі ведаць, якімі цялеснымі хваробамі яны хварэюць, але і сацыяльнымі. Так-так. Гэтага не схаваеш. Бо не ўсе з разуменнем ставяцца да свайго здароўя, вядуць належны лад жыцця. Даводзіцца не надта ліберальнічаць з такімі пацыентамі, прама ў вочы казаць, што іх чакае ў недалёкім будучым, калі яны не адмовяцца ад шкодных звычак.
Фельчар на ФАПе – гэта і доктар, і псіхолаг, і дарадчык, і памочнік.
Алеся Мішкова – выпускніца Пінскага медыцынскага каледжа, якая прыехала ў Арэхава па размеркаванню, можа бясконца расказваць пра сваю любімую прафесію. А яна выпрабоўвала жанчыну на стойкасць, рашучасць, смеласць, міласэрнасць не раз. Колькі было такіх сітуацый, калі спатрэбіліся гэтыя якасці.
– Памятаю, – расказвае Алеся, – як у вёсцы здарылася ДТЗ, у якім пацярпелі дзве жанчыны. Іх мужы “прыляцелі” на ФАП і бадай што ў стане шоку не маглі нічога растлумачыць, а толькі крычалі:
– …Там, там… аварыя!
Разам жанчын, у адной з якіх была чэрапна-мазгавая траўма, даставілі на ФАП. Алеся не разгубілася: зрабіла перавязкі, аказала першую медыцынскую дапамогу, выклікала “хуткую”. На шчасце, усё абышлося.
А ў час, калі настае сезон грыпу і захворванняў рознымі прастудамі, фельчар сядзіць як на парахавой бочцы. Асабліва ў гэты перыяд бываюць бяссоннымі ночы. Выклікаюць больш да дзяцей. На ўчастку іх 196, 7 дзяцей ва ўзросце да 1 года.
Алеся не забудзе, як сёлетняй зімой у адну з начэй нават ні на хвілінку не давялося прылягчы: усю ноч была на выкліках: бацькі ўстрывожана, у роспачы тэлефанавалі – то ў дзіцяці высокая тэмпература, то яно душыцца ад кашлю, то дыхаць наогул не можа. Прыйшла дамоў ужо ранкам. Дзяцей, а іх у Алесі двое, адправіла ў сад і школу, а сама зноў на работу. І зноў чакалі клопаты, і зноў чужы боль прымала як свой.
На ФАПе працуюць усяго 2 чалавекі – фельчар і санітарка. Аднак і па медыцынскіх паказчыках, і па санітарнаму ўтрыманню гэтая ўстанова адна з лепшых на сяле. Па выніках мінулага года Арэхаўскі ФАП у аглядзе-конкурсе на лепшае структурнае падраз­дзяленне ЦРБ заняў І месца, пра што сведчыць і Грамата ў кабінеце Алесі Мішковай.
Што ўтрымлівае медыцынскага спецыяліста ў Арэхаве? Бо адпрацавала ж абавязковыя 2 гады і не паехала нікуды ў горад, тым больш, што жыллём забяспечана не самым лепшым: дом, дзе атрымала невялічкую кватэру, даўно просіць рамонту.
Адкідваючы песімістычны погляд на праблему, вырашэнне якой зацягнулася на доўгі час, Алеся з уласцівымі ёй упэўненасцю і аптымізмам гаворыць:
– Арэхава вельмі цудоўная вёска. Працавітая. І дзеці мае тут прывыклі. І я да людзей прывыкла. Ведаю ўсе іх “балячкі”. А ўмовы работы на ФАПе добрыя. І калі адразу, як прыехала сюды, мабыць, недзе ў душы і абмяжоўвала сваю перспектыву застацца тут, цяпер нават не ведаю… Усё-такі 10 гадоў прайшло. Не горшых гадоў жыцця.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: фельчар з Арэхава Алеся МІШКОВА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 16.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий