БЯСПЕКА ПАЧЫНАЕЦЦА З ДЫСЦЫПЛІНЫ

Дзень аховы працы, які праводзіцца ў раёне ўжо трэці раз, зноў сабраў разам спецыялістаў па ахове працы і кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна. Адкрываючы яго, першы намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Федзюковіч засяродзіў увагу на тым, наколькі важна памятаць пра ахову працы пастаянна, а не тады, калі здарылася няшчасце, і стварыць такія ўмовы, якія б маглі засцерагчы чалавека ад небяспекі, ад яго асабістай неасцярожнасці, цаной якой нярэдка бывае жыццё.
Знаёмства з той работай, што праводзіцца ў раёне па ахове працы, пачалося з наведання Маларыцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Наведаўшы тэрыторыю машыннага двара, майстэрню, бытавыя памяшканні, удзельнікі выязнога пасяджэння змаглі ўбачыць тыя ўмовы, у якіх працуюць людзі, як захоўваецца і абслугоўваецца тэхніка. Стварыць добрыя ўмовы ў памяшканнях, што эксплуатуюцца амаль трыццаць гадоў, як адзначыў, праводзячы экскурсію па тэрыторыі, дырэктар УП “Маларыцкае ПМС” Валерый Парчэўскі, вельмі няпроста. Рамонтныя работы вырашана было пачаць з майстэрань, дзе цяпер ёсць усё неабходнае для бяспечнай працы і адпачынку. Але ў пытанні аховы працы стварэнне бяспечных умоў – толькі палова справы. Другая палова прыпадае на пастаянны кантроль за дысцыплінай у калектыве. А таму ў час дыскусіі, якая завязалася, абмяркоўвалася неабходнасць праводзіць на прадпрыемстве не толькі перадрэйсавыя, але і паслярэйсавыя абследаванні вадзіцеляў і трактарыстаў, распрацаваць сваю сістэму стымулявання тых работнікаў, якія выконваюць усе патрабаванні бяспекі працы.
З карысным вопытам таго, як арганізаваны на прадпрыемстве кантроль за парадкам і дысцыплінай, знаёміліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння на другім аб’екце – у Маларыцкай райаграпрамтэхніцы. Цікава было даведацца, як з дапамогай відэаназірання арганізавана на тэрыторыі прадпрыемства ахова, якая дае магчымасць не толькі змагацца з крадзяжамі, але і дысцыплінуе работнікаў. Добрыя ўражанні і перакананасць у тым, што ў Маларыцкай РАПТ сапраўды значную ўвагу надаюць пытанням аховы працы (ўжо сёлета на набыццё спецадзення і сродкаў абароны прадпрыемства зрасходавала 27 мільёнаў рублёў), пакінула пасля сябе наведванне цэха майстэрань, пункта тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і трактароў і кабінета аховы працы, дзе ёсць усё неабходнае: і стэнды з інфармацыяй, і куток з узорамі спецадзення, і нават трансляцыя відэаўрокаў, якія вучаць правільна паводзіць сябе на рабочым месцы.
З арганізацыяй умоў працы ў жывёлагадоўлі ўдзельнікі семінара знаёміліся на базе малочнатаварнай фермы ў вёсцы Сушытніца. Наведванне даільнай залы, утульных бытавых памяшканняў пераконвала ў тым, што на сучаснай ферме створана спрыяльная атмасфера для высокаэфектыўнай і бяспечнай працы.
Па традыцыі ўдзел у раённым дні аховы працы, рэкламуючы свой тавар – спецадзенне і супрацьпажарнае абсталяванне, прынялі прадпрыемствы “Дзіона” і “О.С.К. ТрансСервіс”.
Усё ўбачанае і пачутае было прааналізавана на пасяджэнні, якое адбылося ў Хаціслаўскім Доме культуры. На асноўных аспектах таго, як рэалізуецца на тэрытарыяльным узроўні Закон аб ахове працы, спыніўся намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па ахове працы Эдуард Кандзярэшка. Больш за 2,7 мільярда рублёў, як адзначыў ён, было затрачана летась у раёне на мерапрыемствы па паляпшэнні умоў аховы працы. І хоць зроблена многае, але пакуль далёка не ўсё. Ёсць яшчэ праблемы з забяспечанасцю спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай аховы. У цэлым па раёне гэтая лічба складае 82%, але ў некаторых сельгаспрадпрыемствах не дасягае нават 50%. Застаецца нізкай і лічба праходжання тэхагляду.
Аб многіх недапрацоўках службы аховы працы прадпрыемстваў раёна яскрава расказала фотапрэзентацыя, кожны слайд якой дэманстраваў канкрэтныя недапушчальныя прабелы ў арганізацыі работы па папярэджанні вытворчага траўматызму.
Менавіта абыякавасць у такім важным пытанні, як ахова працы, і з гэтым былі згодны ўсе ўдзельнікі пасяджэння, прыводзіць да непапраўнага. Так, летась у раёне адбылося 9 няшчасных здарэнняў, 5 з іх – з цяжкім вынікам. У большасці выпадкаў у тым, што з імі здарылася, былі вінаваты самі работнікі, якія грэбавалі правіламі бяспекі. А вось галоўная прычына таго, што склалася падобная сітуацыя, – у адсутнасці працоўнай дысцыпліны. На неабходнасць узмацніць патрабавальнасць кожнага, пачынаючы ў першую чаргу з сябе, звярнуў увагу, узяўшы слова, пракурор вобласці Сяргей Хмарук, які прыняў удзел у раённым Дні аховы працы.
Падагульніўшы размову, на канкрэтнай сістэме мер па зніжэнні вытворчага траўматызму, распрацаванай у раёне, спыніўся галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Хатынюк.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час наведвання аб’ектаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 20.06.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!