МАЙСТАР СПАДЧЫНЫ

Цікавы чалавек і субяседнік – Анатоль Ігнатавіч Дзямянка з в. Дарапеевічы. Духоўна багаты, адукаваны, таленавіты, адданы роднаму куточку, дзе нарадзіўся і жыве. Жыве не толькі для сябе.
Часта задаешся пытаннем: ці шмат чалавеку трэба?
Шмат, упэўнены Анатоль Ігнатавіч, калі жыць і працаваць не толькі для сябе, але і для іншых, каб пакінуць пасля добры след, пражыць так, каб людзі добрым словам успаміналі.
У культурным, інтэлігенцкім асяродку Анатоль Ігнатавіч – чалавек паважаны як сярод дарослых, так і сярод моладзі. Настаўнік, гісторык, фалькларыст, музыкант. Чалавек, неабыякавы да роднай культуры, мовы. Чалавек, які захапляецца мінулым, сабраў і працягвае збіраць для нашчадкаў (у Анатоля Ігнатавіча яшчэ кілаграмы неапрацаванага матэрыялу) неацэнны скарб багатай спадчыны роднага краю. У шматлікіх папках і альбомах – старыя фотаздымкі, легенды, друкаваныя матэрыялы і рукапісы, ад якіх не адарвацца: яны – сама гісторыя, дух таго часу, у якім жылі продкі. Мы сядзім у цяньку дрэва ў двары дома. Анатоль Ігнатавіч, захлёбваючыся, бясконца можа адкрываць усё новыя таямніцы гісторыі, жыцця навакольных вёсак. Як вось гэту.
Ёсць у Малых Дарапеевічах вялікі, напалавіну зламаны дуб. Даўжыня акружнасці ствала яго – 8 метраў. Колькі дрэву гадоў – невядома. Ніхто не памятае, калі ён быў зламаны і як. Па знешняму выгляду дрэва бачна, што гэта было вельмі даўно. А легенду пра зламаны дуб, якую запісаў у 2005 годзе Анатоль Ігнатавіч і якая растлумачвае гэтае здарэнне, ведаюць цяперашнія старажылы вёскі. У іх толькі запытайся, і яны пацвер­дзяць, што гэта так і было.
А было гэта так.
Даўным-даўно, яшчэ ў царскія часы, служыў у вой­ску малады рэкрут з вёскі Заор’е па прозвішчу Чаквін. Службу ён нёс у Далёкай Сібіры. Аднойчы летам салдаты ішлі маршам да месца прызначэння. Стаміліся і каля невялікага сялення размясціліся на прывал. Хацелася піць, і служывыя разышліся па хатах. Чаквін таксама зайшоў у невялікі домік, дзе яго сустрэла маладая жанчына. Выглядала яна незвычайна. Стройная постаць, чорныя пранізлівыя вочы, такія ж чорныя, як смоль, косы, белы прыгожы твар. Погляд яе вачэй, здавалася, пранізвае цябе наскрозь. Уся хата абвешана пучкамі высушаных траў. Чаквін, калі ўвайшоў у дом, павітаўся, хацеў перахрысціцца, але іконы на сценах не ўбачыў. Гаспадыня запрасіла сесці, падала вады і павяла гутарку. Яна пачала распытваць, адкуль служывы родам. Чаквін стаў расказваць і вельмі здзівіўся, калі гаспадыня, усміхнуўшыся, сказала, што ведае тыя мясціны і была там. Затым яна спытала, ці даводзілася яму бываць у вёсцы Застаў (так тады называліся Малыя Дарапеевічы) і ці не бачыў ён, ці стаіць там сярод вёскі зламаны дуб. Салдат адказаў, што не даводзілася бачыць. Далей жанчына расказала, што калісьці каля Застава яна гуляла сваё вяселле, разгулялася надта са сваімі сяброўкамі і ў танцы зачапіла абцасам сваёй туфелькі за вяршыню вялізнага дуба ды зламала яго.
Чаквін ад здзіўлення і страху не ведаў, што гаварыць, а жанчына раптам звонка рассмяялася, аж затрасліся сцены, і некуды знікла. Збянтэжаны салдат вярнуўся да сваіх і нікому нічога не сказаў, каб не смяяліся з яго.
А калі скончыўся тэрмін яго службы і ён вярнуўся ў родныя мясціны, то спецыяльна пайшоў у Застаў на тое месца, пра якое яму расказвала жанчына. І, о дзіва! Сярод вёскі сапраўды стаяў вялікі тоўсты дуб, напалавіну зламаны нейкай вялікай сілай. Стаіць гэты дуб і цяпер у вёсцы.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 20.06.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!