У Хаціславе нядаўна здымалі праграму «Наперад у мінулае» (Маларыцкі раён)

“Наперад у мінулае” – праграма, якая выходзіць на тэлеканале “Беларусь 3” і прысвечана спрадвечнай песеннай культуры Беларусі. Кожны выпуск яе – справаздача аб экспедыцыі ў глыбінку, дзе яшчэ захавалася беларуская фальклорная спадчына. Напрыканцы лютага здымачная каманда гэтай праграмы пабывала ў аг.Хаціслаў. Дарэчы, гэта ўжо другі прыезд да хаціславян. Першы адбыўся ў чэрвені 2018 года. Тады ў ваколіцах аграгарадка здымаўся ўнікальны самабытны абрад “Іванавы ягады”, які тут захаваўся.

–Цяпер жа мы прадставілі яшчэ дзве рэканструяваныя  мясцовыя  традыцыі – абрады “Хрэсьбіны” і “Пярэзвы”, – гаворыць загадчыца  Хаціслаўскага СДК Галіна Хомік, якая стала ініцыятарам іх адраджэння, галоўным збіральнікам,  сцэнарыстам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам. – У спадчыну ад продкаў мы атрымалі духоўнае багацце, якім можам ганарыцца перад цэлым светам. Недаравальна будзе страціць такую самабытную,  унікальную і багатую народную спадчыну,  як наша. Аднак пакуль жывуць яшчэ у вёсках людзі, якія з’яўляюцца носьбітамі аўтэнтычных звычаяў і абрадаў, ёсць шанц іх адрадзіць.

Здымкі праграмы “Наперад у мі­нулае” праходзілі ў Хаціслаўскім СДК і самім аграгарадку. Ролю маладых бацькоў у абрадзе “Хрэсьбіны” выконвалі Таццяна Хомік і Сяргей Галянчук, кумоў – Юлія Галянчук і Антон Амелянчук, бабкі – Галіна Бенясюк. Артыстамі сталі і ўдзельнікі народнага ансамбля песні і музыкі  “Хаціславяне”: Алена Краўчук, Вольга Ківачук, Алена Чэрнікава, Алена Мірчук, Эдуард Пішчык, Вячаслаў Краўчук, Віктар Галавій.

Галіна Іванаўна Хомік расказвае:

–Калі гаварыць пра абрад “Хрэсь­біны”, то неабходна нагадаць, што  падчас хрышчэння родныя бацькі дзіцяці ў храме не прысутнічалі. Хрышчэнне – гэта таінства, духоўнае нараджэнне чалавека. Таму маці і бацька дзіцяці павінны былі на некаторы час саступіць сваё  месца духоўным бацькам – куме і куму. Між іншым, існавала павер’е, што хросныя перадаюць хросніку частку свайго лёсу. Таму запрашалі быць імі людзей жыццярадасных, абавязкова сямейных, у якіх ёсць уласныя дзеці.

Пакуль у царкве выконваўся абрад хрышчэння, у хаце рыхтаваўся святочны абед. Калі коратка, то адноўлены сцэнарый абраду “Хрэсьбіны” ў нас такі. У хаце (спецыяльна стылізаваны для гэтага быў адзін з кабінетаў СДК) маці са старэйшымі дзецьмі чакае, калі кум і кума прывязуць Варвару з царквы пасля хрышчэння. У гэты час прыходзіць бабка-павітуха, прыязджае радня з в.Мельнікі. Усе рыхтуюцца да сустрэчы немаўляці. З’яўляюцца кумы, перадаюць дзіця бацькам. Гаспадыня ўсіх запрашае за стол, дзе апрача іншых страў  ёсць яешня са скваркамі і кісель. Пачынаецца застолле, якое перарываецца жартамі, песнямі і танцамі. Затым прысутныя  выкупляюць бабіну кашу – адорваюць бацькоў дзіцяці чым могуць, разыходзяцца.

“Хрэсьбіны” спрадвеку ўяўлялі са­­бой стройны рытуал, які быў насы­чаны разнастайнымі магічнымі і за­баўляльныя дзеяннямі і прыёмамі. Гэта мы і імкнуліся адрадзіць і  паказаць.

–Галіна Іванаўна,  што такое “Пярэзвы”?

–Хаціслаўская вясельная традыцыя таксама багатая і разнастайная. Асаблівае месца ў ёй займаў абрад  “Пярэзвы”, ці “Перазовы” (ад слова зваць, клікаць да сябе ў госці). Калі коратка, то сутнасць яго ў тым, што на трэці дзень вяселля госці маладой прыязджалі ў дом маладога. Прыезд “пярэзваў” абавязкова суправаджаўся песнямі,  жартамі, танцамі. “Пярэзване” часта прыходзілі са сваёй пераапранутай маладой,  у ролі якой звычайна выступаў юнак. Госці сесці за стол адразу не маглі, таму што на парозе іх чакалі бацькі маладога. Разыгрываўся “цэлы спектакль”…

Абрад “Пярэзвы” здымаўся ля аднаго са старых дамоў Хаціслава. Артыстамі зноў сталі ўдзельнікі народнага ансамбля песні і музыкі  “Ха­ціславяне”. Між іншым, гэты абрад захаваўся і ў іншых населеных пунктах Маларытчыны да сённяшняга дня. Звычайна праз тыдзень пасля вяселля бацькі маладога запрашаюць да сябе бацькоў маладой паглядзець, як жыве іх дачка ў доме мужа.

–Галіна Іванаўна, калі гледачы могуць убачыць  хаціславян у праграме “Наперад у мінулае”?

–Плануецца, што на тэлеканале “Беларусь 3” праграма “Наперад у мінулае” з нашым абрадам “Пярэзвы” выйдзе ў эфір 28 сакавіка, а з абрадам “Хрэсьбіны” – 11 красавіка. Запрашаем усіх жыхароў раёна далучыцца да невычэрпнай крыніцы нашай народнай спадчыны.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!