Вытканы галоўны ручнік

Нядаўна раённы Цэнтр народнай творчасці запісаў на свой рахунак яшчэ адзін значны поспех. Тут народная майстрыха Сцепаніда Сцепанюк, жыхарка в.Дарапеевічы, выткала ручнік — адзін з галоўных атрыбутаў і сімвалаў абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2010”,  які пройдзе ў нашым горадзе. Над сваім рукатворным, без перабольшання, шэдэўрам Сцепаніда Аляксееўна, кіраўнік гуртка “Цудадзейны чаўнок”, чаравала амаль месяц, бо выткаць ручнік памерам 2 м на 36 см з прыгожым і сакавітым узорам – праца нялёгкая. Але ёй,  чалавеку чуйнаму, назіральнаму, з высокім мастацкім густам, гэта аказалася пад сілу. Спачатку быў распрацаваны эскіз,  а потым Сцепаніда Сцепанюк стала ўвасабляць задуманае на справе. Хутка прапанаваны малюнак дакладна перанесла на ручнік.
Па словах Валянціны Струнец,  дырэктара Цэнтра, зараз па заказу райвыканкама тут вырабляюць сувеніры для абласнога мерапрыемства. Над гэтым актыўна працуюць дзеці, якія займаюцца ў гуртках ткацтва,  вышыўкі,  саломапляцення, бісерапляцення, мастацкага роспісу (усяго ў гэтым занята 45 чалавек). Усе вырабы адлюстроўваюць тэму дажынак. Да жніўня неабходна многае паспець зрабіць. Але ўжо сёння радуюць вока вышытыя ручнікі і сурвэткі з маларыцкім арнаментам, саламяныя лялькі з сярпом і каласкамі ў руках, букецікі з бісеру, куды ўваходзяць 2 валошкі,  2 каласы і зялёны ліст. Акрамя таго, прыгожай атрымалася і сувенірная дошка “Жняя”.
23 мая пройдзе штогадовы фестываль абрадавага фальклору “Скарбы зямлі маларыцкай”, у якім возьмуць удзел усе ўстановы культуры раёна. Яны на суд журы прадставяць абрад “Дажынкі”. На аснове лепшага будзе распрацаваны сцэнарый для абласнога мерапрыемства. І яшчэ адзін цікавы факт. Усе ўдзельнікі нашага раёна на абласных дажынках будуць у касцюмах маларыцкага строю. На сённяшні дзень яны ўжо ёсць ва ўсіх мастацкіх калектывах Маларытчыны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сцепаніда Сцепанюк з галоўным ручніком будучых дажынак.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!